Пракладваем турыстычныя маршруты: як гарадзенцам дабрацца да Крыма?
Наступіла лета, а гэта значыць, надышоў час адпачынкаў і вакацый. Але дзе адпачыць гарадзенцам так, каб гэта моцна не адбілася на бюджэце? Не так даўно “Твой стыль” пісаў пра выгадныя курорты ў далёкіх замежных краінах. Зараз мы хочам распавесці пра курорты ў суседніх краінах. Пачнем з Крыма, які на працягу многіх гадоў лічыўся самым папулярным і бюджэтным курортам для беларусаў.
align=”” width=”515″ height=”386″ >
Першы спосаб: праз Украіну
Гэта самы цяжкі, але кароткі шлях. Пераадолець прыйдзецца больш за 1,5 тысячы кіламетраў. Але на шляху да адпачынку людзей будзе чакаць вялікая колькасць перасадак і межаў, якія прыйдзецца праходзіць тры разы: на ўездзе ва Украіну, на выездзе з Украіны і на ўездзе ў Крым.
На вялікі жаль, жадаючыя адпачыць ўжо не змогуць дабрацца з Беларусі да Крыму на цягніку ці самалёце. Так што калі ехаць на сваім аўто, то прыйдзецца яшчэ здзейсніць і пару-тройку не самых зручных перасадак. Таму як прамы цягнік Гродна – Сімферопаль перастаў хадзіць яшчэ ў мінулым годзе, а авіязносіны Беларусі з Крымам былi таксама перапынены – прамыя рэйсы Мінск – Сімферопаль “Белавія ” адмяніла вясной 2014 года.
Бліжэйшы цягнік з Гродна да Крыму – гэта цягнік да Новааляксееўкi. Ездзіць па няцотных днях. Час адпраўлення: 19:44. Цана плацкарта: 990 тыс. рублёў.
Другі спосаб: праз Расею
Калі ехаць у Крым праз тэрыторыю Расіі на сваім аўто, аптымальны маршрут выглядае так: Гродна – Гомель – Арол – Варонеж – Растоў-на-Дону – порт “Каўказ” – порт “Крым” – тэрыторыя Крыма. Для гэтага варыянту патрэбна запраўленая пад завязку машына і цягавіты кіроўца (лепш два – на змену) – прыйдзецца праехаць 2,5 тысячы кіламетраў. Прычым адрэзак порт “Каўказ” – порт”Крым” напэўна будзе самым складаным – у мінулым годзе на пераправе ўтвараліся велізарныя чэргі з транспарту, які чакае пераправы на паўвостраў. У самыя гарачыя перыяды турысты праводзілі ў чарзе суткі і больш.
Ёсць з Беларусi цягнік на курорты Расіi – Сочы (Адлер). Ездзіць па цотных днях. Час адпраўлення: 19:47. Цана плацкарта: 1 млн. 925 тыс. рублёў.
Трэці спосаб: у Крым з турфірмай
Самы просты спосаб, пры якім галава турыста не занятая пытаннямі як купіць квіткі, дзе здзейсніць перасадку і як бы не спазніцца. Турыстычная кампанія возьме на сябе пошук адказаў на ўсе вашыя пытанні. Туры ў Крым у гэтым годзе прапануюцца праездам на аўтобусе па тэрыторыі Расіі праз паромную пераправу, а таксама з вылетам з Масквы.
Паводле інфармацыі traveling.by і rw.by
Працяг будзе.