Стары замак як Мекка для турыстаў: пра перспектывы рэканструкцыі разважалі ў Гродне (ВІДЭА)

Першым на сустрэчы з журналістамі выступіў начальнік аддзела ідэалагічнай работы і культуры Гродзенскага аблвыканкама Павел Скрабко. Ён паведаміў, што дакладныя тэрміны сканчэння рэканструкцыі пакуль не вызначаны.

– У мінулым годзе на даследаванні выдзелілі два мільярды беларускіх рублёў, у гэтым ужо пяць мільярдаў. Фінансаванне будзе доўжыцца да 2018 года ў межах праекту “Замкі Беларусі”. Потым плануецца адкрыць рахунак для ахвяраванняў на рэканструкцыю Старога замка. Ужо зараз ёсць жадаючыя дапамагчы і мы спадзяемся, што надалей такіх людзей будзе значна больш. Для нас гарадзенскі Стары замак гэта Мекка, у якой павінен пабываць не толькі кожны беларус, але і кожны еўрапеец.

 

Пасля пачаліся выступы гісторыкаў, архітэктараў і археолагаў, з якіх прысутныя даведаліся пра ход і вынікі першага этапу даследванняў. Найперш спецыялісты падкрэслілі важнасць геадэзічных вымярэнняў на тэрыторыі замка: яны падцвердзілі, што ён стаіць на шчыльных грунтах, а на глыбіні каля 20 метраў пад ім няма падземных водаў і пустот.

Адмыслоўцы акцэнтавалі ўвагу на тым, што гарадзенскія замкі гэта адзіныя збудаванні ў Беларусі, дзе ў свой час былі рэзідэнцыі вялікіх князёў і каралёў. Таму адказнасць за захаванне гэтых помнікаў  –  справа ўсёй краіны. Ужо ў час раскопак 1930-х гадоў пад кіраўніцтвам Юзафа Ядкоўскага стала зразумела, што горад цягам сваёй гісторыі не быў выключна польскім, як меркавалі ў той час многія.

Калі б рэканструкцыю Старога замка ўдалося ажыццявіць, як планавалася, у 1994 годзе, крэпасць на беразе Нёмана стала б самым папулярным турыстычным аб’ектам у Беларусі. На жаль, на той час планы рэканструкцыі не ажыццявіліся, і вярнуцца да іх ўдалося толькі праз больш чым 20 гадоў.

 

Першыя крокі ў даследаванні будынка (зняцце тынкоўкі) адкрылі кладку розных гістарычных перыядаў (муры часоў Вітаўта, Баторыя, пазнейшыя рэканструкцыі XVII-XX стст.). Усе яны істотна розняцца між сабою і кожны прадстаўляе цікавасць для гісторыкаў, расказалі архітэктары Уладзімір Бачкоў і Алег Шымбарэцкі, якія ўласна і займаюцца даследчымі працамі.

Калі пачалі здымаць падлогу, то выявілі прыкметы будаўніцтва розных часоў. Стан канструкцый даў падставу меркаваць, што працы па рэканструкцыі выконваліся не заўсёды якасна. Пры даследваннях гэтага году выявілася, што паміж сучаснай і арыгінальнай падлогамі замка існуе зазор папросту засыпаны будаўнічым смеццем. Глыбіня яго вагаецца ад 35 см да метра.

У некоторых месцах выявілі, што падлогу рамантавалі паслядоўнымі насціламі слаёў цэглы: ніжні слой датаваўся часамі Баторыя, а над ім знаходзілася падлога больш позніх перыядаў.

Дах замка таксама ў дрэнным стане і мае патрэбу ў тэрміновай замене.

 

Артэфакты, якія знайшлі пад час падрыхтоўкі да рэканструкцыі на тэрыторыі замка, вельмі важныя, бо дазваляюць рабіць высновы пра тое, як будаваўся  замак ў розныя часы. Абапірацца прыходзіцца на іх, бо гістарычных  дакументаў на гэты конт няшмат.

 

Істотныя знаходкі гэтага года датуюцца XIV-XVII стагоддзямі. Гэта гэта бранзалет, частка гарматы і спускавы механізм ад арбалета.

Гісторыкі адзначаюць, што апошняя сур’ёзная перабудова замка была менавіта пры Гучы ў XVI стагоддзі. Усе пазнейшыя будаўнічыя работы можна кваліфікаваць хутчэй як звычайныя рамонты і дабудоўкі.

 

У канцы сустрэчы дырэктар музея Юрый Кітурка адзначыў, што выказванне “будавалі на стагоддзі” ўжо не актуальна ў адносінах да Старого Замка.

 

– Калі шчыра, то нашы будаўнікі нашмат лепш будуюць. Раней зганялi палонных і ім казалi класці камень і лiць раствор, яны так і рабілі. Я на ўласныя вочы бачыў, як цагліны таго часу папросту разбіваюцца ад  удара звычайнай палкі. На жаль, прафесіяналізму раней не было,  як такога. Калі б мы яшчэ 50 гадоў пачакалі з рэканструкцыяй, то замак бы цалкам страцілі . Цяперашняя рэканструкцыя своечасовая і мы да яе ставімся з усёй сур’ёзнасцю.

 

Што тычыцца падземных хадоў і сутарэнняў пад замкам, то пакуль  гісторыкі не спяшаюцца рабіць сур’ёзныя высновы. Напрыклад, археолаг Наталля Кiзюкевiч увогуле адмаўляе той факт, што ў Замкавай гары ёсць падземныя хады.

 

Рана ці позна мы даведаемся як яно ёсць насамрэч. А першыя адказы на пытанні могуць з’явіцца ўжо хутка,  калі пачнуцць здымаць падлогі ў  самім замку.

 

У відэа выкарыстана музыка гурта Troitsa