“Дапамога ад Бога прыходзіць толькі праз чалавека”. Падтрымаць дзіцячы хоспіс у Гродне можна звычайным званком

|

Ад 2 чэрвеня у Гродне пачала працавать тэлефонная лінія ў падтрымку Гарадзенскага дзіцячага хоспіса. Кожны, хто зробіць званок са стацыянарнага тэлефона на нумар 8 902 214 14 14, ахвяруе на карысць гэтай установы 20 000 беларускіх рублёў.

 

У Беларусі, як і ва ўсім свеце, ёсць арганізацыі, якія дапамагаюць дзецям з інваліднасцю. Усім ім патрэбна дапамога, але яна розніцца ў залежнасці ад ступені інваліднасці. Дзіцячы хоспіс створаны для таго, каб аказваць дапамогу цяжка ці невылечна хворым дзецям. Такім, у якіх вылечыць асноўнае захворванне немагчыма, такім, каторым не дапамогуць ні адмысловыя лекі, ні аперацыі. Гэта дзеці ў стабільна цяжкім ці крытычна цяжкім стане здароўя, і, як ні горка такое казаць, мы, як спецыалісты, разумеем, што яны хутка сыдуць з жыцця. Але асэнсаванне факту, што хваробу нельга вылечыць, не дае нам права пакінуць такое дзіця без падтрымкі і дапамогі.

 

Варта зазначыць, што дапамога менавіта хворым дзецям гэта не адзіны напрамак дзейнасці хоспіса. У сітуацыі, калі сям’я мае невылечна хворае дзіця, дапамога і падтрымка патрэбны ўсім, хто жыве побач з ім. Таму дзейнасць хоспіса гэта  комплексная  паліятыўная дапамога, якая складаецца з чатырох кампанентаў.

 

Першым з іх з’яўляецца медычная дапамога – лячэнне неасноўных захворванняў, аблегчанне стану дзіцяці. Другі – псіхалагічная падтрымка – праца з сям’ей, дапамога ў пераадоленні стрэсу, падрыхтоўка сям’і і самога дзіцяці да сыходу, праца з тымі цяжкімі псіхалагічнымі сітуацыямі, якія ўзнікаюць не толькі ў самога дзіцяці, але найперш у яго блізкіх. Трэцім складнікам з’яўляецца сацыяльная падтрымка – дапамога ў набыцці дарагога абсталявання, медыкаментаў, перавязачнага матэр’ялу, сродкаў для асабістай гігіены хворых, прадстаўленне сродкаў рэабілітацыі – інвалідных вазкоў, пад’ёмнікаў. І чацвёрты складнік паліятыўнай дапамогі гэта духоўная падтрымка. Мы дапамагаем сем’ям сустрэцца з праваслаўнымі ці каталіцкімі святарамі. Надалей, калі сям’я выказвае жаданне, святар працягвае з ёй працаваць.

 

Другая важная частка працы хоспіса гэта развіццё разумення неабходнасці паліятыўнай дапамогі сярод спецыялістаў .У гэтым напрамку дзіцячы хоспіс працуе сумесна з дзіцячай паліклінікай №2. Тут плануецца праводзіць семінары для лекараў і іншых адмыслоўцаў па развіццю паліятыўнай медыцыны і аказанню паліятыўнай дапамогі.

 

Яшчэ адзін блок працы дзіцячага хоспіса гэта прыцягненне ўвагі грамадскасці да праблем  людзей з інваліднасцю, праца па ўключэнні дзяцей з інваліднасцю у грамадства, фарміраванне ўспрыняцця такіх людзей паўнавартаснымі прадстаўнікамі грамадства.

 

Развіцце паліятыўнай медыцыны і падтрымка яе грамадствам неабходны найперш таму, што з цягам часу падвышаецца запатрабаванасць на яе. Напрыклад, калі у мінулым годзе хоспіс аказваў падтрымку 24 сем’ям, то сёлета за дапамогаю звярнуліся больш за 70 сем’яў. Калі прыняць, што сям’я гэта ў сярэднім 3-4 асобы, якіх трэба падтрымаць, то няцяжка ўявіць сабе аб’ём працы, які прыходзіцца на кожнага з шасці супрацоўнікаў хоспіса. Без дапамогі ўсяго грамадства справіцца будзе вельмі цяжка.

 

“Нават калі мы просім дапамогі ў Бога, – кажа Вольга, – то яна ўсё роўна можа прыйсці да нас толькі праз чалавека. На гэтай зямлі дапамагаць людзям могуць толькі людзі”

 

Таму, каб даць магчымасць аказаць падтрымку дзіцячаму хоспісу была створана дабрачынная тэлефонная лінія. Зараз не трэба адмыслова ісці ў банк, стаяць у чарзе ці пералічваць грошы з рахунка на рахунак. Каб зрабіць ахвяраванне, дастаткова проста зрабіць тэлефонны званок на нумар дабрачыннай лініі.