Беларускія гісторыкі стварылі ўласную “Гільдыю”

Новаствораная арганізацыя ўзнікла на аснове “Асацыяцыі вольных гісторыкаў”. Першы арганізацыйны сход, на якім былі прыняты Статут і Платформа гільдыі, адбыўся ў чэрвені.

 

Арганізацыя хоча аб’яднаць гісторыкаў з рознымі поглядамі і абараніць інтарэсы тых, хто знаходзіцца ў цяжкім становішчы. Таксама гільдыя плануе выдавецтва навуковай і папулярнай гістарычнай літаратуры. Гарадзенскі гісторык Вячаслаў Швед, чалец Рады новай арганізацыі кажа, што актыўную дзейнасць  “Гільдыя беларускіх гісторыкаў” распачне ў верасні.

 

Мы запыталіся ў гарадзенскіх гісторыкаў пра іх стаўленне да стварэння “Гільдыі” і намеры ўступіць ў арганізацыю: 

 

Андрэй Вашкевіч:

– Тая інфармацыя, якая сёння ёсць пра арганізацыю, не дазваляе зрабіць выснову наконт яе неабходнасці і  патрэбы для мяне  ўступаць. Я лічу, што ўсе фармальныя структуры – гэта перажыткі ранейшай эпохі, савецкага часу. Асноўны накірунак дзейнасці гісторыка – дзейнасць навуковая, і па меры магчымасці, адукацыйная. Наўрад ці ў арганізацыі атрымаецца замяніць ВНУ, калі нейкага выкладчыка звольнілі. Будуць справы – пабачым. Пакуль складана нешта каментаваць.
 

Святлана Куль-Сяльверстава (на здымку злева):

– Пра тое, што гільдыя ствараецца, я яшчэ не ведала. Калі запросяць – трэба пачытаць устаў, каб прыяднацца. Але навошта? Ёсць “Беларускае гістарычнае таварыства”, ёсць аб’яднанне гарадзенскіх гісторыкаў.

 

Таццяна Касатая:

– Мне незразумела, для каго менавіта ствараецца гільдыя – для гісторыкаў, каб яны рэалізаваліся як прафесіяналы, ці для беларускага грамадства, каб яно атрымоўвала прадукт гільдыі. А можа, і тое і другое. Але менавіта ад мэтавай аўдыторыі шмат залежыць.

 

Таму пакуль нічога не магу сказаць. Адно, што добра – гэта салідарнасць і падтрымка сувязі паміж гісторыкамі. Мне больш падабаецца сістэма школ, напрыклад, школа Аналаў у Францыі. Калі гісторыкаў, даследчыкаў аб’ядноўваюць агульныя метадалогіі, канцэпцыі, перыяд вывучэння. Гэта больш, на мой погляд, прадуктыўна.

 

Трэба сказаць, што некаторыя гісторыкі адмаўляліся каментаваць стварэнне арганізацыі ў звязку з адсутнасцю інфармацыі або “складанасцю сітуацыі”.