Старажылы “Новага свету”: Мы заўсёды жылі тут мірна з усімі
У гэтым раёне жылі заможныя гараджане. Шмат цікавых будынкаў, асабліва ў стылі канструктывізму, з’явілася ў 1920-30-я гады, калі тут будавалі свае дамы польскія чыноўнікі і афіцэры, а таксама шматлікія эмігранты з былой Расійскай імперыі.
Раён унікальны не толькі для нашай краіны, але і для Еўропы: ён увабраў у сябе дзіўную разнастайнасць стыляў, пачынаючы ад неабарока і эклектыкі, скончваючы строгім драўляным канструктывізмам. У гэтых дамах жылі дзесяткі знакамітых людзей – эліта Гродна і Беларусі.
Яшчэ ў 2005 годзе “Новы свет” страціў статус ахоўнай зоны. З тых часоў і пайшлі размовы аб тым, што раён будзе перабудоўвацца, многія старыя дамы проста знікнуць. Нешта ўжо страцілі, нешта спрабуюць захаваць.
Тут яшчэ засталіся жыхары, якія могуць нешта расказаць аб сваіх дамах і суседзях, але інфармацыю прыходзіцца “выцягваць”. Ужо старыя дзядулі і бабулі рэдка выходзяць на вуліцу і за адказамі на свае пытанні мы адправіліся ў рэйд па дамах.
Моцны дождж на вуліцы схаваў ад нас і маладых жыхароў раёна. Але прабягаючы міма мужчына сказаў, што побач з мясной крамай на вуглу вуліцы Міцкевіча жыве старэнькая бабуля, якая, верагодна, нешта зможа нам распавесці.
Прыйшоўшы да пенсіянеркі, мы не атрымалі патрэбнай інфармацыі. Як аказалася, яна засялілася на гэтую вуліцу толькі ў 1985 годзе. Але параіла зайсці да суседзяў насупраць, дзе жывуць былыя настаўнiкi.
Яшчэ не дайшоўшы да хаты, нас сустрэла бабуля Пятроўна, на жаль, яна таксама засялілася ў 80-я гады. Але яна распавяла пра настаўнікаў-суседзяў:
– Гэтая сям’я жыве тут вельмі даўно. Яшчэ іх дзед будаваў гэты дом. Прыйшлі камуністы і ўсё забралі ў іх. Шкада, вядома, многія так страцілі дамы. Зараз у іх засталася адна кватэра.
Мы адправіліся да тых самых настаўнікаў, пра якіх расказвалі бабулькі. Пасля хвіліннага грукату дзверы адчыняе дзядуля. Трохі засмучаны, нібыта яго толькі што адцягнулі ад важнай справы.
– Хто вы такія і што хочаце? – гучна спытаў у нас жыхар дома.
Мы прадставіліся журналістамі і распавялі, што на днях будзе 140 гадоў з таго часу, як раён далучылі да горада. Дзядуля ад каментароў адмовіўся, спасылаючыся на сваю занятасць. Выправадзіў з дому і яшчэ доўга глядзеў нам услед. Мабыць, баяўся чагосьці, а можа і зусім не хацеў гаварыць на балючую тэму.
Дождж не спыняўся, мы тым часам шукалі старажылаў. Мужчына, які праязджаў побач на машыне, параіў падысці ў некаторыя дамы на Рэйманта.
Праз некалькі хвілін нам пашчасціла трапіць у хату да адной з жыхарак – Лідзіі Фёдараўны, 1929 года нараджэння.
Бабулька з радасцю пусціла нас у дом і пачала распавядаць сваю гісторыю:
– Я вас не баюся, так што заходзьце. Жыву я адна, мне трэба з кімсьці камунікаваць. Дом, у якім я жыву, быў пабудаваны ў пачатку XX стагоддзя. Засялілася я ў яго толькі ў 1941 годзе, калі выйшла замуж. Сям’я мужа засялілася сюды ў 1940 годзе, калі дом купіла ў дзяржавы. У час вайны пакоі дома дзялілі з немцамі, якія ўсё казалі, што яны часова ў нас.
Раней домам валодалі палякі, якіх не пашкадавала савецкая ўлада. Іх усіх выслалі. Памятаю, у 1960-я прыехала жанчына з Польшчы. Доўга яна разгульвала каля дома і ўвесь час нешта разглядала. Муж выйшаў з хаты і спытаў у яе, што яна шукае. Аказалася, прыехала былая жыхарка. Прэтэнзій яна не мела, паглядзела яшчэ трохі і пайшла. Мы людзі неблагія, так што на нас не трэба трымаць зла, мы купілі дом у дзяржавы. І ўсё жыццё прапрацавалі настаўнiкамi, – распавяла Лідзія Фёдараўна.
Напэўна, бабуля магла б распавесці яшчэ шмат цікавостак, вось толькі яна забывала ўсё і пачынала расказваць сваю гісторыю зноў і зноў. Перад самым адыходам яна параіла зайсці да суседкі, якая таксама жыве ў раёне даволі даўно.
Суседзі з хаты насупраць сустрэлі нас ветліва і дазволілі зайсці да іх у госці.
Пагутарыла з намі Людміла Гарасімаўна, 1935 года нараджэння.
– У дом мы засяліліся адразу пасля вайны. Да 1939 года зямля з маёмасцю належала польскай сям’і. Дарэчы, яна прыязджалі дзесьці ў 1950-х гадах. Зайшлі ў госці, паглядзелі як дом, распавялі гісторыю і з’ехалі. Яны выдатна разумелі, што дом мы купілі і ў наш адрас нічога дрэннага не сказалі. Але слёзы на іх вачах былі. Бо яны тут вельмі доўга жылі. Дом будавалі іх бацькі, тут прайшло ўсё дзяцінства і лепшыя моманты ў іх жыцці.
Шкада, вядома, улада была такая, нічога не зробіш. Мы і па гэты дзень жывем мірна з усімі. Не так даўно памерла адна бабуля, якая распавядала, што насупраць нашага дома жылі татары, яўрэі і палякі. Усе жылі дружна. Прайдзіце праз дарогу да суседкі, там Юльянаўна жыве, многае ведае, – скончыла сваю гісторыю Людміла Гарасімаўна.
Развітаўшыся са старажыламі, мы адправіліся да дома насупраць. На жаль, Юльянаўна дрэнна чуе і пускаць дадому адмовілася.
Дождж тым часам не пераставаў ісці. Будаўнікі, якія пракладваюць трубаправод на раёне, таксама схаваліся.
Спрытна перад намі прайшоў мужчына з сабакам і хутка знікнуў за паваротам.
Падчас нашай вандроўкі мы сустракалі маладых людзей, якія нават і не ведалі, што пражываюць ва ўнікальным раёне. Стала цямнець, мы спынілі свае пошукі.
З нашай экспедыцыі можна зрабіць выснову: людзі ў Новым свеце жывуць добрыя. Але старое пакаленне змяняецца новым. Склалася ўражанне, што моладзь Новага свету сёння, ў 140-годдзе далучэння раёну да горада, не настроена на захаванне многіх гістарычна каштоўных дамоў. Для многіх камфорт і зручнасць – перадусім.