Разам мы – “Нёман”: гарадзенскія футбалісты правялі экскурсію па стадыёне для дзяцей-сірот

|

Экскурсаводамі па спарткомплексу сталі вядомыя гарадзенскiя футбалісты: Дзмітрый Кавалёнак і Віталь Надзіеўскі. А галоўным гідам стаў прэс-аташэ футбольнага клуба Пётр Карнаўх.

Усё пачалося са штучнага поля ЦСК “Нёман”. Футбалісты распавялі: каб патрапіць у асноўную каманду горада, хлапчукам трэба прайсці доўгі шлях нялёгкiх трэніровак. У мясцовых футбалістаў гэты шлях займае каля 10 гадоў. Памочнік галоўнага трэнера дублюючага складу “Нёмана” – Віталь Надзіеўскі – распавёў пра працэс трэніровак на штучным полі, а таксама пра гульні, якія праходзяць на гэтым жа стадыёне.

 

Пасля азнакамлення са штучным полем, экскурсія працягнулася на галоўнай арэне горада. Там дзецям паказалі распранальню, дзе пераапранаецца асноўная каманда горада.

align=”” width=”515″ height=”386″ >

 

А пасля і зусім дазволілі выйсці на газон, які ў той момант рыхтавалі да гульняў.

Ужо на галоўным полі футбалісты ўзгадалі лепшыя моманты на стадыёне падчас гульні. Напрыклад, Віталь Надзіеўскі распавёў пра самы запамінальны для яго матч.

 
– Гэтая была гульня з “Нафтанам”. Пасля рэзка выкінутага аўту мне ўдалося далёкім кручоным ударам забіць у вароты суперніка.


А вось Дзмітрый Кавалёнак не спяшаўся распавядаць пра свае лепшыя моманты. Ён упэўнены, што яны яшчэ наперадзе. Нагадаем, Дзмітрый з’яўляецца лепшым бамбардзірам гарадзенскай каманды за ўсю гісторыю існавання. На яго рахунку 86 галоў.

 

Напрыканцы дзяцей завялі ў пакой гонару і гісторыі гарадзенскага футбола. Там з імі сустрэўся вядомы гарадзенскі футбаліст Аляксандр Жылюк, які распавёў пра адрозненне сучаснага футбола ад мінулага. Менавіта там дзецям ўручылі часопісы, якія распавядаюць пра беларускі футбол, а таксама плакаты, дзе свой аўтограф пакінуў Дзмітрый Кавалёнак.

Дзеці падзякавалі футбалістам за унікальную магчымасць пабываць на родным стадыёне.

 

Бакі дамовіліся аб супрацоўніцтве і скончылі сустрэчу знакамітай гарадзенскай фразай “Разам мы “Нёман”!