Таццяна Караткевіч: “Гродна павінен быць гістарычнай Мекай для ўсiх беларусаў”

– Таццяна, як вам Гродна? 

 

– Горад вельмі прыгожы. Але я проста такі чалавек, якому ўсё падабаецца. Гэта ўжо 17-ты горад, у які я прыязджаю ў рамках сваёй кампаніі, і ў кожным горадзе я знаёмлюся з такімі людзьмі, з якімі мне б хацелася сустрэцца яшчэ. І Гродна для мяне такі горад, у які мне хочацца яшчэ раз прыехаць, але не для таго каб прабегчы, а для таго, каб пажыць у ім.

 

Я рызыкавала: скакала як газэль на руінах Старога замку, таму што мне сказалі, што гэта частка крэпасці часоў Вітаўта і калісьці ён дакранаўся да гэтых самых камменняў. Я проста веру ў чараўніцтва, і мне здаецца, што я дакранулася не проста да камення, а да гістарычнай памяці, энергетыкі, і я веру, што гэта можа змяніць мой душэўны стан.

 


– На ваш погляд, чаго не хапае Гродна?


– Я  была ў старым замку, там ёсць музей, ідзе працэс рэстаўрацыі, які зацягнуты на невядома які тэрмін. Ёсць руіны, але чамусьцi яшчэ пры гэтым ёсць зараснікі крапівы і кучы халусця, якія ляжаць то тут, то там, што нiяк не звязана з рэстаўрацыяй. Мне здаецца, што ўсё, што мае хоць нейкую гістарычную значнасць, павінна ахоўвацца ўладай. І можна было б, напрыклад, на гэтым беразе Нёмана падтрымаць які-небудзь ідэйны праект міні-кафэ або пляцоўкі для настольных гульняў, буккросінг развіць, таму што гэта выдатнае месца: паставіў тэнт, зэдалькі і ўсё – чытай, атрымлівай асалоду.  Усё павінна жыць. Для таго, каб адраджалася гісторыя, трэба любіць тое месца, дзе ты нарадзіўся. Гэта самае галоўнае для кожнага горада. Але для Гродна асабліва, таму што тут шмат такіх месцаў. Гродна павінен быць гістарычнай Мекай для ўсiх беларусаў.

– А якi ваш любімы горад ў Беларусі?


– Для мяне любімы горад – гэта, вядома, Мінск, я родам адтуль. Але я паўтаруся, я люблю ўсё тое, што звязана з Беларуссю, і я спрабую прачуць кожны кавалачак зямлі, таму што я люблю нашых людзей і нашу зямлю.

 

– Чаму беларусы павінны за вас галасаваць?


– Я думаю, за мяне будуць галасаваць людзі, якія хочуць пераменаў. І хочуць, каб гэтыя перамены адбыліся мірным шляхам без сацыяльных узрушэнняў, без агрэсіі, без нападу адзін на аднаго. Каб усе перамены праходзілі з разуменнем важнасці і неабходнасці гэтых змен.

 

Я думаю, што моладзь разумее, што на працягу 20 гадоў яны выраслі і жывуць пры адной уладзе. А моладзь больш цікаўная, яна шмат падарожнічае і бачыць, што за мяжой ўлада мяняецца, а ў нас, чамусьці, не. Я думаю, што маладыя людзі – гэта якраз апора і аснова маёй кампаніі. Сённяшняя моладзь стаіць перад выбарам: будаваць сваю будучыню ў Беларусі ці з’язджаць. І мне б хацелася, каб з дапамогай маёй кампаніі маладым людзям захацелася застацца жыць у Беларусі. Нам патрэбныя перамены, і моладзь павінна быць часткай гэтых пераменаў.

Вы лічыце, што ў моладзі ёсць будучыня ў Беларусі?


– Я як раз  той чалавек, які лічыць, што будучыня ёсць. Я 12 гадоў працавала ў Вышэйшай школе, у педагагічным універсітэце і ўніверсітэце сацыяльных тэхналогій БДУ. Я шмат часу аддала працы з моладдзю, каб матываваць іх, каб яны працягвалі тут сваю вучобу, працу менавіта па спецыяльнасці.

 

Ёсць некалькі галоўных крытэрыяў для таго, каб даведацца, шчасліва жыве чалавек ці не: па-першае, гэта сям’я – калі яна моцная, то ў яе больш магчымасцяў падтрымаць адзін аднаго, а гэта вельмі каштоўна. Па-другое, гэта якасць адукацыі, гэта праца, звязаная з адукацыяй, а не так як у нас: атрымліваюць адукацыю ў адной сферы, а працуюць у зусім іншай. Гэта ўсё звязана. Гэтак жа ўзровень зарплаты, магчымасць самарэалізавацца. Вось гэта – асноўныя крытэрыi шчаслівага, паспяховага і якаснага жыцця. І я хачу, каб гэта ўсё было ў нашай моладзі.

– А вы, як жанчына, не баіцеся ісці на выбары?


– Шчыра скажу, я баюся. Я не які-небудзь вар’ят. Ва ўсіх ёсць свой пэўны парог або ўзровень страху. У мяне ёсць прышчэпачка ад страху. Але ў мяне яшчэ ёсць свой спосаб барацьбы са страхам: калі вельмі-вельмі страшна, трэба проста зрабіць першы крок. І ты зразумееш, што далей цябе чакаюць новыя перспектывы і магчымасці, новы жыццёвы вопыт і веды. І, галоўнае, жыццё працягваецца.

 

– Як вы лічыце, жанчына можа кіраваць краінай?

 

– Сёння жанчыны шмат дзе кіруюць у нас у Беларусі. Дарэчы, наша краіна на 5 месцы па колькасці жанчын, якія задзейнічаны ў кіраўніцкай сферы. Таму, вядома, можа. Проста жанчынам трэба трошкі адысці ад стэрэатыпаў, што мы не вартыя, мы не можам, што гэта мужчынская праца, мы чымсьці горш або лепш. Не, мы вартыя, мы можам і ў нас выдатна атрымліваецца.

 

– У суседняй Літве прэзідэнтам з’яўляецца жанчына. Хацелася б вам з ёю пазнаёміцца?


– Вядома, мне б хацелася з ёй сустрэцца, і я паспрабую гэта зрабіць. Але зараз мая галоўная задача – гэта сфармаваць ініцыятыўную групу, сабраць подпісы, зарэгістравацца ў якасці кандыдата. І тады шанцаў будзе больш, таму што мы суседзі і мы павінны будаваць добрасуседскія адносіны.

 

– Хто з’яўляецца для вас прыкладам для пераймання?

 

– Для мяне ў першую чаргу кумірамі з’яўляюцца паспяховыя беларусы. Я лічу, што ў нас іх шмат. Напрыклад, два хлопцы, якія нядаўна выйгралі конкурс стартапаў на тэму новых тэхналогій (галаграфічная рэклама). Вельмі іх паважаю, шкада, што ім давялося з’ехаць з Беларусі, каб дамагчыся такога поспеху.

 

Або мадэль з ДЦП – маладая дзяўчына, якая дамагаецца поспеху ў свеце моды. Мой навуковы кіраўнік, Эдуард Бароўскі – я ім захапляюся. І узростам, і стойкасцю, і яго маральным духам. Што тычыцца палітыкаў, то мне падабаецца Ангела Меркель, гэта яскравы прыклад, што жанчына можа перамагчы, і дзяржава, якой яна кіруе, з’яўляецца паспяховай краінай.

– Як вы ставіцеся да цяперашняга прэзідэнта Рэспублікі Беларусь?


– Ён пенсіянер – пойдзе на пенсію, вось якое ў мяне да яго стаўленне. Я з ім асабіста не знаёмая. І ў мяне адносіны толькі да вынікаў яго дзейнасці. 

 

Сёння яго асноўная мэта – утрымаць уладу. Нам жа патрэбны перамены. Чаму цяпер усе кажуць пра неабходнасць пераменаў? Таму што гэта відавочна. Нам патрэбна тая ўлада, якая будзе паважаць свой народ. Усе рашэнні, якія прымаюцца, павінны ўлічваць інтарэсы моладзі і пажылых людзей, сем’яў, якія хочуць не аднаго дзіцяці, а дваіх ці траіх, і не баяцца за іх будучыню. Нам патрэбна такая ўлада, якая будзе ў сваіх рашэннях арыентавацца на інтарэсы і патрэбы людзей. 

 

– На вашу думку, у якім напрамку нам трэба развівацца – ў Заходнім або Усходнім?


– Нам трэба разумець, у якіх рэаліях мы жывем і якія ў нас бліжэйшыя перспектывы. І для пачатку мы павінны стаць надзейным партнёрам для Захаду і Усходу. А надзейным партнёрам Беларусь стане толькі тады, калі будзе выконваць свае абавязацельствы і будаваць новыя адносіны з усімі. Цяпер у нас больш развітыя адносіны з Расіяй і зусім не развітыя з Еўропай.

 

Каб быць добрым партнёрам, мы павінны быць краінай з рэальна нейтральным ваенным статусам. Многія людзі кажуць, што яны не хочуць, каб у іх краіне былі ваенныя базы, аб’екты і гэтак далей. Усе будуць разумець, што мы мірныя, адкрытыя і надзейныя. Гэта наша бліжэйшая перспектыва.

 

Уступленне ў Еўрасаюз – гэта вельмі далёкая перспектыва. Нам трэба падняць паказчыкі па многіх крытэрыях, якія існуюць для таго, каб увайсці ў Еўрасаюз. Потым нам трэба самім шмат чаму навучыцца. Усе мы ведаем, якія існуюць стандарты ў Еўрасаюзе і нам трэба да іх імкнуцца, таму што гэта добрая якасць жыцця, добрая адукацыя, працоўныя месцы, падтрымка прыватнай ініцыятывы. Усё гэта павінна быць. І зараз мы павінны усімі сваімі сіламі да гэтага імкнуцца. А дзяржава павінна ва ўсім дапамагаць людзям. Галоўнае не перашкаджаць ім працаваць і быць гарантам таго, што правы кожнага будуць абаронены.


– Як утрымаць моладзь у Беларусі, якая з’язджае на Захад?


– Для таго, каб маладыя людзі не з’язджалі, яны павінны разумець, якія ў іх ёсць перспектывы ў сваёй дзяржаве. Першае працоўнае месца павінна быць нейкім чынам замацавана або павінна давацца магчымасць яго самому знайсці.

 

Потым, у любой сферы, якую б мы не ўзялі, мы бачым, што вельмі складана дамагчыся прафесійнага росту, і студэнты, прышоўшы на практыку ў любую ўстанову, бачаць, што чалавек працуе шмат гадоў, пры гэтым ён сабе ні на што не напрацаваў.

 

Напрыклад, я шмат працавала ў сферы адукацыі, павышала сваю кваліфікацыю і была добрым спецыялістам, але я не стала багацей за гэтыя 12 гадоў ні на кропельку. І людзі сыходзяць з гэтай сферы, сыходзяць у прыватны бізнес, мы губляем спецыялістаў, у якіх ўкладвалі грошы. Таму для моладзі трэба ствараць перспектывы. Трэба стымуляваць і развіццё прыватнай ініцыятывы, каб моладзь магла займацца сваёй справай, якая звязана з іх адукацыяй.

 

Вядома, выбар застацца тут або з’ехаць будзе вельмі звязаны з тым, наколькі паспяховай будзе наша эканоміка ў цэлым. Трэба разумець, што немагчыма стварыць усюды добрыя ўмовы, але трэба да гэтага імкнуцца.

– Як вы лічыце, наколькі важна прыцягваць у Беларусь замежных інвестараў?


– У нас цяпер якое пытанне не задай, прыйдзі ты ў ЖКГ і скажы, што пашкодзілася дзіцячая пляцоўка, зламаўся тратуар або папрасі паставіць велапаркоўку, табе скажуць – у нас няма грошай. Пытанне ў першую чаргу тычыцца эфектыўнасці дзяржаўных выдаткаў бюджэту, а другое – прыцягненне інвестараў.

 

Інвестары даюць такія ж перавагі, як і падтрыманне прыватнай ініцыятывы, гэта новыя працоўныя месцы, гэта добраўпарадкаванне. Чым дрэнна, калі прыйдзе інвестар і, напрыклад, пабудуе які-небудзь будынак, гатэль або рэстаран, але пры гэтым добра ўладкуе тэрыторыю вакол гэтага аб’екта. Калі пры гэтым падтрымліваць якi-небудзь сацыяльны праект, што ў гэтым дрэннага.

 

Плюс – гэта новыя працоўныя месцы, якіх нам сёння вельмі не хапае. Таму трэба гэта толькі вітаць. З іншага боку, у нас ёсць складанасці з інвестыцыйным кліматам. Многіх інвестараў адпуджвае такая сітуацыя, якая ў нас існуе. Ёсць такі кодэкс інвестыцыйны, раней ён працаваў спраўна, а цяпер не. Таму што трэба, каб у інвестара былі гарантыі таго, што яго капітал, прыцягнуты ў нашу краіну, будзе нейкім чынам абаронены, што заканадаўства не будзе мяняцца датычна яго інвестыцыйнага праекта. Што ў яго не адбяруць яго бізнэс потым.

 

Яскравы прыклад зараз – сітуацыя з заводам “Мотавела”, рэзка дзяржава вырашцла, што гэта неэфектыўнае прыватнае прадпрыемства – і яго проста адбіраюць. І ў нас пастаянна такі кругазварот адбываецца, спачатку дзяржава прадае, а потым адбірае назад сабе. А ўсё павінна развівацца наадварот.