Брэнды Гарадзеншчыны ў беларускім ТОП-100: Conte і “Молочный мир” здаюць пазіцыі, ABC ідзе ўгару

Спіс сотні патэнцыйна самых дарагіх нацыянальных брэндаў штогод складае  ўкраінскае агенцтва MPP Consulting. Даследаванне ахоплівае 17 краінаў свету  і праводзіцца ў межах праекта TOP National Brands. У гэтым годзе беларускі спіс склалі ў шосты раз.

 

Згодна з правіламі даследавання ў рэйтынг “BelBrand 2015 – ТОП 100 беларускіх брэндаў” могуць увайсці толькі тыя гандлёвыя маркі, якія першапачаткова былі створаны ў Беларусі альбо для беларускіх тавараў і паслуг.

 

Адзіным прадстаўніком Гарадзеншчыны у першай дзясятцы найлепшых, цягам усіх гадоў правядзення даследавання з’яўляецца брэнд Conte. Фірма вырабляе жаночыя і дзіцячыя калготкі, а таксама трыкатаж і бялізну. І хаця ў параўнанні з першым годам даследаванняў яго пазіцыя знізілася з 3 да 7 (а кошт з 57,5 млн $ да 47,5 млн $), такая стабільнасць заслугоўвае павагі. Дарэчы, яшчэ адна гандлёвая марка гэтага вытворцы, мужчынскія шкарпэткі Diwari, патрапляла ў топ-100 двойчы: у 2011 ёй належала 98 месца (1,2 млн $), а ў 2012 – 84 (2,1 млн $).

У другі дзясятак топу па сёлетніх ацэнках патрапілі дзве гандлёвыя маркі з Гарадзеншчыны – “Лидское” і АВС. Брэнд “Лидское”, пад якім выпускаюцца піва і безалкагольныя напоі, стабільна трымае сваю пазіцыю ў рэйтынгу. Пры гэтым варта адзначыць, што  кошт маркі ў грашовым эквіваленце павялічыўся. Зараз, як у 2010, брэнд займае 14 радок рэйтынгу, але яго кошт тады складаў 19 млн $, а цяпер – 23,5 млн $.

Брэнд АВС “уварваўся” ў другі дзясятак топу ў 2011 годзе, калі яго кошт павялічыўся амаль удвая ў параўнанні з папярэднім годам (у 2010 брэнд ацэньвалі ў 10,5 млн $, а ў 2011 – у 19 млн $). Самы высокі кошт гэты брэнд меў у 2013 годе, і пры 14 месцы ў рэйтынгу ацэньваўся ў 26 млн $. Сёлетняя 12 пазіцыя ацэньваецца ў 25,1 млн $.

 

Традыцыйна ў топ-100 патрапляюць малочныя камбінаты: лідскі з брэндам “Лидская буренушка”, ваўкавыскі з брэндам “Беллакт” і гарадзенскі з брэндам “Молочный мир”.  Угэтым годзе найбольш высокую адзнаку атрымала гандлёвая марка “Лидская буренушка”, каторая прадстаўляе рэгіён у трэцім дзясятку топу. Па дынаміцы роста кошту гэты брэнд найбольш паспяховы з усіх гарадзенскіх – за шэсць гадоў яго пазіцыя падвысілася ад 74 да 35, а кошт вырас амаль утрая – ад 3,3 да 9 млн $.

“Беллакт”, які ўваходзіць у сотню лепшых ад 2011 года,ацэньваецца цягам усяго перыяду даследаванняў прыкладна аднолькава, з тэндэнцыяй да росту. Мінімальны кошт брэнд меў у 2012 годзе – пры 76 пазіцыі ён ацэньваўся ў 2,9 млн$, максімальны – у мінулым годзе, калі пры 59 пазіцыі кошт складаў 5,1 млн $. Сёлета назіраецца невялікае зніжэнне рэйтынгу і кошту.

 

Гандлёвая марка “Молочный мир” у параўнанні з папярэднімі ацэньваецца зараз ніжэй і вылучаецца меншым пастаянствам. Пасля 71 месца, ацэненага ў 3,6 млн $ у 2010 годзе, брэнд на два гады пакінуў сотню лепшых. Астатнія тры гады пасля вяртання ў топ “Молочный мир” трымаецца ў канцы рэйтынгу. Сёлетні кошт брэнду складае 1,45 млн $.

Яшчэ дзе гандлёвыя маркі рэгіёна ўстойліва трымаюцца, хаця і не падымаюцца вышэй за апошні дзясятак. Гэта “Лідская мука” і “Lux” (будаўнічыя сумесі з Гродна). Кошт лідскага брэнду застаецца практычна нязменным на працягу пяці год. У 2010 ён складаў 2 млн $, ў 2015 – 1,8млн$. Кошт маркі “Lux” мае тэндэнцыю да зніжэння. У 2010 годзе брэнд ацэньваўся ў 2,1 млн $, а зараз мае кошт 1,4 млн $.

 

 

Трэба памятаць, што методыка МРР Consulting ацэньвае толькі патэнцыйны рыначны кошт брэнду, а не капітал кампаніі. Не бяруцца пад увагу вытворчыя магутнасці, інфраструктура кампаніі і ншыя матэр’яльныя і інтэлектуальныя каштоўнасці.

 

Глядзіце поўную версію “BelBrand 2015 – ТОП 100 беларускіх брэндаў” ніжэй.