Забыць нельга, знайсці. Частка першая: невядомы сямейны архіў

Чые фатаздымкі?


Пра   знос старога дома па вуліцы Антонава 10 яго  жыхарам паведамілі загадзя.  Людзям далі кватэры ў новабудоўлях, а стары дом ішоў пад разбурэнне. Перад высяленнем жыхары, разбіраючы рэчы ў падвале, выпадкова выявілі там падвойную сцяну, за каторай знайшлі стары сямейны альбом з фотоздымкамі.

Хто і калі жыў у гэтым доме да іх, людзі не ведалі, бо самі  пасяліліся тут толькі  ў 1960 годзе. Каб адшукаць сваякоў былых гаспадароў, гарадзенцы звярнуліся да “Твайго стылю”.  Не так даўно мы публікавалі вынікі падобных даследванняў пра габрэйскі футбол і пра футбаліста, які эміграваў у Штаты, таму чытачы разлічвалі на дапамогу выдання, бо ведалі пра той досвед.

Пачынаем!

Гэтым разам сітуацыя ўяўлялася больш складанай: мы не ведалі нават, каго трэба шукаць. Так што “капаць” прышлося глыбока. З паўсотні фотаздымкаў падпісанымі аказалася  толькі 5 штук. Нешта на мове ідыш, нешта на польскай мове.

align=”” width=”515″ height=”386″ > 
Вядома толькі, што да вайны ў доме, на месцы якога зараз пабудавана гасцініца “Семашко”, жылі габрэі. Пад час вайны яго жыхары былі выселены ў гета. Ёсць верагоднасць, што перад тым, як сыходзіць з хаты, жыхары схавалі сямейную рэліквію ў падвале. На жаль, ім не давялося вярнуцца. З 30 000 габрэйскага насельніцтва горада выжыць удалося толькі 180 чалавекам.

 

Усе знойдзеныя фотаздымкі ў добрым стане, апошні з іх  датуецца 1938 годам.

 

Ёсць у альбоме і вялікая колькасць падараваных фотаздымкаў – са Штатаў  і з гарадоў Польшчы. Першае прозвішча, якое нам трапілася было A. Altspector. На адным здымку быў пазначаны адрас у Варшаве: вуліца Drelna 4-10. 

Трэба было праверыць, ці ёсць вуліца з такой назвай ў Варшаве зараз. Наш калега Зміцер з радасцю вырашыў нам дапамагчы: 

– У Варшаве няма вулiцы Дрэльнай і не было, затое ёсць Дзельна. Дом пад такім адрасам існуе, ён знаходзіцца ў месцы, дзе ў часы Другой Сусветнай вайны было гета. Гэтая частка гораду была практычна поўнасцю зруйнаваная немцамі і саветамі. Дом па вуліцы Дзельна, 4, падобна – ужо пасляваенны, хоць і стары.


У кватэры 10 жывуць дзве сястры, пажылыя жанчыны. Яны не захацелі адчыняць дзевры, размаўлялі праз дамафон. Кажуць, што жывуць там не так даўно і папярэдніх гаспадароў не ведаюць. Увогуле напалохаліся, відаць, падумалі, што я які-небудзь махляр, што хоча хітрасцю пранікнуць у дом. Гразіліся вызваць паліцыю. Яшчэ я размаўляў з іншым жыхаром гэтага дома, але ён таксама купіў кватэру некалькі гадоў таму і нічога пра гісторыю дома не ведае. Пакінуў яму візітку, на выпадак, калі раптам што ўзгадае ці даведаецца. На наступным тыдні, я схажу ў арганізацыю кшталту нашага ЖЭСа і паспрабаю даведацца, хто там раней жыў і якога году пабудовы гэты дом.

Пакуль Зміцер разбіраецца з ЖЭСам, нам удалося высветліць прозвішча  яшчэ аднаго чалавека, і ёсць верагоднасць таго, што менавіта ён акажацца  ўладальнікам знойдзеных здымкаў.

 

Але пра гэта і пра многае іншае мы раскажам у наступным выпуску.