Макавае поле на ўскраіне Вішняўца знішчаць

|

Як паведамілі ва УУС Гродзенскага аблвыканкама, мак праваахоўнікі заўважылі ўжо даўно і, нягледзячы на тое, што ён дэкаратыўны – хутка расліны знішчаць.

Намеснік начальніка ўпраўлення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі УУС Гродзенскага аблвыканкама Дзмітрый Менько даў каментар з гэтай нагоды: “Па-першае, у цяперашні час у расліне не ўтрымліваюцца алкалоіды – час паспявання маку яшчэ не прыйшоў. Па-другое, гэта не масленічны мак, з якога рыхтуюць выцяжку, а дэкаратыўны. Наркаманы для вырабу опіуму ў сваёй практыцы не выкарыстоўваюць гэтую расліну”.

Поле, на якім растуць кветкі маку, належыць ГП “Гродзенская птушкафабрыка”. За тое, што зямля ўсыпаная пунсовымі бутонамі, на прадпрыемства склалі адміністрацыйны пратакол.

Яшчэ на мінулым тыдні ў Гродзенскую птушкафабрыку з УУС быў дасланы ліст з патрабаваннем знішчыць мак. Аднак з-за таго, што поле засеяна збожжавымі культурамі, пазбавіцца ад пустазелля пры дапамозе сельскагаспадарчай тэхнікі немагчыма. На поле павінны выйсці людзі і ўручную вырваць кветкі.

 

Фота з Фэйсбука Уладзіміра Кульбіцкага