Сем’і з Гарадзеншчыны пазмагаліся за званне самых спартыўных

|

Спартыўная пляцоўка комплекса дынама ў Гродне 13 чэрвеня гасцінна прынімала ўдзельнікаў абласнога фестываля-конкурса  “Тата, мама, я – здаровая сям’я”. Яго удзельнікамі сталі 17 сямей з 9 раёнаў Гарадзеншчыны – пераможцы мясцовых этапаў конкурсу.

 

“Сёлета перамагчы ў раённым конкурсе было не проста. У параўнанні з папярэднімі гадамі стала больш удзельнікаў”- кажа Галіна Сіроціна, удзельніца сямейнай каманды з вёскі Райца Карэліцкага раёна. Яна разам з мужам Дзмітрыем і дачкой Палінай упершыню патрапілі на абласны узровень конкурсу. Здаровы лад жыцця і заняткі спортам у гэтай сям’і звыклыя усім – Галіна бегае на доўгія дыстанцыі, дачка займаецца бегам і скокамі ў даўжыню.

 

Пра сямейныя спартыўныя традыцыі ўспомнілі і ў сям’і Бандарык з Ленінскага раёна Гродна. Іх тата, Аляксандр, здаўна захапляецца вольнай барацьбой, гуляе ў футбол. Сын Крысціан займаецца футболам і плаваннем, дачка Лізавета таксама вучыцца плаваць. Мама, Анастасія, займаецца фітнэсам. “На абласным узроўні мы будзем выступаць утрох, з сынам, – кажа Аляксандр, – але ў раённых спаборніцтвах Лізавета ўжо брала ўдзел разам з намі”.

 

 

А камандай, у якой самы малодшы член сям’і ў гэтым годзе ўпершыню ўзяў удзел у абласных спаборніцтвах, аказалася сям’я Рамановічаў з вёскўі Жухавічы Карэліцкага раёна. Іх малодшы сынок Улад сёлета стаў пятым членам сямейнай каманды. Раней з Аляксандрам і Святланай выступалі толькі  Алёна і Кірыл. Гэту сямейную каманду тут добра ведаюць – чатыры разы яны былі прызёрамі і адзін раз пераможцамі абласных спаборніцтваў, у мінулым годзе атрымалі другое месца на рэспубліканскім узроўні. Такія вынікі зусім не  выпадковыя, у сям’і Раманюкоў заняткам спортам надаюць асобую увагу: тата, Аляксандр, працуе інструктарам па спорту у мясцовым СПК, Алёна гуляе ў футбол і валейбол, Кірыл таксама займаецца футболам.

 

 

“Дзеці выходзяць вечарам на прабежкі, бо ім рэгулярна трэба трэніравацца, – кажа мама Рамановічаў, Святлана,- і я разам з імі іду бегаць, каб форму не губляць”.

 

Самі спаборніцтвы спалучалі у сабе не толькі сур’езныя спартыўныя дысцыпліны, напрыклад, кулявую стральбу, але і гульнёвыя элементы – скокі ў мяхах, дартс, практыкаванні з мячамі, абручамі і скакалкамі.

 

“Галоўная мэта фестывалю – актыўна і весела правесці час,” – зазначыла на пачатку імпрэзы Іна Жук, дырэктар Цэнтра фізічнага выхавання насельніцтва, якая вяла праграму.

 

Спартыўны лекар, Людміла Васіленя, у сваю чаргу адзначыла, што сумесны актыўны адпачынак і  заняткі фізічнай культурай  важныя не толькі для фізічнага здароўя, але і для умацавання сям’і: “Калі бацькі трымаюцца здаровага ладу жыцця, то гэта найлепшы прыклад для дзяцей, гэта тое, што закладае асновы іх здароўя. А спартовыя гульні ці трэніроўкі – гэта яшчэ адна добрая нагода сабрацца разам, правесці час з дзецьмі”.

 

Завяршэннем свята стала ўзнагароджванне лепшых удзельнікаў. Пераможцы атрымалі памятныя кубкі, медалі і дыпломы, а таксама грашовыя ўзнагароды.

 

У катэгорыі сямей з дзецьмі ва ўзросце 6-8 гадоў перамогла сям’я Лобач са Шчучына, другое месца атрымала сям’я Чумаковых з Ваўкавыска а трэцяе – сям’я Белко з Гродна.

 

Сярод сямей з дзецьмі ад 9 да 11 гадоў першае месца атрымала сям’я Лебядзевіч з Астраўца, другое Рамановічы з Карэлічаў і трэцяе  сям’я Серкевіч са Слоніма.

 

Сярод сем’яў, узрост дзяцей у каторых складаў ад 12 да 14 гадоў, лепшай стала сям’я Капцюх са Смаргоні, другое месца атрымала  сям’я Чумаковых з Ваўкавыска, а трэцяе – сям’я Рамановіч з Карэлічаў.

 

Наступны, рэспубліканскі этап конкурса, на якім пераможцы будуць прадстаўляць Гарадзеншчыну, адбудзецца гэтым летам у Маладзечна.