Бард Алег Сухараў сабраў у “Краме Ц” аншлаг
Алесь Дзянісаў заспяваў песні з рэпертуару “Дзецюкоў” і “Кальяну”, а таксама на вершы Алеся Чобата. Музыка таксама прэзентаваў песню, якая ўвойдзе ў другі альбом “Дзецюкоў”.
Іван Пачылаваў выканаў свае песні і адну, напісанную Сяргеем Чабоцькай з гурта “Демонтаж характера”.
Нарэшце гітара дайшла да Алега Сухарава. Музыка ўсцешыўся, што на гэты раз прыйшло больш людзей. Пачаў ён з песні “Купальскі попіл”, на якую зрабілі кавер некаторыя беларускія музыкі – напрыклад, Цімафей Яравікоў з гурта “Сердце дурака”.
Бард выканаў самыя розныя песні – гарадзенцы пачулі і “панкуху”, і лірыку. Музыка спяваў акапэльна, зачытваў рэчытатыў, расказваў шмат байкаў і запрашаў з дапамогай песень павандроўнічаць па Украіне.
Мінулым разам Алег Сухараў прыязджаў у Гродна 8 лютага ў межах тура па гарадах Беларусі.