“З’яўленне курсаў беларускай мовы сведчыць пра абуджэнне нацыі”
Мы завіталі туды, каб паразмаўляць з арганізатаркай курсаў Таццянай Сушко і даведацца, у чым адметнасць “Моваведа” і чаго дасягнулі наведвальнікі.
– З чаго пачаліся курсы “Моваведа”, адкуль узнікла ідэя?
– У мяне была ідэя стварыць беларускамоўны асяродак, у якім людзі будуць утульна сябе адчуваць. Асяродак для людзей, якія атаясамліваюць сябе са сваёй зямлёй, бацькаўшчынай. Ну і канешне, “Моваведа” ўзнікла, каб удасканаліць веданне беларускай мовы. А для рускамоўных – узнавіць іх генетычную памяць.
– Як праходзілі заняткі?
– Першая частка заняткаў была прысвечана тэарытычным ведам – звычайна гэта было вывучэнне беларускай лексікі. Другая частка ўключала інтэрактыў – гульні, пытанні, віктарыны, у якіх лекскіка, вывучаная ў першай частцы, адразу замацоўвалася. У нас былі творчыя хатнія заданні. Напрыклад, калі мы вывучалі падарожжы і вандроўкі, трэба было падрыхтаваць аповед пра падарожжа, якое ім запомнілася, узгадаць мясціны, якія наведвалі. На тэму “Сваякі” ўзгадвалі ўсіх сваякоў у сваім родзе і родавыя сувязі.
– Што за аўдыторыя была ў курсаў?
– Прыходзілі звычайна людзі сярэдняга ўзросту – гадоў 40-50. Сацыянальны статус розны: настаўнікі, сакратары, інжынеры, будаўнікі, эканамісты, бухгалтэры – офісныя работнікі. Заходзілі і студэнты.
– Ці расказвалі людзі, для чаго ім патрэбны курсы?
– Так, канешне. Курсы ім патрэбны, каб, па-першае, размаўляць па-беларуску правільна і быць упэўненым, калі размаўляеш. Па-другое – яны тут знайшлі аднадумцаў і асяроддзе, дзе можна размаўляць на мове.
– Зараз з’явілася даволі шмат курсаў беларускай мовы. Як вы думаеце, аб чым гэта сведчыць?
– Гэта значыць, што абуджаецца народ, прабуджаецца нацыя. Мова – гэта тое, што аб’ядноўве народ, робіць яго адзіным, згуртоўвае людзей. Калі не будзе мовы, то не будзе і нацыі, народу.
– У чым адметнасць курсаў “Моваведа”?
– Курсы “МоваНанова” – больш як шоу. Там запрашаюць шмат гасцей, вядомых асобаў. А курсы “Моваведа” больш спакойныя і немасавыя. Але кожны з нашых слухачоў пачаў рабіць нешта важнае для Беларусі і для распаўсюджання мовы. Напрыклад, у нас рыхтаваліся заявы, каб багаслужэнне ў праваслаўнай царкве праходзіла на беларускай мове. Многа навучэнцаў пачалі ўдзельнічаць у розных імпрэзах, хаця раней яны на іх не хадзілі. Слухачы занялі актыўную пазіцыю: напрыклад, яны перакладаюць дакументацыю на беларускую мову на сваіх працоўных месцах. Яны не пасіўныя слухачы, яны пашыраюць мову. Я лічу, што гэта перамога. Толькі дзеля гэтага патрэбна было ствараць курсы. Людзі знайшлі сябе, адчулі сябе беларусамі, пачалі атаясамліваць сябе з радзімай.
– А ці можна сказаць, што вы таксама знайшлі сябе ў гэтых курсах?
– Безумоўна. Для сябе я знайшла асяроддзе ададумцаў. Мне тут утульна, я адчуваю сябе як рыба ў вадзе. Я вельмі чакаю курсаў кожны чацвер, рыхтуюся да іх. Гэта база, дзе я магу рэалізаваць свае веды і прывіць каштоўнасць мовы іншым людзям.
– Ёсць ужо нейкія планы на наступны сезон?
– У наступным годзе мы будзем рэкламавацца, пашырацца і старацца захапіць больш людзей. Думаю, тыя людзі, што ўжо хадзілі на курсы, зробяць неблагую рэкламу для астатніх. Нас пакуль задавальняе фармат. Калі прыйдзе моладзь, будзем нешта змяняць, калі сталыя людзі – пакінем больш спакойную атмасферу. Усё залежыць ад людзей, якія прыйдуць да нас.
Пра вынікі курсаў мы запыталіся і ў наведвальнікаў:
Наталля Хатылёва, мэнэджэр:
– Да курсаў я не размаўляла на беларускай мове. Таццяна дала нам не толькі мову, але і любоў да радзімы, звярнула ўвагу на нашы карані, на нашу генетычная памяць. Дзякуй Таццяне за любоў да зямлі і да мовы. Яна мае добрую адукацыю, зараз піша працу пра мову. Гэтыя курсы больш абгрунтаваныя, больш для сталых людзей.
Наталля Карповіч, педагог у ГрДзУ:
– Я ўжо даўно шукала такія курсы, бо мне патрэбна было моўнае асяроддзе. Я пахадзіла на некалькі заняткаў “МоваНанова”. Было цікава, але я адчула, што гэта трошкі не мае. Мне патрэбна была меньшая колькасуць людзей, спакойная абстаноўка. І пасля першага занятка “Моваведа”, калі да нас прыехаў заснавальнік курсаў Аляксей Шэйн і прадставіў гарадзенскага кіраўніка, я пачала хадзіць. Першае, што хацелася б адзначыць – гэта беларускамоўнае асяроддзе. Я зразумела, што нас шмат! Нас – людзей, якія любяць Беларусь і хочуць гутарыць на беларускай мове.
Як педагог, магу сказаць, што Таццяна добра рыхтуецца да заняткаў. Яны выкарыстоўвае шмат метадаў – гульні, лекцыйны матэрыял, відэа. Мой узровень валодання мовай, безумоўна, падняўся. Мы трошку гаворым пра жыццё. Але самае галоўнае – гэта людзі, з якімі можна гутарыць на беларускай мове. Дзякуй кіраўніку за гэтыя курсы.
Хацелася б яшчэ расказаць: на першыя заняткі хадзіў малады хлопец Віталь Катлярчук. Ён пасля арганізаваў Клуб аматараў беларускай літаратуры. Гэта вельмі цікавая падзея. Сэнс заключаецца ў тым, што мы абмяркоўваем, што будзем чытаць, збіраемся раз на два тыдні і абмярковаем кнігі. Важнае тое, што мы, па-першае, чытаем беларускіх аўтараў, па-другое, гутарым на мове.
Антось Карасевіч, будаўнік:
– Дзякуючы курсам я лепш пазнаў мову, і праз мову мне больш адкрываецца дух. Дух, які вядзе мяне да Бога. І ў гэтым я адчуваю жыццё, адчуваю прастору, адчуваю каханне. Гэта асноўнае, што дала мне мова. Рэч нават у псіхалогіі: калі мы размаўляем на мове, мы адчуваем сябе іншымі – адчуваем радзіму, адчуваем сябе як ў сваёй хаце. І для гэтага хочацца жыць тут, не пакідаць сваё месца: служыць богу, радзіме. Калісьці, у дзяцінстве, я размаўляўна на мове, але гэта падаўлялася. Рускамоўнасць вельмі нядобра на мяне уплывала, і мне было непрыемна, я адчуваў сябе ўшчэмленым. У рускай мове шмат словаў, якімі можна абразіць чалавека, знішчыць яго. А я дагэтуль не ведаю, як можна абразіць чалавека на беларускай мове, і мне непатрэбны гэтыя словы. За гэтым крыецца грэх, грэх прывядзе да смерці. А калі няма мяне, то і радзімы няма.
Вольга Крапоціна:
– “Моваведа” – гэта такі міжсабойчык. Тут людзі збіраюцца, каб пазнаёміцца бліжэй, пагутарыць, штосьці распавесці пра сябе. Тут няшмат граматыкі, якую Таццяна рыхтуе вельмі добра. Ёсць нейкія гульні на замавацаванне матэрыялу. І вельмі ўтульная атмасфера. Мы вось скончылі заняткі, але, я думаю, будзем збірацца і пасля. І рыхтаваць нейкія імпрэзы, цяпер ужо самі для сябе.