Байкі Януша Парулiса. Знаёмства з гарадзенскім чалавекам-легендай

“Твой Стыль” пачынае цыкл матэрыялаў “Байкі Януша Парулiса”. Сёння прапануем вам пазнаёміцца ​​з самім героем.

 

Нарадзіўся Януш у Гродне 23 мая 1943 года, у той час, калі горад быў заняты нямецкімі войскамі.

 

– Так атрымалася, што мая маці зацяжарыла ў 1942 годзе, падчас акупацыі. У 1943, калі пачалася бамбёжка Гродна, бомба зачапіла наш дом, дзе ў той момант знаходзілася мама. Ад удару яе адкінула на метра два наперад. У той момант і пачаліся заўчасныя роды. Завезлі яе ў бальніцу, дзе ўзялася прымаць роды нямецкая медсястра.


Аказалася, мама была цяжарная двума: брат Анджэй, пражыўшы тры месяцы, памёр. Я выкруціўся, хоць быў худы і хваравіты. Я нарадзіўся яшчэ пры акупацыі, а значыць, у Германіі. Але я не прэтэндую на іх падданства. Як гаворыцца, “дзе нарадзіўся, там і прыгадзіўся”, – распавядае ўладальнік унікальнага музея.

Януш хадзіў у 2 школу, у той будынак, дзе знаходзіцца цяперашні музей мёду і корпус аграрнага універсітэта. Будынак яшчэ адметны тым, што калісьцi там цэлае крыло займаў музей, прывезены Станіславам Жыўна. Але пасля вайны калекцыя часткова знікла.

 

– Мы заўсёды з пацанамі ўцякалі са школы, каб патусіць. Тусілі часта на нямецкiх могілках, якiя яшчэ ў той момант былi ў добрым стане. У той год, калі памёр Сталін (1953), мы з сябрамі не пайшлі на мітынг у школе, а пайшлі ў чарговы раз на могілкi. Сядзелі на адной магілцы і пачалі калупаць яе палкай. Раптам зусім выпадкова натыкнуліся на манеты. Іх было столькі, што мне прыйшлося кнігі даставаць з сумкі, каб забраць усё багацце.


Былі тады яшчэ малыя, таму панеслі гэта ўсё дабро ў школу, дзе пачалі ўсім раздаваць манеты. Дзеці з радасцю разбіралі і гулялі з імі. Адзін са знойдзеных талераў я занёс дадому, ён і да гэтага часу ў маёй калекцыі. Усе астатнія манеты пасля двухмесячных гульняў забраў фізрук і выкінуў усё ў рэчку, якую пасля пусцілі па трубах… – распавядае Януш пра першую сваю сустрэчу з даўніной, якая і паўплывала на яго далейшае хобі.

 

– Памятаю, іду з дзедам, а ён мне як дасць па карку, а я і не разумеў – чаму. Аказваецца, ён так вучыў мяне глядзець пад ногі. Біў тады, калі я не заўважаў тую ці іншую манету пад сваімі нагамі. З тых часоў усё, што звязана з даўніной, я нясу дахаты.


Уся наша сямейная калекцыя пачалася з-за дзеда. Ёсць фатаграфія, дзе ён трымае мяне на руках у пакоі, а там усё застаўлена старадаўнімі рэчамі. Дзед быў чалавекам пісьменным – скончыў рамеснае вучылішча. Дома было шмат розных кніг і часопісаў. Тэхнікі і рознага роду інструменты. Было б усяго больш, калі б брат палову не вывез ба на сметнік, – распавядае Парулiс.

 

Карані Януша – грэчаскія, польскія і нямецкія. У свой час яму пашчасціла адвучыцца ў марской школе, а пасля і зусім выйсці ў адкрытае мора на караблі, на якім ён працаваў. Пасля мора Парулiс вяртаецца ў Гродна, дзе хацеў паступіць у медыцынскі універсітэт, але з-за палітыкі дзяржавы (палякаў не браць) Януш не трапляе туды два гады запар. У выніку паступае на кіроўцу. Так і да пенсіі праездзіў пан Януш.

 

Зараз ён займаецца выключна сваім музеем, куды запрашае сваіх сяброў і знаёмых, студэнтаў і школьнікаў. Дзверы музея адчынены для ўсіх.

У наступным выпуску Януш Паруліс раскажа сваю першую цікавую гісторыю. Не прапусціце!