Wi-fi у маршрутках: можна толькі па пашпарту?
Многія машыны на гэтым маршруце зараз могуць “раздаваць” інтэрнэт у дарозе.
Пра тое, што роўтары ўсталяваны на борце ўсіх машын фірмы “Западный экспресс” і на частцы машын фірмы “Гродно Плюс” паведамляецца, у прыватнасці, на іх старонках у сеціве.
У службе даведак гэтых перавозчыкаў сказалі, што карыстацца бяздротавым інтэрнэтам можа кожны пасажыр. На кошт квітка не ўплывае ні факт выхаду пасажыра ў сеціва, ні аб’ем скарыстанага трафіку. Білеты набываюцца ў звычайным парадку, ніякіх адмысловых працэдур для выхаду ў сеціва не патрабуецца.
Прапануе інтэрнэт на сваіх маршрутках і гарадзенскі аўтавакзал: на рэйсах з Гродна ў 9.00 і 13.30, а таксама з Мінска ў 14.30 і 18.50 ёсць магчымасць выхаду ў сеціва. Аднак, у даведцы аўтавакзала адразу папярэджваюць: каб скарыстацца паслугай, прыдзецца купляць білет па пашпарту – у білеце ў гэтым выпадку пазначаецца прозвішча пасажыра, а пашпартныя дадзеныя захоўваюцца ў камп’ютарнай базе аўтавакзала. Такім чынам, вадзіцель мае права даць пароль для wi-fi толькі тым пасажырам, што маюць адпаведныя білеты.
Разабрацца, якая працэдура з’яўляецца правільнай і законнай, можна звярнуўшыся да нарматыўных дакументаў, якія рэгулююць парадак карыстання інтэрнэтам у Беларусі. Найперш, гэта Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №60 ад 1 лютага 2010 года “Аб мерах па ўдасканаленню выкарыстання нацыянальнага сегмента сеціва Інтэрнэт”. Пункт 6 Указа абавязвае пастаўшчыкоў інтэрнэт-паслугаў праводзіць ідэнтыфікацыю абаненцкіх прыладаў, з дапамогаю якіх адбываецца доступ у інтэрнэт, а уласнікаў пунктаў калектыўнага карыстання інтэрнэт-паслугамі ажыццяўляць ідэнтыфікацыю карыстальнікаў інтэрнэт-паслугаў у пунктах калектыўнага доступу інтэрнэт-паслугамі, а таксама улік і захоўванне персанальных дадзеных карыстальнікаў і звестак аб аказаных ім інтэрнэт-паслугах.
Пунктамі калектыўнага карыстання інтэрнэт-паслугамі паводле Указа лічацца камп’ютарныя клубы, інтэрнэт-кавярні, дамашнія сеткі і іншыя месцы, дзе забяспечваецца калектыўны доступ да сеціва.
У выпадку, калі не ажыццяўляецца ідэнтыфікацыя абаненцкіх прыладаў ці карыстальнікаў інтэрнэт-паслугаў, для аператараў перадачы дадзеных, інтэрнэт-кавярняў, камп’ютарных клубаў і пунктаў калектыўнага карыстання інтэрнэтам прадугледжваецца адміністратыўная адказнасць ад 5 да 15 базавых велічынь.
Але ў 2011 годзе, калі праект далучэння маршрутак да высокахуткаснага інтэрнэту толькі анансаваўся, паведамлялася, што маршруткі не будуць разглядацца ў якасці пунктаў калектыўнага выкарыстання, a ідэнтыфікацыя пасажыраў, як карыстальнікаў сеціва, не будзе патрабавацца. Нават калі разглядаць маршрутку як такі пункт, патрабаванне “прад’явіць пашпарт” падаецца лішнім, па прычыне існавання спрошчанага парадку ідэнтыфікацыі карыстальнікаў сеціва, напрыклад, па сім-карце тэлефона, якая набываецца толькі па пашпарце.
Што тычыцца парадку захоўвання звестак пра абаненцкія прылады і персанальныя дадзеных карыстальнікаў, а таксама інфармацыі пра аказаныя інтэрнэт-паслугі, то паводле Указа №60 яны павінны захоўвацца цягам года і могуць перадавацца па запатрабаванню органаў пракуратуры і папярэдняга следства, Камітэта дзяржаўнага кантролю, падатковых органаў, судоў ва устаноўленым законам парадку.
Дарэчы, неабходнасць рэгістрацыі для доступу ў Сусветнае Павуцінне існуе не толькі ў Беларусі. Падобныя правілы ёсць у іншых краінах, напрыклад, Германіі, Францыі ды Італіі. Тлумачацца такія меры неабходнасццю папярэджання кіберзлачынстваў.