Гродна здалёк: Таццяна Оніл

|

Першая гераіня нашага праекту з’ехала з Гродна 11 год таму і жыве зараз у ЗША.

 

Таццяна Оніл:

 

Я жыву зараз з мужам і 5-гадовай дачушкай у штаце Вісконсін, у маленькім мястэчку пад назвай Барабу.

 

На другі дзень пасля прыезду ў ЗША лёс звёў мяне з будучым мужам. Вось так усё і закруцілася. 

 

Першыя гады ў Штатах я працавала ў розных рэстаранах і гатэлях.

 

Самая першая мая праца была ў маленькім рэстаране хуткага абслугоўвання з вельмі смачным марозівам. Ужо там я зразумела, што калі не сачыць за сабой, то можна вельмі хутка паправіцца:)

 

Праз год пасля прыезду ў Амерыку я вельмі моцна захапілася ёгай.

 

Гэтая філасофія розуму, душы і цела настолькі прывабіла мяне, што я вырашыла звязаць з ёй сваё жыццё.

 

Прайшла тры розныя віды трэнінгаў па ёзе, атрымала сертыфікаты і сем гадоў таму адкрыла маленькую студыю па ёзе і пачала выкладаць у ёй.

 

З тых часоў ёга стала маім ладам жыцця і хоць і не вялікім, але заробкам на жыццё.

 

Першыя гады за мяжой вельмі моцна сумавала па Гродна. Я ўвесь час параўноўвала культуру дзвюх краін, людзей і грамадства. Было адчуванне, нібыта я разрываюся паміж дзвюма краінамі.

 

Мне не хапала шмат з таго, што Амерыка не можа мне даць, але адначасова я разумела, што Радзіма не можа мне даць усё тое, што я магу мець тут, у Штатах.

 

Мая душа заўсёды імкнулася і будзе імкнуцца вярнуцца ў Гродна, пабадзяцца па Савецкай, пасядзець на лавачцы ў парку Жылібера, схадзіць у драмтэатр на спектакль, наведаць Каложскую царкву і пахадзіць па музеях.

 

Таццяна з дачушкай у час апошняга прыезду ў Гродна ў 2014-м г.

Гэтага ў мяне ніхто не адбярэ. Але адначасова я разумею, што маё цяперашняе жыццё звязана з Амерыкай, з Барабу.

 

Я лічу сябе шчаслівым чалавекам, бо ўсведамляю, што зараз у мяне ёсць два дамы: Гродна (мой родны горад) і Барабу.

 

Гродна – гэта горад, дзе я нарадзілася, дзе прайшло мая школьнае жыццё.

 

Тут я набыла на ўсё жыццё самых верных сяброў. Самае галоўнае, Гродна – гэта месца, дзе жывуць мае самыя родныя і любімыя мне людзі.

 

Барабу – гэта мой другі родны горад, дзе зараз жыве мая сям’я, жывуць мае новыя сябры (амерыканцы і рускія) і месца, дзе я магу спакойна займацца любімай справай.

 

Шаноўныя сябры!

 

Героямі праекту “Гродна здалёк” можаце стаць вы самі (калі жылі ў Гродне, а зараз жывеце за мяжой), а таксама вашыя сябры, знаёмыя, сваякі, якія пераехалі жыць за мяжу.

 

Папрасіце іх напісаць пра тое, што яны ўзгадваюць найперш, калі думаюць пра Гродна, чым займаюцца зараз і мы з задавальненнем апублікуем гэта на нашым сайце.