Кім былі французы ў 1812 годзе для гарадзенцаў

Стратэгічная важнасць Гродна ў будучай вайне была зразумелай  для Галоўнага штаба і рускага цара. Яшчэ напярэдадні напалеонаўскага ўварвання на тэрыторыі Гарадзенскай губерні былі сканцэнтраваны буйныя ваенныя сілы, а 5 мая 1812 года сам імператар Аляксандр I наведаў Гродна.

АНезадоўга да вайны кіраўнік Расіі прадбачыў пагрозу і ўжо загадзя з заходніх зямель сваёй імперыі сабраў вялікую колькасць рэкрутаў з мясцовых жыхароў, якія ў будучыні маглі б падтрымаць Напалеона. Правізія і запасы таксама былі вывезены куды далей.

Падрыхтоўка да вайны з Францыяй на тэрыторыі Гарадзенскай губерні пачалася яшчэ ў 1809 годзе, калі было дадзена сакрэтнае распараджэнне аб эвакуацыі ў Пскоў ўсіх сакрэтных дакументаў, якія “могуць даць паняцце аб зямлі”.

Асоба варта адзначыць той факт, што менавіта ў Гарадзенскай губерні, якая калісьці належала Рэчы Паспалітай, актыўна працавалі французскія шпіёны. Яны распаўсюджвалі пракламацыі аб вольнасці, якія мелі вельмі моцны ўплыў на большую частку жыхароў краю. Французская шпіёнская сетка раскінулася па ўсёй заходняй тэрыторыі. Асобнай цікавасцю для Напалеона прадстаўлялі звесткі аб дарогах Гродна-Масква, Гродна-Вільня, Гродна-Пецярбург.
 

12 чэрвеня (24) 1812 года частка паўмільённай арміi Напалеона пераправілася праз Нёман, і ўварвалася ў межы Расійскай імперыі. На той момант рускiя войска не саступалi ў колькасці чалавек, але супраць Напалеона можна было выставіць крыху больш за 200 тысяч. І то яна была падзелена на тры далёка стаячых адзін ад аднаго групы (пад камандаваннем генералаў Барклая-дэ-Толі,         Баграціёна і  Тармасава).

 

З пачаткам ваенных дзеянняў у кірунку Гродна прасоўвалася правае крыло французскіх войскаў у складзе трох пяхотных і аднаго кавалерыйскага корпуса пад камандаваннем брата Напалеона, Вестфальскага караля Жэрома Банапарта.

 

18 (30) чэрвеня ў Гродна ўступіў сам Жэром Банапарт, які павінен быў дзейнічаць супраць арміі Баграціёна з тылу. Ён размясціўся ў палацы віцэ-губернатара Максімовіча (стары корпус аблвыканкама па вул. Ажэшка). Але замест таго, каб пераследваць рускае войска, у Гродне ішлі бесперапынныя святы і балы. Як успамінаў польскі улан Пётр Лагоўскi: “любімай забавай гэтага караля было раскошна адпачываць і танчыць. Танцы, віно і дзяўчаты займалі амаль увесь час Жэрома Банапарта ў Гродне. Прабыўшы ў горадзе пяць сутак, ён выпусціў магчымасць навязаць Баграціёну бітву. Яго брат, імператар Напалеон, быў вельмі незадаволены і раздражнёны падобнымі выхадкамі Жэрома.

Ужо ў першы месяц вайны ў губерні было набрана 2500 рэкрутаў-пяхотнікаў з адзеннем, бялізнай і харчаваннем. За кошт насельніцтва змяшчалася “народная” гвардыя і міліцыя (238 чалавек), а таксама шэсць батальёнаў стральцоў ўнутранай варты.

Ўсяго 5 з паловай месяцаў Гродна быў пад французамі. 8 снежня 1812 года ў горад увайшлі партызаны Давыдава, якія вызвалілі з палону 467 радавых, 14 параненых рускіх афіцэраў і захапілi у палон 661 французскага салдата.

Гісторык Алесь Радзюк, які нядаўна разважаў наконт вайны 1812 года адзначае:

Напалеон пачаў вайну з мэтай нанесці паразу Расіі, якая не падтрымлівала кантынентальную блакаду супраць Англіі. Такім чынам галоўным ворагам Напалеона была Англія, а Расійская імперыя была патрэбна яму толькі каб вывесці Англію з гульні. Нашыя землі успрымаліся ім толькі ў кантэксце магчымасці адраджэння Польскай дзяржавы.

А як жа стварэнне часовага ўрада ВКЛ?
– Беларусам гэта нічога не дало. Беларусам (а гэта на 90 % сяляне) было ўсё роўна хто цар ці імператар), абы іх не чапалі

Як салдаты Вялікай арміі ставіліся да беларускага насельніцтва?
Салдаты Вялікай арміі ўспрымалі беларускія землі як месца для папаўнення рознага кшталту запасаў і прыпасаў. Таму на думку салдат сяляне павінны былі забяспечваць іх гэтымі прыпасамі. Іншыя стаўленне было да шляхты, якая ў сваёй большасці добраахвотна патрымлівала Напалеона і яго армію.

А гарадзенцы каго падтрымалі? 
Зноў жа тут трэба падзяляць розныя класы: сялянам было ўсё роўна, а шляхта (а таксама гараджанне) у большасці былі за Напалеона. 

А вось Гурскі Аляксей, рэканструктар падпаручніка 17 ўланскага палка Вялікага княства Літоўскага лічыць, што казаць пра вызваленне кагосьці i кімсьці калі змагаецца дзве імперыі – няправільна. 

– Нават палякі для сябе тады гэтага не вырашылі і частка з іх ваявала на баку Расiі. Міф пра тое, што Напалеон збіраўся стварыць незалежную Польшчу нічым не пацверджаны акрамя абяцанняў імператара французаў. Калі б ён сапраўды гэтага хацеў, то ў яго было досыць сіл і часу, каб гэта зрабіць, але ён гэтага не зрабіў.


Аляксей зараз вярнуўся з Бельгіі, дзе беларусу разам са сваім палком ўдалося паўдзельнічаць у рэканструкцыі бітвы пры Ватэрлоо.
 
– Удзельнікаў было шмат, але мне падалося, што менш, чым чакалася. Бельгійцы ўвялі жорсткія рамкі па ліку рэканструктараў, а частка з тых, хто рэгістраваўся – не даехалi.
Рэканструкцыяй у прынцыпе займацца няпроста: гэта дорага і адымае шмат часу. У нас складанасць яшчэ і ў тым, што вельмі мала талковых майстроў, здольных аднаўляць артэфакты эпохі. Калі ў Еўропе – гэта адладжаная індустрыя, то ў нас усё, у асноўным, на ўзроўні майстроў-саматужнікаў, а гэта заўсёды значыць нізкая якасць паслуг. У нас таксама можна праводзіць масавыя рэканструкцыі. Рабочы варыянт бітва ля Студзёнкi на Бэрэзiне. Дзяржава гатова падтрымаць, але ніхто з рэканструктараў не гатовы брацца.

1812 год для Напалеона – гэта “пачатак канца”. Ад пераправы праз Нёман у чэрвені 1812 да паразы пад Ватэрлоо ў чэрвені 1815 вядзе прамая дарога. У гібелі напалеонаўскай імперыі Гродзеншчына згуляла далёка не апошнюю ролю. Калі б своечасова Жэром Банапарт апамятаўся і нагнаў б Баграціёна, зыход ўсёй ваеннай кампаніі 1812 мог быць вырашаны яшчэ да зімы. У выніку французы сышлі, але іх след да гэтага часу застаўся на нашай зямлі. Вядомае гарадзенскае прозвішча Барэль – гэта і ёсць адгалоскі той самай вайны. Карэта знойдзеная пры рэканструкцыі моста і многія іншыя знаходкі штогод даюць нагоду ўспомніць 1812 год. А кім былі французы на нашых землях, вырашаць ужо вам.