“Ты павінен жыць, сынок”: Вязень гарадзенскага гета ўспамінае самыя страшныя гады ў сваім жыцці

Зараз Хаім знаходзіцца ў Ізраілі на лячэнні. З ім самім звязацца не ўдалося, бо яго дзеці супраць таго, каб ён меў зносіны з журналістамі і ўзгадваў мінулае. Усё гэта можа сказацца на здароўі.

 

Але, каб гарадзенцы ведалі гэтага чалавека, мы вырашылі апублікаваць яго ўспаміны.

 

Усё жыццё “Пятровіч” быў будаўніком, працаваў прарабам і інжынерам, пабудаваў шмат будынкаў у Гродне. Праўда, пад “чужым” імём… Ён нарадзіўся ў Беластоку, у Гродна трапіў ва ўзросце шасці-сямі гадоў. Вучыўся ў яўрэйскай школе і, як усе, дома казаў на ідыш, па-за домам – на польскай, вывучаў іўрыт.

 

У чэрвені 1941 года, калі пачалася вайна, побач з ім разарваўся снарад – Хаім быў кантужаны, з вушэй лілася кроў. У верасні таго ж году тату Саламона Іцхакавiча – ён быў майстрам па вырабу помнікаў – выклікалі ў юдэнрат. Сказалі – на працу, да немцаў. Дадому бацька не вярнуўся…

 

У лістападзе 1941 года, калі ўсіх гарадзенскіх габрэяў сагналі ў гета, іх сям’ю спачатку адправілі ў гета № 1. Ля ўваходу фашысты “для ўстрашэння” павесілі трох чалавек. Іх чорныя языкі сніліся потым Хаіму на працягу ўсяго жыцця.

 

Ён згадвае, што ў Гродне ў пачатку вайны заставалася 60 тыс. чалавек, з якіх палова – габрэі. Пра гэта паведамлялі самі педантычныя немцы. На варотах гета вісеў спіс, у якім пазначалася, што ў горадзе насельніцтва – 60 тыс., а “жыдэн – 30 тыс.”

Усіх габрэяў горада прымушалі насіць на вопратцы жоўтыя зоркі Давіда – спераду і ззаду. Хадзіць дазвалялі толькі па праезжай частцы.

 

“Плявалі на нас, маглі забіць, калі немец зловіць. І палякі таксама здзекваліся страшна. Мы былі людзі па-за законам. Бывала, устанеш раніцай, ідзеш і глядзіш – павешаныя на балконах… Ежу ў гета не давалі, як хочаш, так і выжывай”, – успамінае Шапіра.

 

11-гадовы Хаім пачаў вывучаць “расклад” нямецкіх ахоўнікаў. Адчапіў дрот, каб выбірацца з гета, і, калі немцы сыходзілі, здымаў жоўтыя зоркі і ішоў… Хадзіў у вёску, мяняў сабраныя роднымі рэчы на нейкія пажыткі ды прадукты. Ратавала Хаіма тое, што знешнасць у яго была не тыпова габрэйскай.

 

У гета сям’я Шапіра пражыла амаль год. Маці была краўчыхай, у яе былі кліенты. Адна яе сяброўка ўвесь час прыходзіла да агароджы гета. Пісала цыдулачку, заварочвала ў яе камень і перакідвала праз дрот. У лістападзе 1942 года яна кінула цыдулку: “Сара, я была на вечарыне, і адзін немец сказаў, што праз паўтара-два тыдні будуць знішчаць гета. Хай Хаім зойдзе да мяне, я яго завяду ў вёску”.

 

“Маці казала мне: тваё імя – Хаім, гэта значыць”жыццё”. Ты павінен, сынок, выратавацца і застацца жыць, – працягвае свае сумныя ўспаміны Хаім Шапіра. – Я пералез праз дрот, зняў зоркі і пайшоў да гэтай жанчыны. Яна мяне адправіла ў вёску Лапенкi да сваёй знаёмай. Я пабыў у яе тыдзень ці два. Пас кароў. А малодшы брат Абрам застаўся з маці”.

 

Гаспадыня дазваляла Хаiму спаць на сене ў хляве, дзе стаялі каровы, і забараняла кудысьцi выходзіць. Але габрэйскi хлопчык яе не паслухаў:

 

“Я па маме сумаваў. Бывала, казаў, што іду спаць, а сам ішоў у горад, пералазіў праз дрот, прабіраўся ў гета, глядзеў на маму, а да раніцы вяртаўся. Ноччу немцы ўвялі каменданцкую гадзіну і расстрэльвалі, калі хто выходзіў. Але я ўсе хады ведаў”.

 

У выніку гаспадыня яго выгнала, пры гэтым сказала, што назаўтра з гета ўсіх будуць вывозіць у Калбасiно і на станцыю Малкін – гэта разгрузачная станцыя за Беластокам, побач з канцлагерам Трэблінка.

 

“Што рабіць? Пайшоў я ўвечары ў гета, а яго ўжо ахоўвалі з сабакамі. Я не змог прайсці… Тады я зайшоў да аднаго гаспадара, прозвішча яго было Сiленевiч, мы з ім жылі раней у адным двары. У яго дзве дачкі былі – Геля і Ядзя, мы гулялі разам. Я папрасіўся пераначаваць. Ён сказаў: “Пабудзь у нас, а заўтра пойдзеш у гета”. А сам са сваёй жонкай пашаптаўся і пайшоў. Падыходзіць яго дачка Геля і кажа: “Хаiмку, не начуй у нас, цябе выдадуць, бацька ўжо пайшоў у гестапа”.

 

Я выйшаў з хаты, гаспадыня была ў двары. Сказаў, што пайду ў сад, а потым прыйду начаваць. А сам пералез праз плот. Недалёка быў драўляны дом, а наверсе – слыхавое акно. Мне важна было даведацца, пойдзе ён у гестапа ці не? Я сядзеў на гэтым даху і чуў, як пад’ехала машына, выйшлі немцы, падышлі да хаты. Чую, грукочуць. Пытаюцца: дзе габрэй? Той кажа, што быў дома. Апраўдваецца, значыць… Пахадзілі, ліхтарыкам пасвяцілi і з’ехалі…”

 

Раніцай Хаім пайшоў на Брыгіцкую – вуліцу, па якой з гета гналі калону. Людзі выйшлі на вуліцу, стаялі, развітваліся.

 

“Гляджу, іх гоняць. Ахова калоны наймацнейшая. Я стаяў у натоўпе і ўбачыў у калоне сваіх знаёмых. І мама там, здаецца, была… Разумееце, я ў гэтую калону хацеў увайсці! Але мне нехта са знаёмых падаў знак: не набліжацца.

Мне зрабілася дрэнна… Памятаю, зайшоў у пад’езд і страціў прытомнасць. Ачуняў – калоны ўжо не было…”

 

Тады ён бачыў маму ў апошні раз. Яна загінула разам з братам Абрамам. Загінулі і ўсе астатнія сваякі Хаіма.

 

Калі Хаім застаўся адзін, ён зразумеў, што з горада трэба выбірацца. Але куды? Ён успомніў, што, калі пас кароў, бачыў у лесе вёсачку – усяго некалькі дамоў. Дарогу ён ведаў, вёску знайшоў. Па дарозе прыдумаў “легенду”. У Гродне, у іх двары на Паштовай жыло шмат афіцэраў. Да косьцi з іх у госці прыехала сям’я афіцэра з Харкава. З іх хлопчыкам Хаім сябраваў. Прозвішча хлопчыка было Пятроў…

 

“Зайшоў у нейкі дом і сказаў, што я – з Харкава, сын камандзіра Чырвонай Арміі, эшалон разбамбілі, і цяпер я адзін у горадзе… Адтуль мяне адправілі ў іншы дом, дзе патрэбен быў пастушок. Бачу, жанчына стаіць каля дома. Пытаецца: куды ты, хлопчык, ідзеш? Чый будзеш? Я расказаў ёй тую ж гісторыю. Яна сказала: бедны хлопчык, ідзі да нас, мы табе дапаможам. Гэта былі Маркевічы – Міхаіл Мікалаевіч і Яніна. Вёска называлася Дуброва. Яны мяне прытулілі, у іх я прабыў да сакавіка 1943 года. Зіму перачакаў…”

 

Вясной у вёсцы гулялі вяселле. “Пайшоў я на вяселле паглядзець – і навошта мяне туды панесла? А да іх у госці хтосьці з горада прыехаў, мяне апазнаў: “Што вы гэтага жыдочка трымаеце? Яго трэба здаць!” І пайшоў да солтыса, гэта па-мясцоваму стараста, і сказаў: калі не здасце, скажу жандармам. А гэты солтыс вельмі сябраваў з маім гаспадаром. Я прыбег дадому, увесь дрыжучы. Гаспадару ўсё сказаў. Той завёў мяне ў хлеў, папрасіў распрануцца і сам упэўніўся… Ён сказаў, што калі раніцай прыйдуць паліцаі, расстраляюць і мяне, і ўсю вёску. Я сказаў, што пайду…”

 

Міхаіл Маркевіч падняў Хаіма зацемна, сказаў ісці да беларускіх вёсак. На ўсялякі выпадак даў пугу (нібыта карову страціў). Паказаў дарогу: калі дойдзеш, скажаш, сын афіцэра. Хаім адправіўся… Але выйшла зусім інакш:

 

“Калі я ішоў праз нейкую вёску, папрасіўся ў адзін дом. Гаспадар кажа: добра, пасядзі, я зараз прыйду. А я адразу зразумеў, што не да ладу нешта. Ён сышоў, гляджу раптам – ідзе з вінтоўкай. Паліцай! Кажа: паедзеш са мной. Ён паляк быў. Запрог павозку і адвёз мяне ў Гродна. Там гета ўжо не было. Тых, каго лавілі, адразу ў канцлагер адпраўлялі. Здаў мяне немцам, тыя мяне адразу – у вагон. Ім трэба было сабраць пэўную колькасць людзей – ці то ў печы, ці то на эксперыменты. Нас павезлі…”

За Беластокам выгналі ўсіх з вагонаў і сталі перасаджваць у іншы цягнік. Выратаваў цуд. Ішла жанчына, полька: “Я неяк падміргнуў ёй. Яна мяне пашкадавала – падбегла да паліцаяў, сказала, што я яе стрыечны брат. Крычыць: “Як ён сюды трапіў? Ён жа дзіця!” Яна схапіла мяне за руку, нашлепала па попе, лаялася: “Ты, сукін сын, дзе бадзяешся?” Потым адвяла далей і сказала: “Уцякай, хлопчык, і будзь здаровы!””

 

Хаім доўга ішоў па кірунку да Гродна. Прайшоў 200 кіламетраў. Але ў горад ісці пабаяўся, зноў пайшоў да тых самых вёсак.

 

“Быў ужо сакавік, я быў вельмі стомлены, галодны. Там былі нейкія адрыны, і я заснуў. Прыйшоў дзядок, разбудзіў мяне: “Адкуль, хлопчык, будзеш?” Адвёў мяне дадому і кажа: “Бабуля, я табе хлопчыка прывёў!” Сталі яны мяне выхоўваць…”

 

Вёска называлася Тужаўляны. Выратавальнікаў Хаіма клікалі Баляслаў Канстанцінавіч і Станіслава Канстанцінаўна Літвінчык.
Лёс Хаіма захоўваў. Ён кажа: “Бог на свеце сапраўды ёсць! Калі першы савецкі салдат увайшоў, я ўпаў на калені і дзякаваў яму…” 

 

Спачатку Хаім Шапіра быў “Пятроў”, потым стаў “Пятровіч” – так назваў яго дзядуля, на беларускі манер. Пасля вайны збіралася камісія – высвятлялі, якога года нараджэння, вызначалі, што дакументаў няма. Усё было прыдумана: Сяргей Мікалаевіч Пятровiч. Ён жыў у дзядулі да 1950 года.

 

“Тры гады я пісаў у “Яд ва-Шэм”. І, нарэшце, у 2002 годзе Баляславу Канстанцінавічу і Станіславе Канстаўцінаўне Літвінчык было прысвоена ганаровае званне “Праведнікі Свету”. Пасмяротна”.

 

Хаім Шапіра, перабраўшыся ў горад, вучыўся ў школе майстроў-будаўнікоў, потым скончыў Маскоўскі індустрыяльны тэхнікум. Працаваў, будаваў дамы. Ажаніўся, гадаваў дзяцей – і ўсё пад імем “Сяргей Мікалаевіч Пятровіч…”

 

Ён тлумачыць: “Пасля вайны была жудасная дыскрымінацыя мясцовых габрэяў. У Польшчы наогул пасля вайны забілі 10-11 тысяч габрэяў! Я ў вёсцы жыў – там, калі б даведаліся, што я габрэй, утапілі б дзе-небудзь. З якога боку ні глянь: калі быў у гета – значыць, шпіён. Як застаўся жывы? Усе баяліся…”

 

У канцы 1980-х гадоў Хаім пачаў пісаць у Беласток, у архіў, але адтуль – ніякага адказу. Паехаў у Польшчу сам. Нарэшце атрымаў пасведчанне аб нараджэнні.

А пасля рашэннем ​​народнага суддзi Кастрычніцкага раёна Гродна 6 снежня 1993 года было пастаноўлена, што Пятровіч Сяргей Мікалаевіч і Шапіра Хаім Саламонавіч – адна і тая ж асоба.

 

Мама дала яму імя “Хаім” – таму, лічыць Шапіра, ён і выжыў. Да гэтага часу ён памятае яе апошнія словы: “Ты павінен жыць, сынок!”