Незвычайны спорт: скокі з шастом
Скокі праз скакалку, у даўжыню, у вышыню, скокі ў ваду ці праз знакамітага “казла” – практыкаванні калі не звыклыя, то прынаймней, знаёмыя кожнаму і кожнай з нас. Большая частка рухомых гульняў патрабуе падскокаў, мы часам скачам ад радасці ці адскокваем “убок” са страху. Скокі ўключаны ў праграму алімпійскіх гульняў. Але і сярод класічных відаў спорту ёсць адметныя і незвычайныя. Сярод скокаў – гэта скокі з шастом – адзіны від, дзе спартовец карыстаецца адмысловаю прыладаю, каб узяць патрэбную вышыню.
“Для Беларусі гэта не вельмі распаўсюджаны від спорту, трэнераў па скоках з шастом на ўсю краіну не больш за дзесятак. Канечне, такім малым калектывам складана дабіцца святовага ўзроўню дасягненняў, але тым не менш, мы ўжо маем напрацаваныя традыцыі. У Беларусі нават ёсць чэмпіёны свету сярод мужчынаў па скоках з шастом.”
– кажа трэнер дзіцяча-юнацкай спартовай школы прафсаюзаў “Нёман” Юрый Кавальчук. З ім мы сустрэліся на стадыёне, дзе летам па 5-6 разоў на тыдзень трэніруецца яго група.
“Зараз на полі ў асноўным падлеткі па 15-18 гадоў, самая старэйшая ў групе – Ірына Якалцэвіч, яна толькі вянулася з чэмпіяната Еўропы сярод моладзі да 23 гадоў, што адбыўся ў Чэбаксарах. Знаяла там 4 месца”.
Ірына распавяла, што ўпершыню пабачыла скокі з шастом па тэлевізару, і папрасіла маму з татам аддаць яе ў такую секцыю. Зараз са сваіх 22 гадоў яна ўжо 8 займаецца скокамі з шастом. Найвышэйшае дасягненне спарцменкі – перамога ў чэмпіянаце Беларусі. Зараз Ірына майстар спору, у хуткім часе спадзяецца выканаць норму на званне майстра міжнароднага класа. Сёлета яна скончвала універсітэт, і да каманднага і моладзевага чемпіянатаў Еўропы рыхтавалася паралельна з падрыхтоўкай да абароны дыплома. “Мне вельмі важна, каб у мяне верылі – мая сям’я, сябры. А галоўная падтрымка – гэта мой тата”, – кажа яна.
Яшчэ адной адметнай рысай скокаў з шастом з’яўляецца тэхнічная складанасць іх выканання:
“Навучыць скакаць з шастом мы можам любога, але навучыцца сягаць высока можа далёка не кожны. Каб дабіцца адпаведных вынікаў, спартовец павінен быць і бегуном, і скакуном, і гімнастам, і акрабатам. А ў дадатак да таго яшчэ і бясстрашным чалавекам, каб адмыслова зрабіць усё на вышыні”, – зазначае Юрый.
На здымку: Ірына Якалцэвіч, Юрый Кавальчук, Вікторыя Плюшчэвіч і Кацярына Лабанава
Тое, што не абыйсціся без папярэдняй падрыхтоўкі, падцвярджаюць і спарцменкі: Вікторыя Плюшчэвіч распавяла, што да скокаў з шастом займалася скокамі ў вышыню, а Кацярына Лабанава – скокамі ў ваду.
“Канечне, заняткі спортам бяруць шмат часу, але можна так сябе арганізаваць, каб паспець усё”,- кажа Вікторыя. Гэтым летам яна скончыла медыцынскі коледж, здала дзяржаўныя экзамены. Зараз больш часу можна аддаваць трэніроўкам. І яна спадзяецца ў хуткім часе выканаць нарматыў на майстра спорту, да якога засталося зусім трошкі.
Кацярына Лабанава таксама студэнтка, рыхтуецца быць праграмістам. Яна кажа, што сумяшчаць спорт з навучаннем магчыма.
“У нас немагчыма толькі спалучэнне страху і выніку. Страх тармозіць і фізічна і псіхалагічна. А яго пераадоленне, якое і здараецца падчас скокаў з шастом, дае самае сапраўднае задавальненне жыццём”.