Беларускія ўлады забаранілі праводзіць у Гродне канцэрт гурта Lombard – легенды польскага року

|

“Упершыню мы выбраліся ў Гродна ў 2008 годзе, каб па запрашэнні консульства зайграць для Саюза палякаў, – узгадвае вакалістка гурта Марта Цугер. – Беларускія ўлады рабілі ўсё, каб канцэрт не адбыўся, не было вольнай залы, магчымасці арэндаваць апаратуру. Візы атрымалі цудам”. Спявачка параўноўвае падарожжа ў Беларусь з машынай часу, якая перанесла іх назад у часы рэальнага сацыялізму.

 

Як узгадваюць музыкі, канцэрт, што адбыўся ў дворыку будынку па вуліцы Будзёнага, 48а, здымалі шматлікія супрацоўнікі спецслужбаў. На бубнача тады ледзь не ўпала вакно з трэцяга паверху неадрамантаванай яшчэ часткі будынка і гурт падумаў, што гэта не выпадковасць.

Канцэрт у Гродне ў 2008 годзе

 

Канцэр сабраў тады мноства людзей. “Калі над галовамі луналі бела-чырвоныя польскія сцягі, мы са слязмі на вачах спявалі „Przeżyj to sam” або „Mury” Яцка Качмарскага, спадзяючыся, што хутка гэтых муроў ужо не будзе. Мурашкі прайшлі па скуры, калі хтосьці з натоўпу выцягнуў бел-чырвона-белы гістарычны сцяг вольнай Беларусі”, – піша Марта.

 

Гурт з’ехаў адразу пасля канцэрту, адчуваючы пагрозлівую атмасферу. Пасля іх ад’езду пачаліся праблемы ў актывістаў Саюзу палякаў, усё скончылася судом і штрафам для Анжалікі Борыс за арганізацыю нелегальнага канцэрту.

 

Праз сем год тая самая Анжаліка Борыс запрасіла гурт на святкаванне чарговай гадавіны стварэння арганізацыі. Як піша Марта, арганізатары чарговага канцэрту спадзяваліся на перадвыбарчую адлігу ў Беларусі. Па ўмовах, якія паставілі ўлады, канцэрту мусіў быць сумесным з беларускімі ці расійскімі гуртамі. Але на днях консульства атрымала новае рашэнне, у якім канцэрт не дазваляецца.

 

Гурт расчараваны і абураны. Музыкі плануюць бліжэйшым часам даць у Польшчы канцэрт салідарнасці з палякамі ў Беларусі, а свой выступ 29 жніўня на святкаванні 35-й гадавіны паўстання прафсаюза “Салідарнасць” у Гданьску таксама прысвяціць беларускім палякам.