“Вясёлка” заззяла ў гарадзенскім Цэнтры народнай творчасці

|

Нагодаў для святкавання сапраўды аказалася дастаткова: гэта ўласна прэзентацыя габелена, выраб каторага аўтарка Алена Шунейка прысвяціла 70-годдзю абласнога метадычнага цэнтра, і 65-ыя ўгодкі самой спадарыні Алены.

Для творчай сям’і цэнтра гэты габелен з’явіўся своеасаблівым адлюстраваннем працы – размешчаныя на ім  выявы дэманструюць прыклады традыцыйнага беларускага  мастацтва і рамяства. Ідэя стварэння габелена ўзнікла два с паловай гады таму самым натуральным чынам – у будынку, дзе месціцца цэнтр, зрабілі рэмонт, і паўстала пытанне аздаблення інтэр’ераў. Сам працэс ткацтва заняў больш года, папярэдне амаль столькі ж часу занялі распрацоўка ідэі і стварэнне эксізаў. Зараз, калі габелен заняў сваё ганаровае месца, цэнтр народнай творчасці стаў  першай і пакуль адзінай установай культуры Гродна, у якой сабраны адразу тры габелены.   

 

 

Пры выкананні габелена “Вясёлка творчасці” майстрыха выкарыстоўвала  традыцыйную  народную тэхніку ткацтва – аднабаковы перабор. Пры такім спосабе  аднатонныя  ніткі асновы закрываюцца каляровым утком. Працавала майстрыха за вертыкальным ткацкім станком, сканструяваным яе бацькам.

 

Сам габелен уяўляе з сябе двухслойную мастацкую кампазіцыю, дзе  дванаццаць маленькіх габеленаў злучаны  з асноўным полем, выкананым у тэхніцы абрэзкавага шытва. Вырабам гэтай часткі кампазіцыі займалася Алена Чумрай, яна таксама дапамагала ў мантажы элементаў габелена.