Гісторык Аляксей Братачкін: Перабудова дагэтуль выклікае шмат спрэчак

Аляксей Братачкін расказаў пра розныя вобразы перабудовы, якія склаліся ў беларускай гісторыяграфіі, і правёў гістарыяграфічны агляд тэкстаў гісторыкаў, у якіх прадстаўлены той ці іншы вобраз.

 

– Я спрабую расказаць, як гэты перыяд апісвалі і апісваюць менавіта беларускія гісторыкі, – зазначыў лектар напачатку.

 

У Беларусі дагэтуль няма манаграфій, якія апісвалі б перабудову. Гісторык выказаў сваё меркаванне – чаму:

 

– У нейкай ступені мы яшчэ не дыстанцаваліся ад таго перыяду. Час яшчэ не ўстаяўся, некаторыя дакументы недаступныя. Да таго ж, той перыяд вельмі палітызаваны. І размовы пра яго выклікаюць шмат спрэчак.

 

Для базы даследавання Аляксей Братачкін выкарыстаў выданні Інстытута гісторыі Акадэміі наук. Кнігі “Нарысы Беларусі” 94-95 гг. у дзвюх частках, “Гісторыя беларускай дзяржаўнасці” 2008 г., шасьцітомнік “Гісторыя Беларусі” 2011 г. і “Гісторыя беларускай дзяржаўнасці” за 2014 г.

 

Гісторык праглядзеў і некаторыя вучэбныя выданні, якія арыентаваны на вышэйшую школу і маюць статус вышэйшых выданняў.

 

– Там шмат аднолькавых прозвішчаў, датаў, адны і тыя ж выказванні, але, што цікава, яны складаюцца ў розныя карціны. Ёсць такое паняцце, як наратыўная структура і дыскурс – гэта калі ланцужкі выказванняў ствараюць пэўныя пункты гледжання на падзеі, – адзначыў даследчык.

 

У перабудовы ёсць шэсць дыскурсаў, то бок шэсць серый выказванняў. Першы дыскурс – перабудовачны. Сэнс у тым, што мова даследчыка павінна адрознівацца ад мовы крыніцы. 

 

– Мы павінны зразумець, якія сэнсы закладвалі ў тагачасныя тэрміны, і інтэрпрэтаваць іх. А некаторыя гісторыкі да сённяшніх дзен выкарыстоўваюць старую тэрміналогію, не кантэкстуалізіруючы яе. Некаторыя паняцці пераўтварыліся ў мемы і стэрэатыпы. Напрыклад, тэрмін “застой” і “камандна-адміністратыўная сістэма, – прывёў прыклад гісторык.

 

Існуе таксама дыскурс фармацыённага падыходу. Кіруючыся гэтым падыходам, гісторыкі апісваюць падзеі ў кантэксце савецкага марксізма, хаця ён ужо падвергнуўся крытыцы.

 

Усе гісторыкі прайшлі праз гэта. Фармацыйны падыход змяняўся напрацягу часу, але ён пазнаецца па мове. Ёсць набор тэрмінаў, якія вяртаюць нас у той час. Гісторык Касцюк адзіны, хто ў той час апісаў перабудову як крызіс марксіска-ленінскага падыходу. Цікава яго чытаць і таму, што ён спрабаваў уключыць гэты перыяд у больш шырокі кантэкст, – сказаў Аляксей Братачкін.

У 90-х у Беларусі з’явіліся дзеячы нацыяльнага адраджэння. Яны стварылі дыскурс нацыянальнага адраджэння. Галоўны сэнс перабудовы гісторыкі бачылі ў тым, што яна прывяла да нацыянальнага адраджэння і незалежнасці . Усе падзеі ў гэтым дыскурсе апісваюцца з пункту гледжання нацыі. Напрыклад, пра аварыю на Чарнобыльскай АЭС дзеячы казалі не проста як пра катастрофу, а як пра пагрозу генафонда беларускай нацыі. Мінус дыскурса ў тым, што ён вылучаў толькі дзве плыні: камунізм і нацыяналізм.

 

У цеснай сувязі з дыскурсам нацыянальнага адраджэння разглядаюць дыскурс камуністычнай траўмы. Усе дрэннае, што было ў Беларусі, звязвалі з камуністамі. Бальшавіцкую спадчыну яны апісвалі як “калгасную сістэму, што так і не змагла пракарміць людзей”.

 

– Трэба сказаць, што праблема суадносін нацыянальнага і савецкага ў Беларусі дагэтуль не раскрыта, – падкрэсліў Аляксей Братачкін.

 

Дыскурс, процілеглы папярэдняму,  – дыскурс траўмы ад развітання з камунізмам. Вядомы гісторык Якаў Трашчанок апісвае перыяд застоя як расцвет Савецкай імперыі. А непасрэдна застоем ён лічыць саму перабудову, хаця нават у той час у Савецкім Саюзе прызнавалі існуючыя праблемы. Іншы гісторык – Новік – у сваім падручніку называе распад СССР “змовай светавой закулісы”. А Шушкевіча, Краўчука і Ельцына называе трыма рэнегатамі.

 

Існуе яшчэ адзін дыскурс – ідэалогіі беларускай дзярнаўнасці. Гісторыкі называюць распад СССР жахлівай памылкай, але, што цікава, памылкай непазбежнай.

 

– Я думаю, справа вось у чым, – падзяліўся думкай Братачкін. – Калі распад Савецкага Саюза быў незаконны, значыць, усе палітычныя структуры, якія пасля ўтварыліся, таксама  незаконныя. вось таму распад СССР называюць жахлівай, але непазбежнай, катастрофай.

 

Ці змянілася нешта ў Беларусі за дзесяцігоддзі? Лектар кажа, што так.

 

У “Нарысах гісторыі Беларусі” ад 94-95 гг. той перыяд нават не вылучаўся, і тэрмін “перабудова” сустракаўся вельмі рэдка. А ў кнізе, што вышла ў сярэдзіне 2000-х, ужо крытычна пісалі пра сістэму “развітага сацыялізму”, сегментавалі супрацьстаянне палітычных сістэм.

 

У Беларусі дагэтуль няма адзінага меркавання пра перабудову – ёсць гістарыязацыя і ідэалагізацыя. Не апісана рэгіянальнага гісторыя, няма дыферэнцыяцыі сацыяльнай карціны перабудовы. І дагэтуль ёсць шмат рэчаў, якія не дазваляюць зрабіць комплексны аналіз перыяду.

 

Аляксей Братачкін адказаў на пытанні “Твайго стылю”.

 

– Чаму ў Беларусі склаліся два вобразы перабудовы? Хто іх склаў?


– Насамрэч вобразаў перабудовы шмат. Проста мы кажам пра два крайнія вобразы. Адзін вобраз ацэньвае перабудову з пункту гледжання таго, што мы атрымалі незалежнасць і ў нас пачалося нацыянальна-культурнае адраджэнне. Другі – апісвае перабудову як трагедыю і распад Савецкага Саюза. Розныя гісторыкі пішуць па-рознаму. Гэта залежыць ад каштоўнасцей, якія яны падзяляюць, і ад таго, наколькі яны ўцягнуты ў сённяшнюю палітычную сістэму. 

 

 – Як такі падзел уплывае на сістэму адукацыі?


 – Гісторыкі, якія апісваюць перабудову як трагедыю, што здарылася з Савецкім Саюзам, уключаны ў афіцыйную навуку і пішуць школьныя падручнікі. Напрыклад, Яўген Новік. Атрымліваецца, яны ўплываюць на адукацыю ў пэўным сэнсе. Але як самі школьнікі успрымаюць падручнікі – гэта іншае пытанне.

 

 – Чаму тэрміны, якія выкарыстоўваліся тады, выкарыстоўваюцца і зараз?


 – Праблема ў тым, што некаторыя тэрміны, якія з’явіліся перад перабудовай, дагэтуль выкарыстоўваюцца ў тых жа сэнсах, што выкарыстоўваліся тады. Мы павінны паглядзяць на іх у іншай перспектыве, з сённяшніх дзён. Некаторыя гісторыкі пачынаюць гэта рабіць. Але ёсць такая рэч як звычка, і некаторыя проста не хочуць перавучвацца.

 

 – А навошта ўвогуле трэба нешта рабіць у гэтым напрамку?


  – Трэба нешта змяняць у тым, што мы разглядаем. І пачынаць з тэрмінаў, якімі мы працэсы апісваем. Калі мы ўжываем тэрмін “галоснасць”, мы не можам яго выкарыстоўваць, як тады. Мы павінны паказаць, як бачыцца галоснасць з сённяшняга часу. Гэта датычыцца і паняцця “перабудова”.

 

– У Беларусі дагэтуль няма манаграфіі, якая б апісвала перабудову. А якой яна павінна быць, калі з’явіцца?


 – Я сумняваюся, што гэта павінна быць манаграфія, якая апісала б увесь перыяд. Прасцей стварыць шмат манаграфій, якія будуць апісваць розныя аспекты перабудовы.  А калі стварыць адзін абагульняючы матэрыял, ён будзе прадстаўлены вельмі павярхоўна. 

 

– Што можна пачытаць чалавеку, які хоча стварыць правільнае ўражанне пра перабудову?


 – Мне цяжка нешта параіць. У нас шмат літаратуры, але ў розных выданнях розныя падыходы да перыяду. Трэба зразумець, што менавіта мы хочам даведацца пра перабудову – нешта на ўзроўні агульных ідэй ці нейкі асобны аспект.

 

 – Чаму вы так часта звяртаецеся да Чарнобыльскай аварыі?


– Чарнобыльская аварыя была адной з цэнтральных падзеяў таго часу. У Беларусі палітычная актыўнасць пачалася пасля звестак пра Курапаты ў 1988-м годзе і пасля Чарнобыльскай аварыі.

 

– Як вы адносіцеся да выказванняў сённяшніх палітычных лідараў, якія кажуць, што распад СССР – гэта памылка, і якія абгрунтоўваць анексію Крыму “адраджэннем СССР”?


– Я разумею, што распад паўплываў на лёсы многіх людзей. Але сённяшнія палітычныя лідары намагаюцца эксплуатаваць распад СССР у сённяшніх мэтах. Ім няма ніякой справы да таго, што насамрэч адбылося ў 1991-м годзе. Што датычыцца анэксіі Крыму, для некаторай часткі грамадства прапаганда тлумачыць яе вяртаннем да Савецкага Саюза. Але гэта эксплуатацыя савецкіх ідэй. І анэксію Крыма варта разглядаць як проста анэксію.

 

– Чаму ў той час грамадства падзялілася на “камуністаў” і “нацыяналістаў”, а большасць засталася апалітычнай?

 

– Справа ў тым, што некаторыя гісторыкі кажуць пра такі падзел. Але насамрэч існавала больш ідэй. І карціна была больш поўнай.