“Нёман” выстаяў у матчы з “Віцебскам” і павёз адно ачко ў Гродна

|

Абедзве каманды няўдала стартавалі ў сезоне і перад гульнёй былі суседзямі ў турнірнай табліцы.

 

У выпадку паразы “Віцебска” “Нёман” мог абысці свайго суперніка, але дружыны падзялілі ачкі і засталіся на тых жа пазіцыях.

 

Матч пачаўся з двух небяспечных момантаў у абедзвюх каманд.

 

Спачатку Коўба не здолеў перайграць Курганскага, які правёў ужо другі матч у аснове гарадзенскай каманды.

 

А ў “Нёмана” Сора пасля ўдару Лягчылiна не здолеў трапіць у браму.

 

Да перапынку “Віцебск” цалкам валодаў ініцыятывай. Актыўнічаў Арцём Салавей, які яшчэ ў мінулым сезоне выступаў у складзе жоўта-зялёных.

 

У другім тайме ініцыятыва была таксама на баку паўночнікаў. Але гарадзенцы выходзілі ў контратакі і на апошняй хвіліне мелі добры шанец выйсці наперад. Вось толькі ўдар Забеліна ў падзенні прыйшоўся прама ў рукі галкіперу гаспадароў.

 

Удзелу ў гульні з “Віцебскам” не браў Павел Савіцкі, якога клуб не паспеў заявіць на ўдзел у чэмпіянаце. 

 

Акрамя таго, ужо трэці тур запар не дапамагае “Нёману” і Іван Дзянісевіч.

 

Паводле афіцыйнай інфармацыі, паўабаронца ўзяў адпачынак за свой кошт з фармулёўкай “па сямейных абставінах”.

 

Паводле неафіцыйнай інфармацыі Дзянісевіча выгналі з каманды за неспартовыя паводзіны.

 

5 чэрвеня. “Віцебск”- “Нёман” 0-0

 

Фота аўтара