Жанчыну ў прэзідэнты: меркаванні гарадзенак

|

У бягучым годзе беларусаў чакаюць чарговыя прэзідэнцкія выбары. Асаблівасцю сёлетняй перадвыбарчай кампаніі безумоўна з’яўляецца большая актыўнасць жанчын-палітыкаў. Упершыню у гісторыі незалежнай Беларусі адным з кандыдатаў у прэзідэнты можа стаць жанчына.  Пра тое, што гэта азначае для нашай краіны і ці можа жанчына быць добрым і эфектыўным кіраўніком – разважаюць гарадзенкі.

 

Святлана Рапецкая,

загадчык аддзела перыядычных выданняў Гродзенскай абласной навуковай бібліятэкі імя Я.Ф. Карскага

 

Жыццё не стаіць на месцы, усё развіваецца і, відаць, наша краіна дайшла да таго моманту, што няма ўжо такіх жорсткіх  гендарных забабонаў. Нават часам так здараецца, што пры выбары кандыдатаў на высокія пасады перавагу аддаюць жанчыне, як дбайнай гаспадыні. Я лічу, што гэта добры знак і вялікі крок наперад у развіцці краіны. Такая, дарэчы,  тэндэнцыя назіраецца  ў цэлым свеце. Таму ацаніць гэту сітуацыю магу толькі як станоўчую, бо раней жанчыне было складана не толькі недзе выбіцца, але і наогул – выказаць сваю пазіцыю, не кажучы ўжо пра тое, каб яе адстойваць. Такім чынам, можна сказаць, што  усё ідзе да лепшага.

 

Калі разважаць пра магчымасць жанчын кіраваць, то з уласнага досведу працы як пад кіраўніцтвам мужчын, так і пад кіраўніцтвам жанчын, магу сказаць, што жанчына лепей бачыць у сваёй працы нейкія моманты гаспадарчыя, крытычна ставіцца да агульнага уражання, якое робіць падначаленая ёй установа, таксама вялікім плюсам жанчыны-кіраўніка яўляецца меньшая жорсткасць. Хаця… ёсць і жорсткія жанчыны, і больш мяккія і лаяльныя мужчыны–кіраўнікі. Усё залежыць не толькі ад пола, але і ад канкрэтнага чалавека.  Сказаць хто лепей –  немагчыма, бо ўсе мы людзі, усе мы розныя. 

 

А што тычыцца сучасных жанчын, то канешне, яны сталi мацнейшымi, больш упэуненымi, здольнымi браць на сябе адказнасць не толькi за сябе, сваю сям’ю, але яшчэ i за цэлую краiну. А гэта сведчыць пра іх вялікую адказнасць i  разуменне сучаснай сутуацыі.

 

Магчыма, гэтыя змены звязаныя з распаўсюджаннем ідэй гендарнай роўнасці. Але як бы там не было,  гэты факт застаецца фактам.

 

Вольга Кузіміч, кіраўніца прыватнага прадпрыемства

На маю думку, усё ж такі мужчына павінен быць прэзідэнтам. Жанчына таксама можа быць ва ўладзе, быць дырэктарам, дэпутатам. Прэм’ер-міністрам нават. Таксама важную ролю жанчына можа адыгрываць як жонка высокапастаўленага палітыка ці першая ледзі краіны. Але у ролі прэзідэнта я ўсё ж такі бачу мужчыну, бо жанчынам часта уласцівыя змены у настроі, эмоцыі ў іх могуць часам стаяць вышэй за цвярозы розум.  Гэта не тыя рысы характару, якія патрэбны палітыку. Мужчыны часцей здольныя захоўваць спакой не гледзячы на абставіны. Нават на прыкладзе сямейнага жыцця такія высновы можна зрабіць. У крытычнай сітуацыі ў жанчыны можа ўзнікаць паніка, яна расперажываецца, а мужчына нейкаю параю словаў можа яе супакоіць, падтрымаць, і гэта нібы дае магчымасць жанчыне супакоіцца і правільна зарыентавацца ў сітуацыі.

 

Таму я больш схільная да меркавання, што мужчына павінен быць прэзідэнтам. Але пры гэтым нельга не ўлічваць сілу жаночага ўплыву на мужчыну, нават калі ён палітык пры ўладзе.

 

Наталля Сліж, кандыдат гістарычных навук

Прынцыпова тое, што жанчыны з’явілася ў шэрагу кандыдатаў у прэзідэнты, гэта станоўчы момант. Сучасныя даследванні ў паліталогіі паказваюць, што чым больш жанчын у сістэме кіравання, тым больш стабільнаю робіцца краіна, і тым лепш развіваецца эканамічна. Гэта адзін з важных еўрапейскіх паказчыкаў развіцця. А што тычыцца нашага грамадзства, то яно ў значнай ступені  шавіністычнае і патрыархальнае,  і апрыоры тут жанчына разглядаецца як служанка пры мужчыне.  Таму сам факт, што робяцца спробы прасоўвання  жанчын у палітыку, я магу ацаніць выключна ў станоўчым ключы, таму што у сістэме кіравання павінны прысутнічаць жанчыны, прычым не фармальна, а рэальна. Бо, гледзячы з гістарычнага пункту гледжання, можна сказаць, што для мужчын прыарытэтамі ў палітыцы з’яўляюцца дасягненні – вышэй, далей, болей… І калі ацаніць, што яны лічаць вартым ў сваім кіраванні, то гэта будуць войны ці іншыя канфлікты, за каторыя, дарэчы, разлічваюцца жанчыны і дзеці. А калі жанчына пачынае кіраваць, то яна найперш думае пра спакой, пра дабрадыт, пра эканамічнае развіццё. Жанчына па сутнасці сваёй скіравана на тое, каб стабільна загаспадарыць тэрыторыю, прычым не фармальна, а рэальна. Для жанчыны страшна важнымі з’яўляюцца рэальныя паказальнікі дабрабыту, рэальны камфорт як у сваёй сям’і, так і ў сваёй краіне. Таму я б ацаніла такія змены вельмі пазітыўна.

 

Калі ж узгадаць нашу гістарыяную мінуўшчыну, то самы пазітыўны досвед кіравання, які зрабіў велічэзны прарыў у  эканоміцы, дэманструе  Бона Сфорца, якая фактычна кіравала краінаю пры Жыгімонце Старым. Многія новыя палітычныя ідэі і эканамічныя рэформы былі здзейснены дзякуючы яе намаганням, і з гэтага краіна карысталася больш за два стагоддзі. Мужчыны на той час бавіліся вайной, а яна стварыла прыбытковую гаспадарку, то бок мы можам знайсці пазітыўныя прыклады жанчын ва ўладзе нават у сваёй гісторыі.

 

Тут можна прыгадаць  яшчэ і досвед Вялікай Брытаніі, дзе Маргарэт Тэтчэр атрымала краіну па сутнасці ў руінах, а пад канец свайго кіравання вывела яе на лідарскія пазіцыі ў свеце. 

 

У гэтым сэнсе з’яўленне жанчын у шэрагу кандыдатаў у прэзіданты можна ацэньваць  пазітыўна. Хаця калі глядзець больш агульна, то я больш прыхільніца не прэзідэнцкай, а парламенцкай рэспублікі.

 

Валянціна Дулькене, перакладчыца з літоўскай мовы, індывідуальны прадпрыймальнік

align=”” width=”515″ height=”344″ >

Думаю, што нават такой пастаноўкі пытання быць не павінна. Бо сітуацыя з тым, што пэўная жанчына прыйшла у палітыку  цалкам натуральная. Хутчэй паўстае пытанне – чаму не? Чаму жанчына не можа быць ва ўладзе? Мы ж  бачым такія прыклады не толькі ў Еўропе, напрыклад, у Вялікай Брытаніі, Скандынаўскі краінах, Літве і Латвіі, але і ў паўднева-азіацкіх краінах, такіх як Індыя ці Пакістан. Ёсць мноства краінаў, дзе жанчыны бяруць удзел у палітыцы, і паспяховыя не менш за мужчын, а часам нават і больш. Сам па сабе жаночы жыццевы досвед з’яўляецца вялікім рэсурсам, дапамогай у ажыццяўленні  сваіх, у тым ліку палітычных, намераў. Я асабіста толькі вітаю такія змены ў краіне. На маю думку, гэта вельмі добры знак. Напэўна, было б добра каб жанчыны маглі прэтэндаваць і на пасады, напрыклад, губернатараў, дзе яны б мелі рэальную магчымасць набыць неабходны палітычны досвед.

 

Калі разважаць пра чалавека, які ідзе ў палітыку, ва ўладныя структуры, на маю думку няма розніцы, хто гэты кандыдат – мужчына ці жанчына, галоўнае, каб гэта быў сталы, сур’ёзны палітык. Каб гэты чалавек не быў азлоблены ці абцяжараны нейкім уласным негатывам,  каб ён (ці яна) прыйшлі  са сваёй рэальнай праграмай і былі ў стане яе ажыццявіць.

 

Тое, што раней не шмат беларускіх жанчын ішлі ў палітыку, можа быць абумоўлена менталітэтам, традыцыйнасццю грамадзства. Можа нават тым, што мужчыны не надта хочуць бачыць жанчын на  высокіх пасадах. Але на сённяшні момант гэта цалкам натуральна, што беларускія жанчыны ідуць у палітыку. Трэба было раней такі рух пачынаць, і зараз большую колькасць жанчын Беларусі ў гэтым накірунку заангажоўваць. Культываваць нават палітычную актыўнасць у жаночых колах, каб яны сябе змаглі адчуць паўнавартаснымі гульцамі на палітычным полі.

 

Бо калі ўзяць для прыкладу сусуднюю Літву, то там і былая прэм’ер-міністр Казімера Прунскене была паспяховым палітыкам, і сённяшні прэзідэнт Даля Грыбаўскайте таксама. Гэта цалкам натуральна, што жанчыны, таксама як і мужчыны, бяруць удзел у палітычным жыцці. У адносінах да палітыкаў увогуле не павінны паўставаць пытанні кшталту  жанчына ці не жанчына. 

 

Марына Валачкова, кіраўнік Гродзенскага цэнтра абароны жыцця і сям’і “РадзіМа”

Я супраць таго, каб жанчыны балтаваліся ў прэзідэнты і наогул ішлі ва ўладу. Яны павінны быць дома, гадаваць дзяцей, то бок займацца сваімі прамымі абавязкамі, скіраванымі на захаванне сям’і. Тое, што жанчына сёння мусіць разрывацца паміж домам, працай і грамадскімі абавязкамі зусім не добра. Хаця – я вось таксама шмат часу прысвячаю грамадскай дзейнасці, актыўна працую ў кампаніях па забароне абортаў у Беларусі, прыходзіцца гэта сумяшчаць з тым, што маю чацвера дзяцей і шмат працы ў сям’і.

 

Так выхоўвалі дзяўчат у савецкія часы, што яны стараліся і атрымаць адукацыю, і знайсці працу, і мець сям’ю. Можа, сёння многія з нас з радасцю адмовіліся б ад неабходнасці працаваць і хацелі б сядзець дома і выхоўваць дзяцей, але праца ці грамадская актыўнасць ужо сталі значнай часткай жыцця. Я, напрыклад, разумею, што без гэтага жыць не змагу. На жаль, такая актыўнасць жанчын робіцца праблемай і бядой нашага грамадсства, таму яны і не хочуць нараджаць дзяцей. А ў ідэале муж павінен прыносіць у сям’ю дастаткова грошай, каб жанчына магла не працаваць, каб ведала, што мае моцнае плячо побач.

 

І хаця сёння многія мужчыны аддаюць перавагу гульням у танчыкі і піву, не хочуць альбо не могуць утрымліваць сям’ю, я лічу, што ўсё роўна жанчынам нельза ісці ва ўладу. Бо акрамя слабых мужчынаў ёсць і іншыя. Моцныя і адказныя. Трэба, каб кіравалі яны. Бо жанчыны, каторыя прыходзяць у палітыку, могуць быць упэўненымі феміністкамі, а я вельмі б не хацела, каб яны прыйшлі да ўлады.

 

Людміла Лебедзь, нарадзілася і вучылася ў Гродна, праграміст; зараз працуе (па спецыальнасці) у Злучаных Штатах Амерыкі

У тым, што на пост прэзідэнта прэтэндуе жанчына, мяне дзівіць толькі адна  акалічнасць – чаму ў Беларусі яна з’явілася так позна, толькі зараз, у 2015 годзе.  Я на дадзены момант не знаёмая з перадвыбарнай праграмай кандыдатаў, але ведаю, што, выбіраючы будучага лідара краіны, буду звяртаць увагу на асобу чалавека, яго імкненні, намеры і ўнутраную сілу, незалежна ад полу. Мне ў жыцці пашанцавала сустрэць дзіўных, яркіх, ўнутрана-напоўненых і асэнсаваных жанчын, якія свецяцца і вядуць за сабой многіх людзей. Магчыма, такая ж удача ў асобе прэзідэнта-жанчыны ў нейкі момант гісторыі чакае і нашу краіну.