“Квіток у адзін бок”: гарадзенскія турфірмы пра паездкі ў Туніс і Грэцыю

Размовы з супрацоўнікамі фірм далі зразумець, што попыт на туры ў ісламскія краіны зніжаецца сярод гарадзенцаў ўжо ад сакавіка. Прычына гэтага – пастаянныя паўстанні і тэракты. У Сусе, зде адбыліся трагічныя падзеі, адпачывалі гэтым летам і гарадзенцы, але тэрмін іх пуцёвак скончыўся да тэракту. Тыя, што недаўна вярнуліся з Туніса, кажуць, што ўлады краіны ўжо за тыдзень рыхтаваліся да магчымых здарэнняў. Тым не менш, турысты адзначаюць, што Туніс гэта краіна, дзе ёсць усе ўмовы для добрага адпачынку.

 

У турфірме “Тайлис Тур” расказалі, што прыпынілі  браніраванне тураў у Туніс, бо спачатку “Белавія” адмяніла, а пазней аднавіла рэйсы ў гэту краіну. Людзі баяцца рызыкаваць, многія жартуюць і кажуць, што ім не патрэбны “квіток у адзін бок”. Што тычыцца коштаў на адпачынак у Тунісе, то яны вагаюцца ў межах 1000-1200 долараў на дваіх за 11 начэй.

 

У адносінах да праблематычнай Грэцыі многіх цікавіць, ці не ўзнікне пагроза жыццю ў гэтай краіне. У турфірме запэўніваюць, што на Балканах усё добра. Цэннік на туры ў сюды вельмі нізкі – кошты пачынаюцца ад 860 еўра на дваіх.

 

Супрацоўнікі фірмы “1000 тураў” распавялі, што сярод іх кліентаў ёсць тыя, хто вярнуўся з Туніса незадоўга да тэракту.

 

Людзі, якія ездзілі туды адпачываць, кажуць, што іх усё задавальняе. Адпачынак там добры. Праўда, пасля сакавіцкіх падзей на Поўначы Афрыкі колькасць людзей, што плануюць выправіцца ў ісламскія краіны, значна ўпала.


У пачатку чэрвеня наша кліентка была ў Тунісе. Потым яна казала, што за некалькі тыдняў да тэракту многіх турыстаў проста не пускалі ў краіну. У гатэлях узмацнялі ахову. Улады ведалі аб тэракце і папярэджвалі людзей. Тыя, што баяліся за сваё жыццё, з’язджалі з курортаў.


У турфірме “ИрэнТур” таксама зазначылі, што пасля “аранжавых” рэвалюцый іх турысты сталі менш ездзіць у краіны Паўночнай Афрыкі. Але звярнулі ўвагу, што паездкі ў Грэцыю, наадварот, сталі больш папулярнымі дзякуючы нізкім цэнам.

 

Вялікай папулярнасцю карысталіся раней туры ў Туніс і сярод кліентаў “Санни Холидэйс”. У агенцтве распавядаюць, што адразу пасля тэракту многія турфірмы, каб захаваць сваю рэпутацыю на рынку, папросту пазабіралі сваіх кліентаў з краіны. А многія турысты пераключылі сваю ўвагу пры выбары месца для адпачынку на Еўропу, дзе можна бавіць час бяспечна і танна.

 

Спецыялісты адзначаюць, што ў гэтым годзе ў топ еўрапейскіх краін-курортаў уваходзяць Грэцыя і Балгарыя. Аднак, нават абіраючы гэтыя краіны, турысты цікавяцца, ці бяспечна ехаць на Балканы. Іх запэўніваюць, што Грэцыя – гэтая, магчыма, самая бяспечная краіна для турыстаў з Еўропы. Адзінае што раяць – браць з сабой наяўныя грошы, а не банкаўскія карткі.

 

Як мы высветлілі, турысты сапраўды сталі пабойвацца мусульманскіх краін. Але ёсць і тыя смельчакі, для каго эканомія грошай – перадусім.

 

Што тычыцца Грэцыі, то, незважаючы на тое, што яна загрузла ў эканамічным крызісе, турыстаў там верагодна прыбавіцца, з прычыны апошніх падзей у краінах Афрыкі. Гэта можа згуляць на карысць балканскай краіне, якая, як пагаворваюць, можа ў хуткім часе выйсці з Еўрасаюзу.

 

Здымак turpogoda.ru