Беластоцкая палітэхніка адкрывае магістарскую праграму для беларусаў
На факультэце менеджменту Беластоцкай палітэхнікі адкрыецца магістраская спецыяльнасць “Менеджмент трансгранічнага гандлю”. Спецыяльнасць разлічана на абітурыентаў з вышэйшай або няскончанай вышэйшай адукацыяй. Паступаць могуць студэнты і выпускнікі эканамічных, юрыдычных, гістарычных спецыяльнасцяў, а таксама сацыёлагі. Прыем дакументаў пачнецца ад 1 кастрычніка і будзе доўжыцца да пачатку заняткаў 1 студзеня.
– Для нашага рэгіёна гэта спецыяльнасць цікавая і даўно запатрабаваная. Мы маем падобныя спецыяльнасці – “Міжнародныя адносіны” і “Міжнародныя эканамічныя адносіны”, але ў гандлёвых адносінах на мяжы ўвогуле і на мяжы паміж былымі савецкімі краінамі і Еўрасаюзам у прыватнасці ёсць пэўная спецыфіка, – расказвае Святлана Куль-Сяльверстава.
Польскія ВНУ распачалі барацьбу за гарадзенскіх абітурыентаў
Будучыя магістры будуць вывучаць комплекс дысцыплін, звязаных з функцыянаваннем мяжы і яе праходжаннем, візавым рэжымам. Асноўная частка прадметаў будзе выкладацца на рускай мове. Некаторыя курсы будуць весціся на польскай і англійскай, асобныя прадметы будуць факультатыўна выкладацца па-беларуску.
– Справа ў тым, што мы ведаем мову, заканадаўства і сітуацыю ў сваёй краіне. Але трансгранічны гандаль патрабуе ведаць і сітуацыю ў Еўропе. Новая спецыяльнасць дае магчымасць навучыцца, як працаваць у Еўрасаюзе і ўвогуле з замежнымі партнёрамі. Тое, што ўніверсітэт месціцца на тэрыторыі ЕС, дазволіць студэнтам практыкавацца ў еўрапейскіх фірмах, што немагчыма пры навучанні ў беларускіх ўніверсітэтах.
Паводле Святланы Куль-Сяльверставай, факультэт менеджмента Беластоцкай палітэхнікі мае шырокія дамовы з французскімі і кітайскімі універсітэтамі, ажыццяўляе абмен студэнтамі і выкладчыкамі. Па праграме Erasmus студэнты ездзілі ў Партугалію і іншыя краіны. Такім чынам, яны могуць пападарожнічаць па Еўропе і працаваць у еўрапейскіх фірмах.
Выкладаць на спецыяльнасці будуць высокакласныя спецыялісты, у большасці прафесары, з высокім еўрапейскім рэйтынгам. Навучанне на новай спецыяльнасці будзе доўжыцца два гады. Пасля абароны дысертацыі выпускнік атрымае дыплом магістра еўрапейскага ўзору. З улікам таго, што Беларусь прынялі ў Балонскі працэс, у нас дыплом таксама павінны прызнаць.
Прагназуюць, што гэтая спецыяльнасць наўрадці будзе спрыяць “вымыванню мазгоў” з Беларусі, бо яна запатрабавана менавіта ў нашым рэгіёне – на мяжы постсавецкіх краін і Еўразвязу. Магістры трансгранічнага гандлю змогуць працаваць менеджарамі ў фірмах, у гандлёвай адміністрацыі ці на мытні.
– На факультэце ў нас прыязная атмасфера, развіта студэнцкае самакіраванне. Да таго ж, Беласток падобны на Гродна, тут шмат этнічных беларусаў і нават беларускамоўных людзей. Таму культурны шок студэнту не пагражае. Ды і дадому можна ездзіць хоць кожны тыдзень, – расказвае Святлана Куль-Сяльверстава.
Кошт навучання на новай спецыяльнасці складае 2 тысячы еўра на год. Іх можа выплаціць у растэрміноўку. Кошт за магістарскую спецыяльнасць еўрапейскага ўзроўню з пашыранам вывучэннем польскай і англійскай моў не вельмі адрозніваецца ад коштаў у беларускіх універсітэтах. Усіх замежнікаў-магістраў забяспечваюць месцамі ў недарагіх студэнцкіх інтэрнатах ў Беластоку. Да таго ж, студэнтам дапамагаюць некалькі фондаў. Беластоцкая палітэхніка цесна супрацоўнічае з фондам “Акно на Усход”, што забяспечвае падтрымку ў атрыманні карты побыту і дае дадатковыя магчымасці атрымаць стыпендыю ці грант.
Святлана Куль-Сяльверстава называе яшчэ адну прычыну для беларусаў паступаць на новую спецыяльнасць:
– У Беларусі зараз дзейнічае каланіяльная палітыка – ідзе жорсткае скарачэнне вышэйшай адукацыі. Скарачаюць гуманітарныя спецыяльнасці, каб стала менш разумных людзей, бо цёмнай, неасветленай масай кіраваць лягчэй. Плакаць хочацца, калі глядзіш на Гродзенскі ўніверсітэт. Атрыманне адукацыі за бліжэйшай мяжой можа стаць альтэрнатывай і сапраўднай аддушынай для гарадзенцаў.
Таксама Куль-Сяльверстава кажа, што хоча стварыць на факультэце “маленькую выспачку беларушчыны”.
– Мы чакаем гарадзенца, беларуса. Інтэлігента, патрыёта, выхаванага чалавека, бо ён будзе прэзентаваць сябе і краіну. Менавіта такім, адкрытым на два вектары людзям, давядзецца будаваць новую Беларусь. Для іх мяжа – гэта не сцяна, а мост.
Беластоцкая палітэхніка існуе ўжо 60 гадоў. Летась дысертацыю, адпаведную беларускай доктарскай, там абараніў 21 чалавек. Факультэт менеджменту мае чатыры корпусы з сучасным абсталяваннем. Штогод сюды паступаюць і беларусы – каля 20 чалавек, пераважна гарадзенцаў, на некалькі соцень студэнтаў. Палохае беларускіх абітурыентаў неабходнасць здаваць матэматыку пры паступленні на ўсе спецыяльнасці і тое, што выкладанне вядзецца на польскай мове. Аднак на магістарскіх спецыяльнасцях умовы прыёму і навучання іншыя.
Больш інфармацыі пра паступленне можна будзе знайсці на сайце акадэміі ў верасні.