Гістарычныя аўторкі ў “Краме Ц”: беларускія ручнікі і арнамент

Вольга займаецца тэмай беларускага убрання і лялек каля дзесяці год. Яна расказала пра самыя распаўсюджаныя узоры, якія жанчыны вышывалі на ручніках:

 

– Багач, каханне, жыцень. Багач і жыцень – сімвалы ўраджаю. У залежнасці ад таго, што ёй патрэбна, жанчына вышывала пэўныя выявы. Асноўным элементам у сімвалах ураджаю быў колас.

 

Цікаўным Вольга параіла кнігу гісторыка М.С. Кацара, які апытваў пра беларускія ручнікі вясковых бабуль. Жанчыны, якія нарадзіліся яшчэ ў 1800-х і памяталі прыгоннае права, расказалі шмат цікавостак. Напрыклад, што раней ручнікі прыносілі ў лес і вешалі на дрэвы ў ахвяру язычніцкім багам. Вялікая калекцыя беларускіх ручнікоў ёсць у гарадзенскім “Музеі гісторыі рэлігіі”. Але, па словах Вольгі, расказваюць там пра іх няшмат.

 

Ручнік заўсёды быў сімвалам дарогі. Нованароджанага прымалі на ручнік, маладзёны ступалі на ручнік на вяселлі – гэты сімвал захаваўся па сённяшні дзень. Ручніком праводзілі і ў іншы свет. Ручнік, на якім спускалі труну, быў шэры, без выяў, і захоўваўся ў зацішным месцы.

 

Былі так званыя ахвярныя ручнікі: на іх вышывалі тое, што хацелі атрымаць, і прыносілі ў царкву. Амаль што згубіліся звесткі пра “ўціральнікі” – звычайныя ручнікі, якія выкарыстоўвалі штодзённа.

 

– На адным баку вышывалі сімвал месяца, на іншым – сімвал сонца, пасярэдзіне – жыцень. Чалавек прачынаўся і выціраўся бокам “сонца”, перад сном – “месяцам”, а цягам дня – “жыценем”, – распавяла лектарка.

 

Чаму ж зніклі ўзоры з сучасных ручнікоў?

 

– Пасля, можа, жанчыны пачалі забывацца, можа, царква паўплывала, але выявы пачалі сыходзіць з ручніка і пераходзіць на адзенне, – выказала сваю здагадку Вольга.

 

Яна таксама расказала пра ўзоры на ўласнай вопратцы:

 

– На адным плячы ў мяне сімвал мужчыны, на другім – жанчыны, пасярэдзіне – сімвал сонцы. Гэта абярэг на сям’ю. Нешта ў гэтых узорах прыхавана – я бачу, як людзі падыходзяць да мяне і не могуць адыйсці. Узоры прыцягваюць.

 

Важным элементам адзення быў фартух.

 

– Фартух – гэта люстэрка. Ён адлюстроўваў погляды жанчыны і засцерагаў яе. На ім звычайна вышывалі сімвалы багацця – засеянае поле, – адзначыла лектарка.

 

Язычніцкімі ўзорамі пакрывалі не толькі адзенне, але і карункі, і дываны.

 

– На дыванах часта рабілі выявы вады. І калі прасілі дажджу, выносілі іх з хаты. Людзі ў той час былі вельмі разумныя: дываны вешаліся на сцену, чалавек глядзеў на ўзоры і праграмаваў сябе на пэўныя рэчы. Усе ўзоры ў той час рабіліся з сэнсам. Кожную рэч можна чытаць, – падкрэсліла Вольга.

 

У кожнай мясцовасці былі свае колеры і свае ўзоры. Як аказалася, гарадзенскі ўбор – самы сціплы і кансерватыўны: выкарыстоўваліся толькі белыя, чорныя і чырвоныя колеры, спадніца павінна была быць у клетку. Бліжэй на усход, да Расіі, у строі з’яўлялася шмат колераў, а бліжэй да Украіны, Палесся – шмат кветак. Чырвоны колер сімвалізаваў жыццё, чорны – жыццё пасля смерці. Дарэчы, раней чырвоны колер выкарыстоўваўся мала. Чым больш чорнага ў строі – тым ён больш архаічны.

 

Нашы продкі шмат увагі аддавалі валасам: незамужняя дзяўчына магла насіць незаплеценыя валасы, каса, якая ішла па спіне і закрывала пазваночнік, служыла абярэгам. Замужняя жанчына заплятала дзве касы і пакрывала валасы.

 

– Валасы – гэта думкі. Замужняя жанчына хавала свае валасы, то бок думкі, каб думаць пра мужа, – расказала Вольга.

 

А пра сваю другую “спецыялізацыю” – лялькі – лектарка абацяла расказваць на адной з наступных сустрэч.