Кім і чым можа ганарыцца Гродна? Вядомыя гарадзенцы – пра свой любімы горад

|

Уладзімір Хільмановіч, журналіст і публіцыст

–  Калі казаць пра гісторыю і культуру, то Гародня ганарыцца Давыдам Гарадзенскім, Вітаўтам, каралём Стэфанам Баторым – значнымі гістарычнымі постацямі, якія тут жылі. А таксама тымі, хто жыў пазней і дзейнічаў на карысць Беларушчыны. З помнікаў архітэктуры – канешне, Каложа, каталіцкія храмы, кірха, сінагога – уся старая архітэктура.

 

У сучаснасці ж ганарыцца няма чым, паколькі горадам кіруюць русіфікатары і “саветы”. Трэба адраджаць слаўныя традыцыі горада – найперш самакіраванне, а таксама культурніцкія і поліканфесійныя традыцыі. А сёньняшнія ўлады адраджаюць культ савецкіх псеўдагерояў і забываюцца пра нацыянальныя здабыткі.

 

Ганарыцца мы маглі б нашымі пісьменнікамі – ад Ажэшкі да Быкава, старадаўняй архітэктурай, традыцыяй магдэбургскага права і г. д.  Што тычыцца сучаснасці, ёсць вартыя, паважаныя і таленавітыя людзі, але пакуль яны жывыя, рабіць з іх культу нельга. Як нельга рабіць і з тых, хто адыйшоў, як здарылася пасля заўчаснай смерці некаторых.

 

Віктар Шалкевіч, бард, актор, паэт і шоўмэн:

–  Гродна нікім і нічым не ганарыцца. Ганарацца людзі, якія ў ім жывуць. Ганарацца Стэфанам Баторыем, святымі Казімірам, Мельхіорам Форданам, Максіміліанам Колбэ, Антоніем Тызенгаузам, Ядкоўскім – спіс несканьчоны, не гаворачы пра архітэктуру.

 

Кацярына Забеліна, уласніца першага ў Гародні антыкафэ “Жывы час”:

– Думаю, што перадусім Гродна можа ганарыцца сваёй архітэктурай: замкам, Каложскай царквой, барочнымі касцёламі. Гродна славіцца прыгожымі дзяўчынамі, сваёй “еўрапейскасцю”.

 

Калі казаць пра прадстаўнікоў – Элаізай Ажэшка, Людвікам Заменгофам – стваральнікам эсперанта. З сучаснікаў можна ганарыцца Данутай Бічэль- Загнетавай, мастакамі Сільвановічам, Якавенка, Ільіной – прынамсі я ганаруся, што яны жывуць і працуюць у Гродне.

 

Узгадала яшчэ аднаго гарадзенскага мастака – Андрэя Філіповіча. Ганаруся тым, што ў Гродне ёсць такія майстры, якія не толькі класна малююць, але маюць і камерцыйны поспех. Таксама ганаруся сваімі пляменнікамі: Паўлам Забеліным – футбалістам “Немана”, і Віталём Забеліным – вакалістам гарадзенскага гурта “7 минут жизни”. 

 

Анджэй Пачобут, журналіст:

– Гродна вядомы як горад караля Стэфана Баторыя, горад Элізы Ажэшка. Горад, дзе адбыліся такія знакавыя падзеі гісторыі, як апошні “маўклівы Сэйм” Рэчы Паспалітай, ці абарона горада ў верасні 1939 года. У розны час з Гродна звязаны біяграфіі пісменнікаў Паўла Ясеніцы, Васіля Быкава, ці польскага рок-спевака Чэслава Немэна. Самым вядомым жыхаром Гродна мне падаецца Эліза Ажэшка.

 

Цяжка кагосьці з сучаснікаў ставіць у адзін рад з вышэй пералічанымі асобамі. Вялікую вядомасць маюць, напрыклад, спартоўцы кшталту Вольгі Корбут, але гэта таксама мінулае. Калі я распавядаю пра Гродна чалавеку не з нашага горада, я распавядаю вось гэта. Думаю, што гэта галоўнае.

 

Юлія Каляда, прадстаўнік эка-таварыства “Зяленая сетка” па Гродзенскай вобласці:

 

– Канешне, горад славіцца гістарычнымі асобамі: Баторыем, Вітаўтам, але гэта было надта даўно. Час ганарыцца нашымі сучаснікамі, ці хаця б тымі, хто жыў у 20 ст. А шмат імен мы ўжо забылі ці не думалі пра іх. Трэба ведаць па прозвішчам усіх нашых актораў, дырэктараў тэатраў, рэжысёраў, грамадскіх дзеячоў і арганізацыі. У нас цудоўныя мастакі, галерэі. Да таго ж, сучаснікі закранаюць сучасныя праблемы грамадства. Калі ты прыязджаеш у іншую краіну, ты будзеш расказваць не пра Вітаўта, а пра людзей, якія жывуць побач з табой. Тады мы зможам ганарыцца горадам. Героямі павінны быць сучаснікі! Гэтыя людзі ствараюць культуру горада і жыццё вакол нас. Пакаленню патрэбны героі, на якіх яны могуць раўняцца. Хто будзе раўняцца на Рагнеду ці Вітаўта?

 

Напрыклад, Руслан Кулевіч займаецца пошукам інфармацыі пра вядомых футбалістаў, габрэяў. Такой інфармацыі павінна з’яўляцца больш, бо гэтыя людзі стварылі горад такім, якім мы яго прынялі.

 

У нас у кожнай сферы ёсць цудоўныя людзі – спартсмены, якія займаюць першыя месцы, паралімпійцы. У нас цудоўныя гісторыкі, якія займаюцца даследаваннем і захаваннем гісторыка-культурнай спадчыны – Вашкевіч, Чарнякевіч, Касатая.

 

Я ўпэўнена, што праз некалькі гадоў мы будзем ганарыцца развіццем велаінфраструктуры. Зараз мы ганарымся “заходняй” атмасферай горада, а ствараюць атмасферу зноў жа людзі. Я ганаруся такімі людзьмі, якія робяць антыкафэ і “Краму Ц”. У нас ёсць рэйверы, якія збіраюцца ў лясах, – гэта асобная культура. У свой час быў развіты рух антыфашыстаў і анархістаў. Гэта была цэлая эпоха – канцэрты, мерапрыемствы, акцыі. А гісторыя – гэта чужыя дасягненні. Трэба напаўняцца пачуццём гонару за нас, сённяшніх гарадзенцаў. Нам гэтага не хапае.

 

Зміцер Кавалёнак, футбаліст:                     

 

– Гродна можа ганарыцца сваёй непаўторнасцю і ўнікальнасцю. Такіх гарадоў у Беларусі няма і блізка! Я маю на ўвазе прыгажосць прыроды і аб’екты гістарычнай каштоўнасці, што захаваліся. Да таго ж, тут цудоўна суіснуюць людзі розных рэлігій.

 

На мой погляд, менавіта тут сэрца Еўропы. У гэтым цудоўным месце усход і захад сплятаюцца – гэта прыклад для ўсёй Еўропы. Думаю, гэтым можна ганарыцца. Але не трэба забываць, што мы беларусы, і ў нас свая мова, свая гісторыя – у гэтым русле трэба рухацца далей. Што датычыць людзей, я, як чалавек прыезджы, вядомых людзей Гродна не ведаю. А вось з сваёй спартыўнай сферы магу назваць Вольгу Корбут, Івана Ціхана. Футбалістаў пералічваць не буду (усміхаецца).

 

Сяргей Грыневіч, мастак:

align=”” width=”400″ height=”267″ >

– Ёсць хрэстамацыйны спіс людзей, яким павінны стаяць помнікі ў горадзе – гэта Давыд Гарадзенскі, князь Вітаўт, кароль Стэфан Баторый, Кастусь Каліноўскі. З дзеячоў культуры можна ганарыцца Багдановічам, Быкавым, Ажэшкай. Эліза Ажэшка – адзіная з гэтага спіса, чыя памяць увекавечана. З нашых сучаснікаў гонару вартая Данута Бічэль.

 

Аляксандр Краўцэвіч, гісторык:

 

– Гародня можа ганарыцца мастакамі, архітэктурай і тым, што ў нас найменшы працэнт жыхароў, хто галасуе за Лукашэнку (усміхаецца). З мастакой не хацелася б кагосьці вылучаць – можна назваць Граневіча, Якавенку, Панцелеева. Да таго ж, у нас выдатная мастацкая школа, дзе выкладчыкі хоць не такія вядомыя, але рыхтуюць выдатных мастакоў.

 

Вядома, Гародня можа ганарыцца гісторыяй каралеўскага горада. Я ваджу экскурсіі па горадзе і расказваю, што тут жыў Васіль Быкаў, кароль Стэфан Баторый, Давыд Гарадзенскі, невядомы будаўнік Каложы, які стварыў тут цэлую архітэктурную школу ў XII ст., князь Вітаўт і г.д.

 

Аляксандр Дзянісаў, музыка, журналіст:

– Складанае нейкае пытанне – ніколі над гэтым не разважаў. Я проста люблю свой горад, і раблю ўсё, каб неяк разрэкламаваць яго. Дзе б я не граў, дзе б не выступаў, я кажу: я – з самага прыгожага і найлепшага горада Беларусі.

 

Калі прыязжаюць сябры з іншых гарадоў ці краін, то я абавязкова стараюся правесці экскурсію – паказаць нашыя гістарычныя помнікі, знакавыя месцы. Іх шмат. І пералічваць іх не мае сэнсу. Хопіць таго, што Гародня – адзіны горад, які захаваў свой гістарычны цэнтр.

 

Канешне, шматлікія войны шмат чаго зруйнавалі. Шмат было зруйнавана і ў мірныя часы. Пры Хрушчове колькі ўсяго было разбурана! І пры губернатары Саўчанку, які не так даўно кіраваў Гарадзенскай вобласцю, як скалечылі горад!

 

Калі казаць пра асобаў, то тут яшчэ складаней! Бо іх шмат: Давыд Гарадзенскі, Стэфан Баторый, Кастусь Каліноўскі, Максім Багдановіч, Васіль Быкаў і г.д. Усіх не пералічаш! (усміхаецца) Пра сучаснікаў нічога казаць не буду па прозвішчам і імёнам, бо гэта не карэктна. Я, як і усе людзі, суб’ектыўны. У нас ёсць выдатныя гісторыкі і археолагі, выбітныя паэты, мастакі, кавалі, музыкі…

 

Святлана Куль-Сяльверстава, гісторык, паэтка:

– На першы погляд, лёгкае пытанне: ”Кім і чым можа ганарыцца Гародня?” Насамрэч адказаць на яго не так проста. Можна, канешне, складаць спісы. У адзін – імёны слаўных гарадзенцаў, у другі – дасягненні. Такім чынам напішуцца дзве ёмістыя кнігі. І ўсё адно што-небудзь ці хто-небудзь, варты ўспаміну, не трапяць на іх старонкі.

 

І неабавязкова ў гэтых спісах будзе пазначаны чалавек, які выбраў самае прыгожае і зручнае месца на берагах Нёмана, каб збудаваць тут першы дом. Пэўна, не будзе імёнаў тых, хто пасадзіў каштаны на вуліцы Ажэшка, ці паклаў брукаванку на Савецкай. Не трапяць у гэтыя спісы прозвішчы бацькоў, якія навучылі дзяцей не смеціць на вуліцах, не будзе там імёнаў тых, хто рабіў маёліку для Каложы, не трапіць туды пералік школьнікаў, якія на “выдатна” адказвалі на ўроках Гродназнаўства, можа толькі, калі яны стануць слаўнымі, як вырастуць.

 

У кожнага з нас свой іканастас. Для гарадзенцаў частка яго, як штодзённая малітва да святых і слаўных, прачытваецца ў назвах вуліц, па якіх мы ходзім. Дай бог, каб горад рос, бо багата імёнаў, якія трэба пазначыць на яго карце.

 

Фота racya.com, БелаПан, t-styl.info, Будзьма Беларусамі і з уласнага архіва гарадзенцаў.