Grodno Jazz 2015: ад класікі джазу да амерыканскага рок-н-ролу

 

Вечар 28 чэрвеня сабраў аматараў джазу на пляцоўцы ля Новага замку. Менавіта там распачаўся  юбілейны дзесяты фестываль джазавай музыкі “Grodno Jazz 2015”. У першы дзень фестывалю выступілі Трыа Анджэя Ягадзінскага (Andrzej Jagodzinski Trio) з Польшы, Трыа Себасцьяна Студніцкага (Sebastian Studnitzki Trio) з Германіі і Гурт Джона Роджэрса (Johnny Rodgers Band) з ЗША. Першыя два гурты выступілі з інструментальнай праграмай, а Johnny Rodgers Band выканалі ўласныя песні, класіку джазу і амерыканскі рок-н-рол.

 

Анджэй Ягадзінскі стварыў сваё джаз-трыа яшчэ ў 90-х. З таго часу яны бралі ўдзел ў многіх найбольш значных джазавых фестывалях Еўропы. А ў 2005 годзе міністэрства культуры Польшчы ўзнагародзіла Ягадзінскага бронзавым медалём Gloria Artis за заслугі ў галіне культуры.

 

Себасцьян Студніцкі – трубач-віртуоз з Германіі. Грае ў гурце Mezzoforte. Таксама ён супрацоўнічаў са Sting і Stevie Wonder.

 

Квартэт Johnny Rodgers Band выступае ўжо 12 гадоў і грае ў стыле “амерыкана” – яны змешваюць блюз, соўл, джаз, рок-н-ролл і поп-музыку. Апошнім часам выступаюць у Расіі і на Блізкім Усходзе.

 

Калі першыя два гурты людзі слухалі седзячы з заплюшчанымі вачымі, то Johnny Rodgers Band разварушылі публіку. Самыя актыўныя пачалі танцаваць, спяваць, заклікаць да сябе іншых. Гурт два разы выходзіў на біс. Перадапошняй Johnny Rodgers Band выканалі песню Джо Кокера “You can leave your hat on”. Пад яе на сцэне танцавала перакладчыца Джоні Роджэрса. Таксама ў той вечар гучалі песні Луі Армстранга і Рэя Чарльза. Джоні Роджэрс актыўна камунікаваў з публікай, называў некаторых слухачоў па імёнах і заахвочваў спяваць разам з ім.

 


 

На фестывалі гандлявалі прадстаўнікі этнакрамы “Цудоўня”. Кованыя падсвечнікі, бранзалеткі і завушніцы з прыродных матэрыялаў прыцягвалі ўвагу дзяўчатак і дзяцей. Таксама можна было выпіць светлага піва за 20 тысяч ці шампанскага за 100  і падсілкавацца фаст-фудам.

 

Ацаніць першы дзень фестывалю і выступоўцаў мы папрасілі ў гарадзенскіх музыкаў, заўважаных намі на Grodno Jazz. Вось што кажа Яўген Кучмейна (праект .К):

 

– Я чакаў пачуць больш архаічны джаз, чакаў тых класічных выступоўцаў, якіх я раней слухаў. Тыя песні, што я чую тут, можна аднесці хутчэй да рок-н-ролу. Але ўсё роўна вельмі добра, што такі фестываль ёсць у Гродне. Усё крута: музыка, паветра, добрае надвор’е.

 

Таксама выказаўся Максім Назарук, бубнач гурта “Раса мечтателей”, які можна будзе пачуць на другім дні фестывалю:

 

– Фестываль выдатны, я быў амаль што на ўсіх Grodno Jazz. Гэтым разам былі вельмі крутыя выступоўцы: першы гурт быў больш класічны, другі – больш эксперыментальны, а трэці – проста неверагодны. Хацелася б, каб было больш фестываляў. Трэба больш джазу! Але калі Grodno Jazz праводзяць раз на год, ён становіцца сапраўды вялікім. У Гродне мала хто грае джаз, але калі фестывалі будуць і надалей праводзіць, то попыт на джаз-бэнды павялічыцца.

 

Здымкі Алены Кавальчук