Адсюль вывезлі рэшткі некалькіх дыназаўраў: гарадзенскі краязнаўца разважае пра знаходкі на кар’ерах
Скамянелыя старажытныя выкапні на тэрыторыі Гарадзеншчыны ў асноўным знаходзяць глыбока пад зямлёй. Тым не менш, на паверхні таксама можна сустрэць нямала скамянелых рэштак жывых арганізмаў, большасць з якіх былі занесены на нашы землі ў час ледавіковага перыяду.
Палеанталогія гарадзенскіх касцёлаў: пад нагамі гарадзенцаў – малюскі Палеазойскай эры
Крэйдавыя слаі ў нашым рэгіёне з’явіліся дзякуючы рыжскаму ледавіку, які прынёс іх з месцаў карэннага залягання тысячы гадоў таму.
Крэйду жыхары Гродна выкарыстоўваюць вельмі даўно, у асноўным пры будаўніцтве і ў рамястве: яе дадавалі ў будаўнічую росчыну і выкарыстоўвалі для фарбавання сцен будынкаў.
Да сённяшняга часу крэйда з’яўляецца незаменным матэрыялам у будаўніцтве. У вобласці ёсць некалькі месцаў з вялікімі покладамі крэйды, дзе вядзецца здабыча адкрытым спосабам. Найбуйнейшыя радовішчы – кар’еры ў пасёлку Краснасельскім і кар’еры каля Гродна.
Адпаведна, краснасельскія кар’еры найбольш багатыя на знаходкі, аднак і ў гарадзенскіх можа трапіцца штосьці з мезазойскага перыяду.
Са слоў Мечыслава Супрона, самае цікавае ў раёне Гродна можна знайсці на кар’еры, які мясцовыя называюць Сінька, і які зараз ужо напалову закапаны. Поспех у пошуку артэфактаў ў многім справа выпадку – тут многае залежыць ад слаёў, якія ў месцы пошуку выходзяць на паверхню. А каб знайсці сапраўды цікавую рэч, трэба быць спецыялістам і мець спрактыкаванае вока. Звычайны будаўнік ці выпадковы чалавек не зможа распазнаць у кавалку пароды каштоўны артэфакт.
– Людзі, якiя цікавяцца ледніковым перыядам, тут без знаходак не застаюцца, – адзначае Мечыслаў.
– Знаходкі бываюць рознага тыпу: скамянелыя малюскі-белемніты, марскія вожыкі і ракавіны. Да найбольш рэдкіх адносяцца зубы акул і марскіх скатаў, а таксама рэшткі марскіх рэптылій крэйдавага перыяду, – расказвае краязнаўца.
Месцам нашага пошуку сталі кар’еры каля Зарачанкі. Асноўны кар’ер зараз у працоўным стане. Штодня адсюль вывозіцца па некалькі тон крэйды. Шыльда, якая вісіць ля ўезду, інфармуе, што капаць тут будуць да 2022 года.
Мечыслаў Супрон адзначае, што калі будуць капаць яшчэ глыбей, павысіцца верагоднасць сур’ёзных знаходак, але на жаль, будаўнікі гэтага не заўважаць. З яго слоў можна зрабіць выснову, што за апошні час з кар’ераў каля Гродна вывезлі скамянелыя рэшткі як мінімум некалькіх марскіх дыназаўраў крэйдавага перыяду.
Яшчэ на пачатку 2000-х на кар’еры была арганізавана экспедыцыя аднаго з мінскіх ВНУ. Студэнты сумесна з выкладчыкам сабралі вялікую колькасць зубоў акул, а таксама знайшлі некалькі фрагментаў костак, магчыма, марскіх рэптылій.
Недалёка ад Пышкоў на левым беразе Нёмана ёсць яшчэ два кар’еры, яны ўжо даўно запоўненыя вадой. Але і там можна знайсці што-небудзь вартае ўвагі. Спусціўшыся да берага, мы адшукалі некалькі цікавых скамянеласцяў. Краязнаўца адзначае, што такія знаходкі ў гэтых месцах не рэдкасць. Аднак, магчымасці пошукаў на кар’ерах змяншаюцца па меры іх затаплення. А тут за апошнія пяць гадоў узровень вады падняўся на некалькі метраў.
Перспектывы ад Мечыслава Супрона:
– Кар’еры могуць стаць маляўнічым месцам для адпачынку. Стварэнне ў такіх месцах веласцежак і альтанак яшчэ больш прыцягне турыстаў. А яшчэ трэба стварыць музей пра здабыванне крэйды на Гарадзенскай зямлі. Бо гэта даўні мясцовы промысел, ёсць пра што распавесці і што паказаць. Калі б стварылі музей, я б з радасцю аддаў туды ўсе свае знаходкі, якiх у мяне шмат.
Аднак у рэальнасці пра маляўнічыя краявіды няма і гаворкі – тэрыторыя каля кар’ераў больш падобная на сметнік.