Толькі танец, музыка і святло: вечар незвычайнай харэаграфіі прайшоў у Гродне

|

Харэаграфічныя калектывы з Мінска, Віцебска і Гродна прадстаўлялі на сцэне сваё бачанне сучаснага танца. І хаця слоў сапраўды не было, гледачы выдатна разумелі мову рухаў, пазнавалі інсцэнаваныя жыццёвыя сітуацыі і следам за артыстамі праходзілі праз эмацыйна-напружаныя моманты харэаграфічных міні-спектакляў. Выступы спалучаліся з высокім тэхнічным ўзроўнем выканання і шчырай непасрэднасцю артыстычнага выказвання. Дзякуючы гэтаму дзея на сцэне заварожвала і не адпускала ўвагу. Унутраны дыялог адбываўся на сцэне і па-за сцэнай.

 

Таму не дзіўна, што гледачы адгукнуліся і на запрашэнне артыстаў застацца пасля заканчэння спектакля, каб атрымаць зваротную сувязь. У гэтай частцы імпрэзы нарэшце знайшлося месца і словам,  у асноўным, узнёслым словам падзякі ад гледачоў. Гарадзенцаў таксама цікавілі пытанні  ўзаемадзеяння ў калектывах, сакрэты стварэння тых адносін, якія дазваляюць імправізаваць і разумець партнёраў без слоў.

 

Адзінымі пытаннямі, якія артысты пакінулі без адказаў, былі пытанні пра творчыя планы. Дзяліцца імі ў творчым асяроддзі не прынята. Але гэта хіба не расхалодзіць гарадзенскіх аматараў сучаснай харэаграфіі. Гэта азначае толькі, што наступная сустрэча з танцам таксама будзе новым адкрыццём і прыемным сюрпрызам.