“Малітваслоў праваслаўнага ваяра” з расейскім арлом прадаецца ў Горадні

|

 

Невялічкі “Малітваслоў”, які змясціцца ў нагруднай кішэні вайсковага кіцеля, можна прыдбаць у царкоўнай краме насупраць праваслаўнага сабору ў Горадні. Трыкалор і расейскі герб на чорнай вокладцы адразу кідаюцца ў вочы, аднак на гэтым “патрыятызм” малітваслова не сканчаецца.

 

 

 

                 “Издавна на Руси, вознося молитвы о русском воинстве,сражающемся «за веру, царя и Отечество”…”(с.49)
                 “О, всехвальный святий чудотворче Георгие! Умоли Бога (…) да укрепит государство Российское…” (с.12)
                 “Молим вас, христолюбивии страстотерпцы, споспешествуйте державе Российстей в победе насопротивныя…” (с.13)
                 “Да несут Российстии воины страх врагам…” (с.13) і г.д.

 

Малітваслоў выйшаў у 2014 годзе, калі вайна Расеі з Украінай ужо ішла. Падчас прэзентацыі выдання галоўны рэдактар Выдавецтва Маскоўскай Патрыярхіі протаіерэй Уладзімір Сілоўеў падкрэсліваў у інтэрв’ю журналістам важнасць малітвы для “вайскоўца, пакліканага для абароны нашай Айчыны”. Але якую Айчыну меў на ўвазе протаіерэй? Дакладна не беларускую…

 

Belsat.eu звярнуўся па каментар да настаяцеля Барысаглебскай царквы ў Горадні айца Георгія Роя.

“З прычыны вядомых мінулагодніх падзеяў дзяржаўная сімволіка Расеі і Украіны стала вельмі палітызаванай, – падкрэсліў праваслаўны святар. – Яе неабдуманае выкарыстанне ў Беларусі часам можа быць правакацыйным… Таму, канешне, супрацоўнікі царкоўнай крамы павінны былі б прадугледзець гэта і пазбегнуць выстаўлення ў продаж малітвасловаў з такім дызайнерскім аздабленнем. Увогуле лічу, што афармленне малітваслова, нават калі ён “воінскі”, павінна быць выключна з выкарыстаннем хрысціянскай сімволікі”.

Святар таксама звярнуў увагу на тое, што прысутнасць выразаў “Государство Российское” і “земля Русская” тлумачыцца часам складання малітваслова. А гэта, найбольш імаверна, XVIII-XIX стст., то бок часы Расейскай імперыі. З тых часоў малітвы маглі перадрукоўвацца наагул без рэдактуры.

“Акрамя гэтага, мы праваслаўныя беларусы, – працягвае святар, – сваю беларускую зямлю таксама лічым Рускай зямлёй. Але не ў сэнсе яе залежнасці да сучаснай Расейскай Федэрацыі, а ў сэнсе гістарычным. Дастаткова зазірнуць у беларускія гістарычныя акты XVI-XVIII стагоддзяў і мы ўбачым, што выбітныя постаці нашай культуры і гісторыі гавораць пра сябе як пра “народ рускі”, але гэта не азначала, што яны атаясамліваюць сябе з Маскоўскім княствам”.

Варта адзначыць, што летась медыі пісалі пра падобныя малітоўнікі ў Берасці. Гэта паказвае, як элементы “русского мира” дайшлі нават да заходніх беларускіх гарадоў.