Гродзенскі драмтэатр рыхтуе новую прэм’еру

– Спектакль пра тое, што трэба жыць сённяшнім днем і атрымліваць ад жыцця асалоду. Калі закахаўся сёння, трэба праявіць пачуцці. У мінулае глядзець не трэба – яно цягне назад. У будучыню такім немаладым людзям, пра якіх п’еса, таксама глядзець не варта – невядома, што можа здарыцца, – расказвае Сяргей Курыленка, рэжысер-пастаноўшчык.

Пастаноўка расказвае пра трох сябровак, трох немаладых жанчын. Калісьці яны сябравалі сем’ямі. А калі іх мужы адыйшлі ў іншы свет, жанчыны пачалі ладзіць штомесячныя дзявочнікі на могілках. Да смерці мыжчын жанчыны паставіліся па-рознаму. Адна не можа ўявіць сваё жыццё без мужа, а іншыя спадзяваюцца сустрэць каханне і пражыць рэшту жыцця ў радасці. Паводле рэжысера, у п’есе добра спалучаюцца смутак і гумар.

 

У дэкарацыях шмат карцін восеньскай прыроды, дзе восень сімвалізуе ўзрост. 

 

Дзеянні п’есы адбываюцца у Амерыцы, таму касцюмы ў актораў адпаведныя.

 

З нагоды таго, што героі пастаноўкі –  людзі ва ўзросце, у спектаклі заняты акторы старэйшага пакалання. Адзіную мужчынскую ролю атрымаў заслужаны артыст Беларусі Мікалай Емельянаў. Галоўную жаночую ролю выконвае Святлана Марэцкая. Яна расказала пра сваю гераіню:

 

– Я люблю яе. Мая гераіня кранальная, яна здольная на новыя пачуцці, на любоў. Яна кахае мужчын, любіць унукаў і сябровак, шануе памяць пра мужа. Я камфортна сябе адчуваю ў гэтай ролі. Думаю, іншыя акторкі таксама.

 

Акторка лічыць, што сітуацыя, якая апісваецца ў п’есе, цалкам тыповая, і можа быць цікавай для вялікай часткі мэтавай аўдыторыі тэатра – жанчын ад 45 і вышэй. 

 

– Калі жанчыне за 55 гадоў, яе дзеці і ўнукі выраслі, яна прадстаўлена сама сабе. Гэта праблема ўсіх жанчын, асабліва ў нашай краіне. Думаю, гэтая цёплая гісторыя будзе даваць ім надзею. 

 

Ці  зацікавіць пастаноўка  студэнтаў і моладзь? Пра гэта разважала Вольга Шчарбінская, мастак-пастаноўшчык спектакля. Яна зазначыла, што гісторыі кахання ўвогуле блізкія і зразумелыя ўсім. А моладзь, якая завітае на спектакль, можа падумаць пра лёсы сваіх мам і іх жыццё.