Фотафакт: стужкі з шыпамі знаходзяць на сцежках у Румлёва. Будзьце пільныя!

|

Раней пра змаганне вясковага пенсіянера з гарадзенцамі пісаў “Вечерний Гродно”. Але, як аказалася, канфлікт не вычарпаны, і, падобна, мужчына зноў працягвае барацьбу з нежаданымі суседзямі.

 

На сцежках лесапарка ў гэтым раёне з’явіліся раскіданыя стужкі з востра заточанымі цвікамі вышынёй 4 см. Як кажуць відавочцы, іх цяжка заўважыць, таму ёсць рызыка наступіць і пашкодзіць ногі.

 Падобна на тое, што гэта справа рук дзеда, які даўно пабудаваў сабе дом у сённяшнім Румлёўскім парку. Калі ён пабудаваўся, то горад знаходзіўся не так блізка да яго, дом быў за горадам… А зараз раён разросся, людзі сталі часцей гуляць у лесе, бегаць і нібыта яму перашкаджаць сваёй прысутнасцю. Ён не хоча, каб людзі хадзілі побач з яго тэрыторыяй, таму стварае ўсялякія перашкоды для адпачываючых.


Я сама веласіпедыстка. Калі на чарговай трэніроўцы мы паехалі глядзець трасу для гонкі “Тры Вярсты”, то пракалолі чатыры колы. Спачатку не зразумелі дзе і як, але потым знайшлі вось гэтыя цвікі. Мы падумалі, што проста нехта паставіў, але калі выйшаў дзед і пачаў праганяць нас, то ўсё высветлілася. Мы прыбралі гэту пастку, але на наступны дзень зноў паехалі на трэніроўку і зноў прабілі чатыры колы. Гэтым разам стужку з цвікамі мы знайшлі ў іншым месцы.


Мы зразумелі, што яны ляжаць у такіх месцах, якія нельга аб’ехаць. Пасля гэтага выпадку трэнер паехаў у міліцыю: прасіць, каб нам дапамаглі. Участковы сказаў, што будзе разбірацца, але ў выніку сёння на гонцы палова ўдзельнікаў сышла з дыстанцыі з-за праколаў, а мы ізноў знайшлі дзве стужкі з цвікамі. Мы не ведаем, што рабіць. Няма доказаў, што гэта ён робіць.


Увогуле, не так страшна, калі мы наязджаем на цвікі коламі, мы хоць можам іх  заклеіць. А як быць людзям, якія гуляюць у лесе? Калі яны наступяць, то могуць прабіць нагу наскрозь, – расказала пацярпелая веласіпедыстка.

 

Раней сітуацыю каментаваў начальнік участка лясной гаспадаркі “Гродназеленбуд” Андрэй Лубін. Ён зазначаў, што абмяжоўваць доступ у лесапарк жыхарам горада пенсіянер не мае права, а для прававога вырашэння канфлікту раіў звяртацца ў міліцыю ці санітарную службу.

 

Аднак да высвятлення абставін складанай сітуацыі раім быць больш уважлівымі пад час шпацыру ў лесапарку Румлёва, а таксама  ўзаемна ветлівымі з сусудзямі.