Гродна здалёк: Рэгіна Станкутэ

|

 Рэгіна Станкутэ:

 

Я з’ехала з Гародні ў 2002 годзе, мне было 23 гады. З’ехала ў Францыю, бо няблага размаўляла на французскай мове.

 

Першы год быў самы складаны, моцна сумавала, хацела вярнуцца. Давялося ўсё распачынаць ад пачатку – вучоба, стажыроўкі, праца…

 

А пасля – сям’я і дзеткі (у мяне дзве дачкі). Два гады таму набылі дом у спакойным прыгарадзе Парыжу.

 

У самім Парыжы жыць не імкнуліся, мне не камфортна ў вельмі вялікім шумным горадзе, гарадзенскія карані пакінулі адбітак…

 

У Гародні прайшло маё дзяцінства, юнацтва і лепшыя маладыя гады. Шмат успамінаў з дзяцінства і юнацтва, звязаных з матуляй (дай Божа ёй здароўя!).

 

Летняя раніца, сонейка у вакне (наша кватэра выходзіць на ўсход), пахі сняданку і кавы на маленькай кухні, спевы птушак ды галасы дзетак у садку пад домам, водар кветак на балконе. Адчуванне дзіцячай безклапотнасці… Гэтыя эмоцыі я перажываю кожны раз, калі прыязджаю да матулі.

 

Памятаю, калі мы з матуляй пераехалі ў новую кватэру на Дзевятоўцы, мне тады было 3 гады. Тады гэта быў ускраек гораду, праз вакно было відаць жытнёвыя палі з васількамі, а за імі вёсачкі, куды мы малымі гойсалі на веліках за яблыкамі ды вішняй.

 

Зараз праз вакно відаць вялізарныя дрэвы, якія мы, дзеткі, дапамагалі садзіць дарослым 30 год таму, зараз яны дараслі да нашага пятага паверха… А замест вёсачак паўстаюць усё новыя і новыя шматпавярхоўкі. І наша старая Дзевятоўка ўжо амаль цэнтр гораду.

 

Наогул, горад вельмі змяніўся за апошнія 10 год, шмат было пабудавана новых раёнаў, якіх увогуле не існавала, калі я жыла ў Гародні. Перабудавана таксама шмат дарог, я ўсё ніяк не магу прызвычаіцца да новых гарадзенскіх скрыжаванняў.

 

Шмат успамінаў звязана са старым цэнтрам, куды я ездзіла ў мастацкую школу, а пасля на Васілька ў сярэднюю школу, ва ўніверсітэт, на працу. Вельмі люблю дагэтуль гуляць па старых дворыках цэнтру Гародні, а таксама па гістарычным цэнтры – парк Тызенгаўза, Лютэранская кірха, Савецкая, Каложа, Фарны касцёл, Стары і Новы замкі, узбярэжжа Нёману…

 

Вельмі шкадую, што няма ўжо парку на Савецкай, ні каштанаў каля Нёману, якія так прыгожа квітнелі ў траўні, няма ўжо і старой лесвіцы закаханых…

 

У старым цэнтры прайшо маё студэнцтва, гэтыя месцы мне таксама нагадваюць маіх цудоўных сяброў, людзей, паяднаных назаўжды агульнымі жыццёвымі каштоўнасцямі і грамадскай пазіцыяй.

 

Кожны з іх пайшоў сваім шляхам, няшмат захавалася кантактаў, але я кожны раз вельмі рада кожнай нашай сустрэчэ як у Гародні, так і ў Парыжы. Мой французскі дом заўсёды адчынены для гарадзенскіх сяброў.

 

Мне не хапае таксама гарадзенскай прыроды. Бацькі мужа маюць дом на Атлантыцы, куды мы ездзім даволі часта адпачываць. Гэта цудоўнае месца, але мне мілей прырода Гарадзеншчыны. Калі прыяжджаю да матулі, абавязкова едзем за горад, у лес, на возера ці рэчку.

 

Вёска Азёры – гэта месца, якое мяне заўсёды натхняла, дзе я ў кожны прыезд бяру энергію, каб ісці наперад. Заўважаю, што з кожным годам сум па родным горадзе мацнее, хочацца вяртацца і вяртацца сюды.

 

Хочацца перадаць маім дзеткам маю любоў да Гародні, распавядаць ім пра мае родныя мясціны. Магчыма, лёс складзецца так, што калі-небудзь я вярнуся жыць у Гародню. А пакуль гэта толькі жаданне, я шукаю ідэі праекту, каб звязаць маю прафесійную дзейнасць з родным горадам і мець магчымасць прыязджаць шмат разоў на год.

 

Чытайце таксама што думае і ўзгадвае пра Гродна гарадзенка Таццяна Оніл, якая жыве зараз у ЗША

 

Фота ўверсе Людмілы Фадзеевай