“Свет кароткага метра”: фестываль мінуў, пытанні засталіся. ВІДЭА
Летні каляндар Гродна увогуле насычаны падзеямі: “Кинемо“, “Grodno Jazz – 2015”, “Фестываль аматараў авіяцыі” – гэта падзеі, браць удзел у каторых шматлікія гарадзенцы былі згодныя і ў дождж і ў спёку. “Кароткі метр” не стаў выключэннем ў гэтым шэрагу: білеты на фестывальныя паказы разышліся нібыта гарачыя пончыкі.
Каб даведацца пра стаўленне гарадзенцаў да караткаметражнага кіно і чаканні ад прагляду, “Твой Стыль” пагутарыў з наведвальнікамі “Чырвонай Зоркі”:
Як вынікае з сітуацыі, у Гродне склалася сталая суполка аматараў кіно, для каторых эпізадычных кіна-фестываляў, што завітваюць ў горад пару разоў на год, не дастаткова. Гэта, як мінімум, удзельнікі знакамітага кінаклуба “Ракурс”. Хоць ён і перастаў існаваць, “ракурснікі” трымаюцца даволі маналітнай і дасведчанай ў галіне кінамастацтва суполкай, чальцоў каторай памятаюць, а многіх нават ведаюць з асабіста, супрацоўнікі кінатэатра. Для гэтых аматараў кінафестывалі безумоўна прыемныя і неабходныя падзеі ў культурным жыцці горада. “Кароткі метр” сабраў ў “Зорачцы” поўныя залі, сведчыць пра факт, што кола аматараў добрага кіно ў Гродне мае вялікі патэнцыал. І гэта не толькі тыя, хто многа гадоў наведваў “Ракурс”. Шматлікасць маладых наведвальнікаў дэманструе наяўнасць новага пакалення людзей, каторым цікава глядзець кіно не толькі дома на канапе.
На гэтым тле настальгічныя успаміны пра кінаклуб і жаданне аднавіць яго працу выглядаюць цалкам лагічнымі і нават неабходнымі. Канечне, і без клуба сталыя аматары будуць глядзець добрае кіно. А вось “новая хваля” гарадзенскіх кінааматараў можа быць страчана. Жаданне і звычка глядзець добрыя фільмы ў добрых умовах, разбіраць і абмяркоўваць нюансы сюжэтаў і іх тэхнічнага выканання могуць нават не ўзнікнуць з нагоды адсутнасці для гэтага суполкі і сталай пляцоўкі.
Ці не страціць ад гэтага Гродна, як мінімум, патэнцыйную аўдыторыю наступных кінападзей?
Відэа Ірыны Новік.