У Гродне расказалі пра генерацыю творчай актыўнасці

Праекты крэатыўнай групы сайту Generation.by і іх асабістыя былі адзначаныя шматлікімі ўзнагародамі на беларускіх і замежных фестывалях рэкламы і камунікацый, творчых конкурсах ды прэміях. 

Праект “Як чуецца, так і малюецца” нарадзіўся з-за дзвюхмоўя ў Беларусі.

 

Гэтая серыя ілюстрацый пра адметнасці беларускай мовы была ўзнагароджана першым месцам на фестывалі рэкламы і камунікацыі Ad.nak.

 

Распачалося ўсё з “кубачка гарбаты”, які расеец успрымае як кубачак “горбатый”. Затым Вольга пачала шукаць іншыя адметнасці нашай мовы, якія не зразумее рускамоўны чалавек. Кожны малюнак Вольга грунтоўна абдумвала, потым малявала ў нататніку і на камп’ютары.

 

Юра і Вольга займаюцца не толькі ілюстрацыямі. Яны зрабілі праект інтэрактыўнай анімацыі “Спальны раён сталіцы”.

 

Праект уяўляе сабой малюнкі шматпавярховікаў з кватэрамі, куды можа “зайсці” карыстальнік і паназіраць, што там адбываецца.

 

Ва ўсе праекты стваральнікі стараюцца закласці нейкую сацыяльную праблему. Напрыклад, у адной з анімацый “Спальнага раёна сталіцы” у кустах стаіць дзяўчына без станіка – акурат перад стварэннем анімацыі рух Femen праводзілі сваю акцыю.

 

А калі перад Новым годам многім музыкам забаранілі выступаць у Беларусі, у адной з “кватэр” вечарына праходзіла пад забароненых ужо “Ляпісаў”.

 

Яшчэ адзін мульцік, які паказалі Вольга і Юры, – пра цяжкасць працы журналістаў у Беларусі.

 

– Чамусьці людзі думаюць, што калі ты журналіст – ты павінен быць гатовы да пераследу, быццам гэта частка працы.

 

Мы лічым, што трэба не дапусціць, каб пераслед стаў нармальнай з’явай, – заявілі сталічныя госці.

 

Арт-праект, які набыў шырокую вядомасць – “Freedom on Paper”. 25 сакавіка 2011 года Вольга і Юры зладзілі арт-перформанс на вуліцах Мінску.

 

У той час, калі пачаліся арышты і людзі баяліся выйсці на вуліцы, Вольга намалявала маленькіх чалавечкаў з бчб-сімволікай і “прагулялася” з імі па горадзе.

 

Выявы адмыслова малявалі акварэллю па тонкай паперы, каб стварыць эфект кволасці. Тады фота-рэпартаж «Бел-чырвона-белае на вуліцах Мінску»  зрабіў фурор у інтэрнэце і стаў “фота дня” на расейскіх сайтах. 

 

Пазней ён атрымаў Гран-пры ў намінацыі ”Лепшы камунікацыйны праект” і 1-е месца ў “Грамадзка-значных праектах у галіне мастацтва і культуры” на фестывалі Ad.nak.

 

У межах таго ж праекту ствараліся выявы забароненых музыкаў (праект “Забароненыя музыкі выступілі на буйнейшых пляцоўках гораду”) і выявы ў знак салідарнасці з Украінай.

 

Наступныя серыі рабілі на камп’ютары для большай трываласці і магчымасці распаўсюду анлайн.

 

Адзін з праектаў быў створаны для папулярызацыі беларускай мовы. Generation.by знайшлі беларускамоўных людзей, якія жывуць за мяжой і часам нават ніколі не былі ў Беларусі. Як аказалася, часта вывучаюць беларускую мову хлопцы – з-за таго, што закахаліся ў беларускіх дзяўчат. Яшчэ адна прычына – зацікаўленасць беларускай рок-музыкай і літаратурай.

 

Апошні праект, які прэзентавалі Воля і Юры – “Гарадскія драмы”.

 

– Цікава, што пасля з’яўлення адной ілюстрацыі (дзе стаяць “голыя” дрэвы – заўв. аўт.) выйшла пастанова пра тое, што прыбіраць можна толькі пэўную колькасць лісця. З экалагічных прычын – мерзне зямля, няма куда хавацца насякомым.

 

Але ў Расеі пасля такой пастановы дворнікі пачалі красці лісце, бо ім плацяць за кілаграмы. Хто ведае, можа і ў нас пачнуць.

 

Слухачы так зацікавіліся, што Воля і Юры яшчэ расказалі пра некаторыя камерцыйныя праекты.

 

– У нас часта пытаюцца, як ствараюцца праекты і колькі часу гэта займае. Валанцёрскія праекты для сябе можна стварыць за некалькі сутак. А вось заказы ад кампаній часам робяцца тыднямі ці нават месяцамі. 

 

На сустрэчы можна было набыць кубачкі, магніцікі і паштоўкі ад Generation.by. Творцы хочуць прадаваць сваю прадукцыю і ў гарадзенскіх крамах. Пакуль перамовы ідуць з галерэяй “У майстра”, крамай “Ткалля” і “Крамай Ц”.