Футбольны “Нёман”: падсумоўваем вынікі першага круга

|

Як і абяцалі, мы пагутарылі са знаўцамі гарадзенскага футбола, якія выказалі сваё меркаванне пра выступ каманды Сяргея Саладоўнікава ў першым крузе.

 

За 13 праведзеных гульняў гарадзенскі клуб набраў 13 ачкоў. На рахунку каманды 6 паражэнняў, 4 нічыi і 3 перамогі, 10 забітых і 17 прапушчаных галоў.

 

Каманда гуляе нестабільна і знаходзіцца на 12 месцы ў турнірнай табліцы. Але не варта моцна перажываць, бо гэта ўсяго толькі першы круг.

 

Каманды ідуць практычна роўна і толькі штогадовыя лідэры БАТЭ і “Дынама” вырваліся ў лідэры.

А вось як ацэньваюць вынікі першай паловы чэмпіянату вядомыя гарадзенскія спартыўныя аглядальнікі:

Уладзімір Кульбіцкі (анлайн-аглядальнік “Прессбола”):

У цэлым першы круг не пераўзыйшоў чаканняў, але і не расчараваў. Каманда цалкам апраўдала статус маладой і неспрактыкаванай. Здараліся правальныя гульні, але да канца першага круга хлопцы выдалі некалькі выдатных матчаў.


Засмучае той факт, што ў які раз клуб наступае на тыя самыя граблі і запрашае узроставых спартсменаў за нейкія “заслугі перад горадам”.


На поле павінны гуляць людзі, якія хочуць і ўмеюць гэта рабіць. Як гэта робіць, да прыкладу, на маю думку лепшы футбаліст “Нёмана” цяперашняга сезону – Лёша Лягчылiн.


Вялікае жаданне, памножанае на старанне і карпатлівую працу, абавязкова даюць вынік. Я, як дылетант, асабіста не бачу перадумоў, за кошт чаго каманда можа значна палепшыць сваю гульню. Але два-тры добрыя матчу з прыгожымі галамі ад нас нікуды не падзенуцца.

 

Яўген Лебедзь (спартыўны аглядальнік “Вечернего Гродно”):

align=”” width=”162″ height=”175″ > 

Пачатак чэмпіянату паказаў, што трансферная палітыка трэнерскага штабу была праведзена з памылкамі. Тыя, хто меўся стаць лідарам, таго не здолелі зрабіць.


Я па-ранейшаму лічу, што ў клуба павінен быць новы трэнер. Ад спадара Саладоўнікава мы не пачулі, якім чынам надалей будзе развівацца клуб. Ён кажа, што ўсе ведае, але канкрэтна нічога не гаворыць.


Мне здаецца, у трэнера няма належнага дыялога с гульцамі і яны не разумеюць, што ён ад іх хоча. Як вынік гэтаму: правальныя гульні, у якіх у каманды не атрымлівалася нічога. Тое, што перамаглі – вынік добрай гульні асобных футбалістаў, а не каманды.


Я з пэўным жахам чакаю другога круга чэмпіянату, у якім нашай камандзе будзе вельмі цяжка. Я пакуль не бачу, хто, апроч Лягчыліна, можа павесці каманду за сабой.


Але ж і ён шмат дапамагае ў абароне і дай яму Бог здароўя, бо без Аляксея цэнтра поля ўвогуле ня будзе.

Ігар Петрулевіч (журналіст спартыўнага сайта “Трыбуна”):

У камандзе ўсё дзіка нестабільна. “Нёман” можа дамагчыся важнай выязной перамогі і быць разбітым дома.


Менавіта таму з асцярогай чакаю другі круг. Нават не ведаю, чаго чакаць.


Відавочна, у каманды няма стрыжня, ​​няма лідэраў на поле. Тыя хлопцы, якія цягнулі каманду апошнія два гады, сышлі.


Лічу, калектыў знаходзіцца толькі на стадыі будаўніцтва. Гэта таксама не дадае аптымізму.

 

Самым яркім момантам першага круга стаў учынак гульца “Слуцка” Сяргея Лявіцкага, які зрабіў прапанову сваёй дзяўчыне прама падчас матчу.


Футбаліст, які 11 гадоў аддаў “Нёману” усё зрабіў ярка і прыгожа.


Праўда, прысутнічала і горыч. Уся сітуацыя з’яўлялася крыўдным напамінам, якія класныя людзі гулялі ў Гродна яшчэ нядаўна, а цяпер яны забіваюць у складзе ўжо іншай каманды.


І калі казаць пра футбольныя справы метафарычна, то той жа вопытны “Слуцк” ужо саспеў да вяселля і шлюбу, а “Нёман” толькі заводзіць адносіны з  дзяўчынай, якую нядаўна сустрэў.

 

За першы круг гарадзенская каманда пазбавілася двух сваіх лідэраў: Андрэя Хачатурана, які вырашыў не працягваць пагадненне з клубам, а таксама зніклага без вестак Івана Дзянісевіча.

 

У клубе пагаворваюць, што паўабаронца ўзяў адпачынак за свой кошт.

 

Але ёсць і плюсы: у каманду вярнуўся Павел Савіцкі, які датэрмінова яшчэ ў пачатку чэрвеня пераехаў з беластоцкай “Ягелонii” ў Гродна.

 

У другім крузе Павел дэбютуе ў гэтым сезоне за жоўта-зялёных.

 

Што тычыцца трэнерскага штаба, то кіраўніцтва гарадзенскага клуба запэўнівае, што лепш кандыдатуры Саладоўнікава на пасаду галоўнага трэнера не знайсці.