Возера Свіцязь трапіла ў дзясятку самых чыстых вадаёмаў Беларусі

|

Спецыялісты склалі ТОП-10 самых брудных і самых чыстых вадаёмаў і вадацёкаў Беларусі.

 

Гарадзенская вобласць адзначылася самымі чыстымі аб’ектамі – гэта возера Свіцязь і вялікая частка вадацёкаў Нёмана. Пры гэтым у антырэйтынгу самых брудных вадаёмаў няма ніводнага з Гарадзеншчыны.

 

ТОП-10 самых чыстых вадаёмаў і вадацёкаў выглядае нуступным чынам:

1. вялікая частка вадацёкаў басейна р. Заходняя Дзвіна;
2. вялікая частка вадацёкаў басейна р. Нёман;
3. водныя экасістэмы азёр Нарачанскай групы (Мінская вобласць);
4. воз. Мядзел (Мінская вобласць);
5. водныя экасістэмы азёр Браслаўскай групы (Віцебская вобласць);
6. воз. Рычы (Віцебская вобласць);
7. воз. Абстэрна (Віцебская вобласць);
8. воз. Сянно (Віцебская вобласць);
9. воз. Свір (Мінская вобласць);
10. воз. Свіцязь (Гродзенская вобласць).


Спіс з 10 самых брудных вадаёмаў і вадацёкаў на сёння выглядае так:

1. р. Свіслач у н.п. Каралішчавічы (Мінскі раён);
2. р. Уза ў 10 км ад г. Гомеля;
3. р. Пліса ў раёне г. Жодзіна (Мінская вобласць);
4. р. Заходні Буг практычна па ўсім плыні;
5. р. Мухавец у раёне г. Кобрына (Брэсцкая вобласць);
6. р. Копаювка (Брэсцкая вобласць);
7. р. Лясная Правая (Брэсцкая вобласць);
8.р. Ясельда ніжэй г. Бярозы (Брэсцкая вобласць);
9. р. Уша ніжэй г. Маладзечна (Мінская вобласць);
10. воз. Лядна (Віцебская вобласць).

 

Як кажа намеснік начальніка Дзяржаўнай установы “Рэспубліканскі цэнтр па гідраметэаралогіі, кантролю радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя” Аляксандр Станкевіч, якасны стан вадаёмаў у параўнанні з мінулымі гадамі істотна не змяніўся. Прынамсі, як сведчаць дадзеныя інфармацыйна-аналітычнага аддзела, рака Свіслач з 2003 года лідзіруе ў дзесятцы самых брудных вадацёкаў Беларусі.

Дадзеныя атрымліваюць з дапамогай правядзення маніторынгу вадацёкаў, які ўключаны ў Нацыянальную сістэму маніторынгу Рэспублікі Беларусь. Пробы даследуюцца па гідрахімічным (фізічныя ўласцівасці, газавы склад вады, асноўныя іёны, арганічныя рэчывы, біягенныя рэчывы, металы) і гідрабіялагічным (фітапланктон, зоопланктон, хларафіл і інш.) паказчыках.

І ўсё ж асноўнымі кампанентамі, якія шмат у чым вызначаюць якасць паверхневых вод, застаюцца біягенныя рэчывы – злучэнні азоту і фосфару, якія паступаюць ад розных крыніц. Імі могуць быць сцёкавыя воды прамысловасці і камунальнай гаспадаркі, павярхоўны сцёк з тэрыторый жывёлагадоўчых ферм, неканалізаваных участкаў і з сельскагаспадарчых угоддзяў (адтуль паступаюць лішкі арганічных і мінеральных угнаенняў).

Нагадаем, што 21 мая 2015 года ўступіў у сілу новы Водны кодэкс Рэспублікі Беларусь, які вызначае новы падыход да ацэнкі экалагічнага стану паверхневых водных аб’ектаў. Вынікі назіранняў ацэньваліся ўжо з выкарыстаннем пяцікласнай сістэмы ацэнкі гідрабіялагічнага і гідрахімічнага статусаў, якая аналагічна практыцы Еўрапейскага саюза і адказвае крытэрам Воднай рамачнай дырэктывы ЕС, піша greenbelarus.info.