Гродна здалёк: Наталля Макушына

|

Гаворыць Наталля Макушына:

 

Гродна для мяне – гэта не толькі ўнікальны архітэктурны ансамбль старога цэнтра, які ўвайшоў у спіс нацыянальных культурных каштоўнасцяў, але і вялізарная скарбніца з расповядаў людзей, якія жылі тут калісьці. Мая любоў да Горада – гэта і клопат пра тое, каб ён захаваў сваю самабытнасць на доўгія гады.

 

Вельмі цешуся адноўленым жыццём гарадзенскай кірхі, добра, што былi пастаўленыя каталіцкі і праваслаўны крыжы на месцы Фары Вітаўта. Цэнтр зараз сапраўды выглядае дагледжаным і прыбраным у параўнанні з абшарканым Гродна, які я памятаю з пачатку 60-х.

 

Але можа таму, што шмат гадоў збірала расказы гарадзенцаў, з якіх складваецца гарадзенская гісторыя, вельмі перажываю, калі паступова знішчаецца гістарычная забудова. Бо якасная афарбоўка будынкаў ніколі не заменіць тое, што адрознівае Гродна ад такіх жа акуратна пафарбаваных беларускіх гарадоў. І калі бачу пустыя плямы на месцы былых будынкаў, разумею, што за 50 гадоў горад непрыкметна страціў вельмі шмат.

 

Я прыехала ў Гродна, калі мне не было яшчэ і 10 гадоў, 2 студзеня 1962 года з Германіі, дзе служыў бацька. Пасялілі нас у цэнтры, на вуліцы Карла Маркса. Гродна выглядаў тады цесным і утульным, як і мусіць выглядаць стары еўрапейскі горад – ад густых дрэваў, ад таго, што былі яшчэ захаваныя многія дамы, якіх сёння ўжо не існуе, ад мноства кветак, што раслі ў агародчыках.   

 

Вуліца Парыжскай камуны, такой я яе памятаю, бо вучылася у школе №1

 

З сябрамі са свайго двара я абышла ўсе гарадзенскія  могілкі, спускалася ў скляпенні манастыра, які быў на тым месцы, дзе зараз стаіць абласны тэатр. Узыходзіла на высачэзную гару да Бернардзінскага касцёла з боку былога тонкасуконнага камбінату.

Бернардынскі касцёл пасля Другой сусветнай вайны


Гэта цяпер рэльеф тут сгладжаны пасля падсыпкі спуску да Старога маста, а на пачатку 60-х гэты паход праз хмызняк быў учынкам гераічным.

 

Ідзе будоўля Драматычнага тэатра ў Гродна


Вядома, мы паперакопвалі палову Замкавай гары ў пошуках скарбаў і дапяклі сваім даследніцкім імпэтам кіраўніцтва гарадзенскага музея, бо кожны дзень цягалі туды аскепкі вазы з надпісам “Фабрыка Шэрашэўскага”, гільзы ад патронаў, медзяныя ручкі, керамічную плітку с вензелямі ды рэльефным вінаградам. 

 

Але першае ўражанне ад Гродна – руіны Фары Вітаўта пад студзеньскім снегам. Яе ўзарвалі ў лістападзе 1961-га, а цэглу, як распавядалі мне сведкі, ажно да траўня вывозілі па горадзе. Бітай цэглай была засыпаная не толькі багна у раёне вуліцы Суворава, але і сталы правал у скверы, што быў паміж Фарным касцёлам і былой Фарай Вітаўта. У тым месцы быў закладзены каменем падземны праход, але і пасля падсыпкі зямля там асядала яшчэ многія гады пасля сыходу снегу ці моцнага дажджа. 

 

Напачатку 2000-х былы гарадзенскі ваенны будаўнік расказваў мне, што ў той час з цэглы Фары на вуліцы Мендзелеева былі пабудаваныя два двухпавярховыя дама для сем’яў афіцэраў. Сапраўды, пад пашкоджанай тынкоўкай гэтых будынкаў было бачна чырвоную цэглу, якая не выкарыстоўвалася для забудовы ў 60-х гадах.

 

Пра тое, як выраблялася жоўтая цэгла, з якой пабудаваныя амаль ўсе дамы ў старым цэнтры, распавядала мне верніца гарадзенскай лютэранской царквы Маргарыта Раманаўна, немка па паходжанні, народжаная Шефлер. У 30-я гады ХХ стагоддзя цагляны завод князёў Друцкіх-Любецкіх, які стаяў некалі на сённяшняй вуліцы Дзяржынскага, узяў у арэнду дзед Маргарыты Раманаўны, немец з Вільні. Малой дзяўчынкай яна бачыла, як па адным з цэхаў завода коні хадзілі па коле і вымешвалі раствор для вырабу цэглы.

 

Яе бацька да Другой  сусветнай вайны працаваў арганістам у лютэранскай кірсе ў Гродна, сям’я жыла ў доме пры царкве.

 

Даваенны здымак гарадзенскай кірхі


Калі ў верасні 1939 года ў горад прыйшлі чырвонаармейцы, бацька пайшоў у магазін па хлеб і загінуў падчас стрэляніны на гарадзенскіх вуліцах. А сляды старога аргана з кірхі, які ў 19 стагоддзі быў зроблены ў Рызе вядомым майстрам Марцінам, можна было б пашукаць і зараз. Маргарыта Раманаўна распавядала, што пасля вайны інструмент быў разабраны і потым вывезены ў вёску Грандзічы, дзе і быў захаваны разам з царкоўнымі кнігамі.

Такім зялёным быў раней Гродна

 

Памятаю званніцу насупраць Брыгітскага кляштара на вуліцы Карла Маркса. Улады зрабілі ў ёй склад. За мяшкамі з мукой, якія там захоўваліся, прыязджалі грузавікі, а на  брукаванай вуліцы заставаўся белы след. Зруйнавалі званніцу не ў 1961 годзе, як недзе пішуць, а пазней, напэўна, у 1963. Уначы абвязалі тросам верхнюю частку будынка і сцягнулі танкам. З вуліцы цэглу прыбралі ўжо на наступны дзень, а падножжа разбіралі яшчэ доўга, потым падмурак закрылі драўлянымі шчытамі.

 

Муры Брыгіцкага кляштару


Памятаю, як выглядала Каложа ў 60-х – зарослая хмызняком і травой, запусценне і смутак гэтага хараства. Праз 20 гадоў я пазнаёмілася з мінскімі рэстаўратарамі, якія праводзілі даследаванне стану муроў Каложскай царквы і ўводзілі ў шчыліны паміж цэглай раствор, які прадухіляе разбурэнне. Але пагроза абвальвання Каложы не знікла з-за карставых пустэч ва ўзгорку.

 

З аповедаў былых супрацоўнікаў 10 год таму зачыненай мясцовымі уладами ”Гроднарэстаўрацыі” ведаю, што праект па ўмацаванні каложскага схілу, які рэалізаваўся з 2004 года, не быў выкананы да канца. Умацаваныя былі толькі верхні і ніжні ярусы, за сярэдні так і не ўзяліся, хаця працы былi прадугледжаныя праектам. Апаўзанне схілу, як свярджаюць спецыялісты, працягваецца. Таму планы па перабудове драўлянай сцяны царквы павінны знаходзіцца пад кантролем грамадзкасці, каб потым усім нам не сумаваць пра яшчэ адну страту.

 

Бо спіс гарадзенскіх стратаў з кожным годам, на жаль, усё павялічваецца. Разбураюцца старыя дамы, якія знаходяцца сапраўды ў жудасным стане. Але вельмі засмучаюся, калі нехта пытаецца на гарадзенскіх форумах – навошта захоўваць гэтую старызну?

Вуліца Ажэшкі, былы галоўны паштамт


Нагадаю, што старыя будынкі знаходзяцца ў гістарычным цэнтры Гродна, які знаходзіцца пад аховай дзяржавы i ў спісе архітэктурных каштоўнасцяў Беларусі адзначаны другой па ступені важнасці катэгорыяй “1”. Так што пытанне трэба ставіць па-іншаму – чаму будынкі з рарытэтнага гарадзенскага комплекса былі даведзеныя да такога гаротнага стану?

 

Вуліца Савецкая са знакамітай “Пяльменнай”


Перад вачыма нямецкі прыклад –  узноўленая архітэктурная спадчына Германіі, дзе няма гаворкі пра знічшчэнне звычайных жылых дамоў з архітэктурных ансамбляў старых цэнтраў. У будынку гаспадары могуць перабудоўваць што заўгодна, але на фасадах трэба аднаўляць увесь дэкор – арнаменты і барэльефы, якімі яны былі раней. Мясцовыя школьнiкi вывучаюць гісторыю Бона, дзе я жыву зараз, у вандроўках па вулiцах з мапай горада, а для гарадзенцаў было забароненае “Гродназнаўства”

 

Вулічкі Бона нагадваюць некаторыя вуліцы Гродна


Вось такi Гродна успамiнаю. Нешта запiсваю з таго, што памятаю пра горад, з таго, што расказвалi ягоныя жыхары. Вось яшчэ адна гарадзенская легенда з аповедаў старажылаў. Некаторы час пасля вайны ў той частцы Фары Вітаўта, што каля ўвахода, праводзілася набажэнства i стаяў абраз Маці Божай. Калі святар был арыштаваны, вернікі вывезлі з касцёла кнігі і абраз у надзейнае месца. Iкона з Фары захавалася і знаходзіцца ў нашым горадзе.

 

Дзе? Гэта чарговая таямніца Гродна, за якія яго нельга не любіць. 

Фота з архіву Наталлі Макушынай


Чытайце таксама што думаюць і ўзгадваюць пра Гродна гарадзенкі Таццяна Оніл, якая жыве зараз у ЗША, а таксама Рэгіна Станкутэ, якая жыве ў Францыі.