Прагноз надвор’я на тыдзень: 13-19 ліпеня

|

13 ліпеня ў Гродне воблачнае надвор’е пратрымаецца ўвесь дзень. Без ападкаў.

 

Днём тэмпература паветра прагрэецца да +18°… +20°, вечарам крыху пахаладае – да +16°. Вецер паўночна-заходні і заходні, 3,6 м/с.

 

У гэты дзень нашы продкі прыслухоўваліся да зязюлі: калі яна працягвае кукаваць – лета будзе добрае і доўгае.

 

14 ліпеня. На працягу ўсяго дня будзе воблачнае надвор’е. Пасля поўдня прагназуецца дождж, які зацягнецца да вечара. Вецер заходні, 3-6 м/с.

 

Ноч: +15°… +14°

Раніца: +12°… +15°

Дзень: +18°… +20°

Вечар: +19°… +17°

 

14 ліпеня адзначаецца дзень памяці святых цудатворцаў Космы і Дзям’яна. У сялян у гэты час пачынаўся сенакос: “Кузьма і Дзям’ян прыйшлі – на пакос пайшлі”. Да гэтага часу паспявае маліна, першая гародніна. Нашы продкі на Кузьму і Дзям’яна варылі варэнне з агрэста. У ранейшыя часы заўважылі: добрае надвор’е 14 ліпеня абяцае добрае надвор’е 14 лістапада, а калі будзе дрэннае надвор’е ў гэты дзень, то і 14 лістапада нічога добрага не чакай.

 

15 ліпеня.  Воблачнае надвор’е пратрымаецца раніцай і днём, а да вечара неба праясніцца. Без ападкаў. Вецер заходні і паўночна-заходні, 4-6 м/с.

 

Ноч: +13°

Раніца: +14°

Дзень: +19°

Вечар: +17°

 

У ранейшыя часы ў гэты дзень было свята Берагіні. Берагіня шанавалася захавальніцай ад зла і абаронцай здароўя. Да гэтага часу паспявае ранняя вішня. Нашы продкі заўважылі: калі да 15 ліпеня на дрэвах з’явіцца першае жоўтае лісце – восень наступіць рана і зіма будзе ранняй. У перыяд з 15 па 20 ліпеня ў рэках і вадаёмах пачынае квітнець вада.

 

16 ліпеня.  Аблокі, якія з’явяцца на небе раніцай, пратрымаюцца амаль увесь дзень, толькі да вечара надвор’е праясніцца. Без ападкаў.  Вецер заходні, 4-6 м/с. Ціск на працягу дня: 752 мм.

 

Ноч: +12°

Раніца: +15°

Дзень: +21°

Вечар: +19°

 

У народзе гэты дзень называецца Макаў, і з ранейшых часоў лічыцца нешчаслівым. 16 ліпеня лепш быць асцярожным і не пачынаць ніякія справы. Да гэтага часу цалкам спее і лясная, і садовая суніца. У гэты дзень нашы продкі назіралі за камарамі і мошкамі: калі яны віюцца па колу, добрае надвор’е гарантаванае ў бліжэйшыя сем сутак.

 

17 ліпеня. Раніца чакаецца бясхмарнай, і амаль увесь дзень неба будзе заставацца ясным, толькі да вечара з’явяцца першыя хмары. Без ападкаў. Вецер заходні, 2-5 м/с. Ціск: 754 мм.

 

Ноч: +13°

Раніца: +17°

Дзень: +24°

Вечар: +21°

 

У ранейшыя часы глядзелі, ці няма жоўтага лісця на дрэвах, калі ёсць, то восень рана наступіць. Нашы продкі ў гэты дзень назіралі, як “гуляе месяц”. Калі ён бачны падчас узыхода, то здаецца, нібыта перабягае з месца на месца, змяняе свой колер і хаваецца ў аблоках. Такая “гульня” папярэднічае добраму ўраджаю.

 

18 ліпеня.  Ранішнія аблокі затрымаюцца да вечара, а потым павінны рассеяцца. Без ападкаў. Вецер паўднёва-заходні і заходні, 3-5 м/с.

 

Ноч: +15°

Раніца: +18°

Дзень: +30°

Вечар: +23°

 

У народзе ў гэты дзень адзначалі свята месяца. На Апанаса месяц працягвае гуляць, што прадвесціць добры ўраджай. Нашы продкі ў гэты дзень сачылі за аблокамі: калі на небе плывуць жоўтыя, нібы мёд, аблокі – да дажджу. З гэтай нагоды казалі: “З гнілога кута (паўднёва-захаду) прыгнала хмары – будзе дождж”.

 

19 ліпеня. Увесь дзень будзе воблачна, без ападкаў.

 

Ноч: +16°

Раніца: +16°

Дзень: +20°

Вечар: +17°

 

З ранейшых часоў дайшла традыцыя ў гэты дзень варыць варэнне з чорнай парэчкі. У народзе па гэтаму дню глядзелі, якой будзе восень. Калі 19 ліпеня дождж, то і восень будзе дажджлівай.