Калі памер не мае значэння: мінібайкі заваёўваюць сэрцы гарадзенцаў

|

Раней «Твой стыль» распавядаў пра першы ў горадзе аўтамабіль, які ездзіць за кошт электрычнасці. Сёння мы хочам вам расказаць пра яшчэ адзін вельмі цікавы транспарт – мінібайк. Гэтых маленькіх матацыклаў у горадзе ўсяго пяць. І «Твайму стылю» удалося пагутарыць з Яўгенам – уладальнікам аднаго з мінібайкаў.

 – Ідэя купіць мінібайк паўстала спантанна. За дзень да куплі я гуляў каля драмтэатра і ўбачыў сходку хлопцаў з мінібайкамi на набярэжнай. Не пасаромеўся і падышоў. Распытаў хлопцаў, і аказалася, што адзін з іх імі займаецца і прадае гэтыя дзіўныя матацыклы. Мне так спадабалася, што адразу ж дамовіўся аб куплі. Праз дзень я cтаў адным з пяці уладальнікаў мінібайка ў горадзе. Ездзіць гэты транспарт на бензіне, заводзіцца як газонакасілка. Выдатак -2 літра 95-га бензіну на цэлы дзень, пры гэтым яшчэ заліўка масла. Суадносіны 1.75 бензіну на 0.25 масла, – распавёў Яўген.

 

Са з’яўленнем  мінібайка Яўген стаў прыкметнай фігурай у Гродна, але вось прыхільніц, якіх з кожным днём становіцца ўсё больш, ён пакатаць не ў стане – яго транспарт аднамесны.

Трохі гісторыі. Мінібайкi (“мiнiкi”, pocket bikes, Міні Мота) з’явіліся на свет у сярэдзіне 60-х гадоў у Японіі. Яны ўяўлялі сабой паменшаную копію матацыкла з усталяваным на яго рухавіком ад газонакасілкі. Афіцыйным годам нараджэння мінібайка прынята лічыць 1975, калі японская фірма Fuki Planning (Ёкагама) наладзіла серыйны выпуск Міні Матацыклаў (Міні Байкі). У 1976 годзе ў ваколіцах Токіо ўжо прайшлі першыя Чэмпіянаты па Мiнiмото гонках.

 

Прайшоў некаторы час і пацешныя маленькія матацыклы, чопперы “ступілі” за межы Японіі і пачалі заваёўваць сэрцы еўрапейцаў і жыхароў ЗША. У сярэдзіне 80-х у Італіі пачаліся афіцыйныя гонкі на Міні матацыклах, а сама Італія становіцца адным з сусветных лідэраў па вытворчасці мінібайкаў. У Гродне маленькiя матацыклы з’віліся толькi зараз.