Яшчэ адна прыкмета лета: на Юбілейным возеры запрацаваў аўтакінатэатр пад адкрытым небам

|

Аўтакінатэатр пад адкрытым небам, арганізаваны адміністрацыяй кінатэатра “Восток”, распачаў свой 11 сезон. Як і ў мінулым годзе, фільмы будуць дэманстравацца па пятніцах, суботах і нядзелях. Пачынаюцца сеансы ў 22.30, кошт прагляду складае 40 тысяч з аўтамабіля, незалежна ад колькасці пасажыраў. Пляцоўка аўтакінатэатра можа адначасова прыняць да 80 аўтамабіляў.

 

“Твой стыль” запытаў пра ўражанні ад кінатэатру ў першых наведвальнікаў.

 

Кампанія маладых людзей – Іна, Каця, Саша і Андрэй – адзначылі, што гэта вельмі класная ідэя, бо дазваляе спалучыць мноства прыемных рэчаў: “Мы сёння сабраліся, каб паглядзець кіно і паесці марозіва. Але дома заставацца не хацелася, ў кавярні няма кіно, ды і шкада бавіць летні вечар у памяшканні. Таму заскочылі ў краму за марозівам і скіраваліся сюды”.

 

Маладыя людзі зазначылі, што выбіралі менавіта фільм,  бо вольны час ўвечары на выходныя знайсці не цяжка. Гэтым разам выбралі “Веселых ребят”, таму і прыехалі сёння. Але надалей хацелі б прапанаваць арганізатарам даць гледачам больш магчымасцяў для выбару рэпертуара. Напрыклад,  абмяркоўваць, які фільм яны хацелі б паглядзець, ці за пэўны час пачынаць апытанку, якія з прапанаваных  фільмаў паказваць на наступныя выходныя.

 

 

Надалей яны таксама плануюць сюды завітваць, тым больш, што існуе акцыя – сёмы сеанс бесплатна: “Сезон адкрылі, пачатак ёсць, трэба працягваць, каб і падарунак у выглядзе бесплатнага сеанса атрымаць”.

 

Маладая сям’я Святлана і Ігар кажуць, што прыехалі сюды, каб  адпачыць пасля працоўнага тыдня: “Гэта недалека ад дома, зручна даязджаць. Прыемна пабыць на прыродзе, ля возера, разам кіно паглядзець. За горадам зусім інакш успрымаецца лета, тут нават камароў пакарміць прыемна”.

 

Тыя, хто наведаў аўтакінатэатр у пятніцу, паглядзелі камедыю 2014 года “Веселые ребята” з Іванам Дорнам, Кацярынай Шпіца і Сафіяй Каштанавай у галоўных ролях. У суботу 14 чэрвеня  можна пабачыць амерыканскі трылер “Мегаразлом” 2009 года, а ў нядзелю 15 чэрвеня пакажуць расейскі  баявік 2014 года “22 мінуты”.

 

Дарэчы, у адміністрацыі Аўтакінатэатра паведамілі, што вялікую ўвагу будуць звяртаць на ўзроставыя катэгорыі наведвальнікаў. Гэта тычыцца паказаў, калі запланаваны фільм жахаў або баявік, які мае ўзроставыя абмежаванні. Гэта значыць бацькі, якія прыехалі на такі паказ з дзецьмі, хутчэй за ўсё не будуць дапушчаныя да прагляду.