Заходняе дэрбі скончылася перамогай для Гродна (дадалося відэа)
Матч выдаўся цяжкім. З 49 хвіліны гарадзенцы гулялі ўдзесяцёх і дзякуючы самаадданай гульні давялі сустрэчу да перамогі.
Матч пачаўся не лепшым чынам для “Нёмана”. Ужо на трэцяй хвіліне сур’ёзную траўму атрымаў Бебе, якога замяніў Едэшка. Менавіта Аляксандру, якi выйшаў на замену, удалося паўдзельнічаць у першым узяцці варот брэстчан. Пасля яго падачы з вуглавога дакладна галавой сыграў Сора, які адкрыў лiк у матчы.
Перад самым перапынкам абаронца “Дынама” збіў у сваёй штрафной Бомбеля. Суддзя угледзеў пенальці і нападаючы рэалізаваў адзінаццаціметровы ўдар і зрабіў лік 2:0.
Другі тайм для жоўта-зялёных пачаўся вельмі дрэнна: спачатку быў выдалены Пазьняк, які зарабіў пенальці ў свае вароты. А далей ветэран дынамаўцаў Раман Васілюк рэалізаваў адзінаццаціметровы і скараціў адставанне на адзін гол.
Трымаліся гарадзенцы да самага канца матчу, а ў самай канцоўцы Журневiч, якi выйшаў на замену, здолеў зрабіць лiк 3:1 на карысць “Нёмана”.
Такім чынам заходняе дэрбі скончылася i “Нёман” вязе ў Гродна здабытыя 3 ачкi.
Пасля матчу галоўны трэнер “Нёмана” Сяргей Саладоўнікаў сказаў:
“Перш за ўсё хачу выказаць павагу камандзе “Дынама” Брэст. Пры падрыхтоўцы да гульні бачылі ўсе матчы суперніка. Каманда гуляе ў футбол. Нават у апошнія хвіліны сённяшняга паядынку не было навалу. Хачу выказаць павагу трэнеру.
Гульня атрымалася цяжкай. У нас у камандзе шмат моладзі, якая ў такіх матчах становіцца мужыкамі. Перамога нам сёння была патрэбна і мы ёй вельмі рады. Каманда выстаяла ў меншасці і яшчэ забілі гол.”
Перамога ў лічбах:
– Васіль Журневiч забіў дэбютны гол за асноўную каманду.
– Пасля сённяшняй вікторыі “Нёман” зраўняўся з брэсцкім “Дынама” па ліку перамог у заходнім дэрбі, здабытых у Брэсце. А ўсяго “Нёман” не губляе ачкоў у Брэсце ўжо 3 матчы запар.
– Гэтая перамога стала 250-й у Вышэйшай Лізе для “Нёмана” за ўсю гісторыю. Акрамя таго, гол Васіля Журневiча стаў 777-м голам “Нёмана” ў Вышэйшай Лізе.