У Гродне прэзентавалі кнігу “Скарбы, курганы, замкі і іх даследчыкі”
Кніга выйшла пры падтрымцы кампаніі “Будзьма беларусамі!”. Яна змяшчае з дзесятак асобных нарысаў, якія прысвечаны археалагічным даследаванням і археолагам, і змяшчае шмат ілюстрацый.
– У нас не так шмат навукова-папулярнай літаратуры. Кнігі па археалогіі пішуцца не для шырокага кола чытачоў – іх нават самі археолагі не заўсёды чытаюць. Я вырашыў напісаць пра замкі і курганы у прывабнай форме, – растлумачыў мэту стварэння кнігі Мікалай Плавінскі.
Аўтар раскрыў тэмы асобных нарысаў. Некалькі з іх прысвечаны Язэпу Драздовічу – этнографу, краязнаўцу і археолагу. У адным з нарысаў расказваецца пра графіці сярэднявечнага часу.
– Выявы на прадметах побыту схематычныя, але рэалістычныя. Яны паказваюць, якія ўяўленні ў людзей таго часу былі пра сябе. Тут выкарыстоўваліся не толькі беларускія крыніцы – напрыклад, наўгародскія, берасцейскія граматы. Яны паказваюць, што жыцце людзей таго часу было шматгранным і разнастайным, – адзначыў Мікалай.
На прэзентацыю прыйшоў калега гісторыка Аляксандр Краўцэвіч:
– Гэта кніга была вельмі патрэбна менавіта зараз. Бо калі ў Еўропе археолаг можа займацца толькі акадэмічнай працай, у нас ён павінен яшчэ і працаваць над гістарычнай асветай грамадства.
У бліжэйшым часе чакаецца перавыданне кнігі для Украіны з некалькімі новымі нарысамі. Потым аўтар плануе напісаць некалькі навуковых прац.