Сканеры для пальцаў – напагатове. Польскае консульства гатовае да біяметрыі
Сустрэчу вялі афіцыйныя прадстаўнікі Польшчы: Генеральны консул Анджэй Хадкевіч і кіраўнік візавага аддзелу Пётр Леўчук. Яны і данеслі да журналістаў асноўныя змены ў парадак атрымання візаў.
Нагадаем, што з 23 чэрвеня пачынае дзейнічаць Візавая інфармацыйная сістэма (ВІС). Менавіта яна і цягне за сабой прадстаўленне акрамя анкеты біяметрычных дадзеных у выглядзе фота і адбіткаў пальцаў. Гэты момант робіць неабходным асабістую прысутнасць падчас падачы дакументаў.
Калі з фота ўсё зразумела – яго параметры застануцца без зменаў – пытанні выклікала працэдура атрымання адбіткаў пальцаў. Адбіткі будуць здымацца з дапамогай сканераў адразу каля вакенца для падачы дакумантаў. Ніякай чорнай ваксы, як у аддзяленнях міліцыі, зразумела, не будзе. Такім чынам сканаванне пальцаў на абодвух далонях зойме ўсяго некалькі лішніх хвілін у кожнага кандыдата на візу.
Здадзеныя адбіткі пальцаў будуць уносіцца ў агульнаеўрапейскую базу і застануцца сапраўднымі на працягу пяці год. Пасля гэтага тэрміну для атрымання новай візы адбіткі трэба будзе здаваць наноў. Затое, на працягу пяці год адбіткі не трэба будзе пераздаваць, незалежна ад таго, атрымліваеце вы новую шэнгенскую візу ў польскім, ці, напрыклад, літоўскім кансуляце. Літоўцы, зрэшты, уводзяць тыя ж самыя правілы з 23 чэрвеня.
Візы, выдадзеныя да гэтага моманту, не губляюць актуальнасці і не патрабуюць перараблення. Консул таксама адзначыў, што анкеты ніякім чынам змяняцца не будуць, таму трэба быць уважлівымі ў выпадку з’яўлення махляроў, гатовых “дапамагчы” з афармленнем анкетаў “па новых правілах”.
Цікава, што змены не будуць тычыцца польскіх нацыянальных візаў, якія атрымліваюць уладальнікі “Карты паляка”. Дзеці да 12 год таксама аўтаматычна абмінаюць працэдуру сканавання адбіткаў пальцаў.
Падчас прэс-канферэнцыі закраналася таксама пытанне аб візавых цэнтрах, якія маюць “разгрузіць” кансуляты, узяўшы на сябе частку патоку кандыдатаў на візу. Андрэй Хадкевіч не назваў канкрэтных тэрмінаў адкрыцця цэнтраў у Гродне і Лідзе, але мяркуе, што яны могуць з’явіцца ўжо увосень. У візавых цэнтрах можна будзе падаваць дакуманты, а таксама пакідаць адбіткі пальцаў, якія пасля будуць перанакіроўвацца ў кансулят.
Прагучала таксама пытанне пра перспектывы павелічэння колькасці візаў, якія выдае польскае прадстаўніцтва. Тут генеральны консул не абнадзейваў журналістаў, патлумачыўшы, што колькасць на прамую залежыць ад штату кансулята, які пакуль не дазваляе павялічваць беларускі бок.
Зараз, як адзначыў Пётр Леўчук, за месяц у Гродне выдаецца прыкладна 11-12 тысяч візаў. Ва Ўкраіне, напрыклад, дзе штат кансулятаў большы, і візаў выдаецца значна больш, чым у Беларусі.
Фота Вольгі Мілавай