Падземны Гродна. Частка II: маленькая крама з таямнічым месцам

Чытай першую частку тэксту пра падзямеллі Гродна.

 

На наступны дзень да месца так званай аварыі падышлі супрацоўнікі – архітэктары, якія займаюцца вывучэннем і захаваннем гістарычных будынкаў у горадзе.

 

– Усе касцёлы паміж сабой былі злучаны, хады ёсць, але яны або заваленыя, або закладзеныя. Цэнтр горада знаходзіцца увесь у падвалах. Раней, калі будавалі дом, то абавязкова будаваўся з падвалам. Адзін з самых старых знаходзіцца пад крамай “Міла”, што знаходзіцца каля дома купца Мураўёва, – распавёў “Твайму стылю” архітэктар.

 

Мы адправіліся ў “Мілу”. Прышоўшы ў краму, засталі працоўных за аздабленнем падвала. Спусціўшыся туды, мы проста не маглі паверыць, што такое можа існаваць прама пад прыпынкам, дзе мы кожны дзень чакаем тралейбус.

 

Было бачна, што месца відавочна адрозніваецца ад усіх іншых, якія нам удалося пабачыць за апошні час. Замест цаглянага мура былі бачныя вялікія валуны. Хады вялі ў бок дома Мураўёва, там яны і скончыліся. Але задзелак падвала не назіралася. Спецыялісты сцвярджаюць, магчыма, гэта адзін з самых старых падвалаў у горадзе.

 

 

Хто б мог падумаць, што ў цэнтры нашага горада, у такой маленькай крамцы ёсць такое таямнічае месца. Зараз там ідзе рамонт і хутка падвал ператворыцца ў складское памяшканне.

 

Шмат чаго ведаюць гэтыя ўжо пажылыя архітэктары. Распавядалі, як у 90-ых былі ідэі па аднаўленні Фары Вітаўта. Падмурак адкапалі, але далей не працягнулі.  Віднеліся і шырокія хады ў бок Замкавай. Старажылы, якія бывалі ў падвалах, распавядаюць, што там ўсяго толькі хады для таго, каб можна было вазіць вугаль. А тое, што былі знойдзеныя чалавечыя косткі, і хадзілі чуткі аб тым, што немцы падчас вайны расстрэльвалі людзей у падвалах Фары, не болей, чым міф. Чалавек, які там быў, распавядаў, што гэта былі косткі святароў, якіх хавалі ў падвалах касцёла. А міф аб расстрэлах прыдумалі, каб яшчэ больш настроіць людзей супраць акупантаў.

Працяг будзе…