Гістарычныя аўторкі ў “Краме Ц”: Міхал Анемпадыстаў расказаў пра колеры Беларусі
Міхаіл Анемпадыстаў – дызайнер, графік, фатограф, паэт, перакладчык і публіцыст. Ён завітаў у Гродна, каб правесці лекцыю на тэму калырыстыкі.
– Існуюць вербальныя і невербальныя крыніцы, якія апісваюць эстэтычныя каштоўнасці беларусаў. Гэтыя ўпадабанні бяруць пачатак яшчэ ад паганскіх часоў. Лекцыя будзе пабудавана на маіх гіпотэзах, якія я магу аргументаваць, – пачаў сустрэчу Міхаіл.
Як з’яўляліся колеры
Грунтоўна ён паспеў расказаць пра трыяду колераў – чорны, чырвоны, белы. Закрануў увасабленне блакітнага, жоўтага і шэрага.
– У любой мове першыя два словы, якія з’яўляюцца для абазначэння колераў, – гэта белы і, як антыпод, чорны. Праз гэта праходзяць усе культуры. Але мы гэтую старажытную традыцыю захавалі праз чорна-белы арнамент, чорна-белы строй.
Потым у мовах, паводле Анемпадыстава, з’яўляецца чырвоны колер. На Беларусі ў строях зрэдку можна пабачыць спалучэнне чорнага і чырвонага. А вось спалучэнне белага і чырвонага, або белага, чырвонага і чорнага вельмі распаўсюджана. Што цікава, для Беларусі было больш характэрна наборнае ткацтва, чым вышыванка. Таму шмат арнаменту ці кветак на строі не было. Пра колеры строю і арнамент “Твой стыль” таксама пісаў.
Пасля чырвонага колеру з’яўляецца золата – ў каларыстычнай традыцыі гэты метал разглядаецца як колер. Наступным – сіне-блакітны – які ў еўрапейскіх мовах раней абазначаў таксама жоўты. Зялёны колер выкарыстоўваўся для абазначэння расліннасці ўвогуле. Важна ўзгадаць пра шэры колер, які з’яўляецца візітнай карткай Беларусі і мае ў нашай культуры выключна пазітыўную канатацыю.
Чорны і белы колеры
Чорны колер увасабляецца ў чорнай кераміцы, якая паўтарае антычныя формы і бярэ пачатак ад часоў неаліта. Некаторыя разглядаюць чорны колер у нашай культуры як след яцьвягаў (літ. jodas-wezas – “чорны рак”). Да таго ж, частка краіны раней мела назву “Чорная Русь”, а Навагрудак нават мае герб з выглядам чорнага анёла. Чорны фон таксама выкарыстоўваўся ў парадных рыцарскіх (так званых сармацкіх) партрэтах.
Для беларусаў сакральнай прасторай быў сад. Што тычыцца дрэваў, нашы продкі ўшаноўвалі садовыя дрэвы, якія цвілі белым колерам – вішню, грушу, яблыню, радзей – язмен. А вось бяроза нейкай сімвалічнай нагрузкі не несла.
Нельга не закрануць тэму льну – аднаго з сімвалай Беларусі. Насамрэч лен шэры, а белым ён робіцца праз шэраг аперацый па апрацоўцы. У паганскай традыцыі, дарэчы, белая тканіна выкарыстоўвалася таксама як жалобная.
Колеры ў кулінарыі
Расказаў Міхаіл і пра кулінарыю. Малако і малочныя прадукты былі вельмі важнымі для беларусаў. Нашы продкі рабілі клінковы сыр. Клалі тварог у мяшэчкі, і зашывалі іх. Гэтыя мяшэчкі, як і хлебную закваску, нельга было пазычаць ці аддаваць чужым. Перадаваліся яны толькі ад бабулі ўнучцы – праз пакаленне.
– Такім чынам, сыр і хлеб у кожнай сям’і меў свой непаўторны смак, бо ў кожным мяшэчку захоўвалася свая кісла-малочная бактэрыя. А сыр яшчэ меў непаўторны адбітак шва, па якім гаспадыня магла яго пазнаць.
Таксама падзеленымі на чорныя і белыя былі карняплоды. Чырвоны бурак быў сімвалам шляхецкасці, а боршч – сакральнай стравай.
Колеры ў мастацтве
Міхаіл расказаў пра Лявона Тарасевіча – мастака з Падляшша, майстра беларускага адражэння 80-х, які мае своеасаблівы стыль малявання. Адна з яго вядомых прац – “Зямля”. Тарасевіч прэтэндуе на славу Малевіча.
– Малевіч сваім “Чорным квадратам” паказаў, што спрасціў жывапіс. Квадрат – найпрасцейшая фігура, чорны – найпрасцейшы колер. Але Малевічу спатрэбіліся фарба, холст, паверхня, святло. А Тарасевіч на сваёй выставе выкарыстоўваў толькі лайтбокс ў выглядзе чорнага квадрата – яму спатрэбілася толькі святло. Ён спрасціў жывапіс яшчэ больш.
Чырвоны колер і мадэлі Беларусі
Што дзіўна, чырвоны колер нашы продкі асацыявалі з агнём, сонцам і крывёй. І гэта пры тым, што ні агонь, ні сонца не маюць чырвоных адценняў, а кроў ўвогуле была табуяваным паняццем. Затое жалеза пры каленні было менавіта чырвоным. Шмат пабудоў на Беларусі рабілася з чырвонай нетынкаванай цэглы. Чырвоная і калійная соль, а Беларусь – яе галоўны паўстаўшчык. Анемпадыстаў лічыць, што з яе можна рабіць сувеніры і нават зрабіць своеасаблівым сімвалам Беларусі. Таксама Міхаіл знайшоў іншую мадэль Беларусі – журавіны ў цукры.
– Калі паказваеш Беларусь замежніку – яна салодкая, бо ў цукры. А насамрэч – церпкая.
Міхал расказваў пра колеры ў геральдыцы. Часцей за ўсё ўжываліся тры колеры: чырвоны, блакітны, зялёны і два металы: срэбра (белы колер) і золата (жоўты), і таксама чорны, які за колер не лічыўся. На сцягу колер мог спалучацца з металам, а чорны колер – з усім. Сярэднявечныя беларускія сцягі і гербы былі пераважна чырвоных адценняў. Дарэчы, гістарычны беларускі бела-чырвоны-белы сцяг выглядае як сцяг Хрыстовы. Бо чырвоны і белы – колеры літургіі.
Чырвоны колер дабывалі з насякомага – інсекты. У залежнасці ад яе віду маглі атрымліваць розныя адценні чырвонага. Гэта насякомае жыло ў карэнні раслін і выпаўзала на паверхню зямлі ў чэрвені. Таму ёсць думка, што папараць-кветка, якую шукалі на павер’і на Купалле – гэта менавіта тыя самыя казуркі. А ў ХХ стагоддзі чырвоны колер набыў яшчэ і рэвалюцыйнае адценне.