“328 – гэта не проста лічбы.” Бацькі асуджаных за наркотыкі аб’ядноўваюцца ў арганізацыю
На сустрэчу некаторыя жанчыны прыйшлі разам з мужамі. Гісторыі сем’яў, якіх аб’яднала адно гора, запісаў карэспандэнт “Твайго стылю”.
“Бабуля не ведае, што яе ўнук у турме, яна думае, ён у Швецыі”
– Нашым дзецям вынеслі несправядлівыя прысуды, так і мой сын трапіў пад максімальны тэрмін, – распавядае Валянціна Пятроўна.
align=”” width=”515″ height=”386″ >
– Я не адмаўляю таго, што ён быў замяшаны ў справах з наркотыкамі. Але каб выпытаць ўсю інфармацыю сына збівалі, на сведак давілі.
Сябры сына прыйшлі да мяне, сталі на калені і сказалі: “На нас давяць, нас прымушаюць ўсё гэта казаць. На судзе мы скажам праўду!”. На судзе нават ніхто не прыслухаўся да меркавання сведак, ужо было даўно ўсё вырашана – сыну далі 8 гадоў.
Я лічу, што майму дзіцяці вынеслі несправядлівы прысуд, бо на сведак давiлі i прымушалі іх казаць няпраўду. Мы пісалі ва ўсе магчымыя інстанцыі і нават самому прэзідэнту, але ўсюды было сказана, што суд прыняў правільнае рашэнне. Мы ж жывём у прыгожай і квітнеючай дзяржаве, але нам затыкаюць рот.
Я не ведаю, што казаць бабулі, якая даўно не бачыла ўнука. Для яе пакуль любімы ўнучак у Швецыі на заробках. Мы будзем дамагацца таго, каб справу пераглядзелі. Мой сын не адзін такі, і мы не адны такія.
11 гадоў за захоўванне і збыт наркотыкаў
– Натуральна, дзяржава павінна змагацца з наркаманіяй, але таксама яна павінна дапамагаць бацькам, выцягваць дзяцей з гэтай праблемы. У 16-18 гадоў падлеткі яшчэ не ўсведамляюць многія свае дзеянні. Але гэта не значыць што іх трэба саджаць на максімальны тэрмін.
Майму сыну далі 11 гадоў за захоўванне і збыт. Пры ператрусе усіх збілі, а майму сыну наогул дасталася чыгуннай патэльняй. У справе гэтага не ўлічылі.
Сына падставілі, спачатку сказалі казаць адно, а потым іншае. Сведкі блыталіся і падманвалі. Усіх сапраўды датычных да справы прыкрываюць, а мой сын атрымаў 11 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Кім ён выйдзе? Мы пішам ва ўсе інстанцыі, але пакуль без вынікаў. Мы будзем далей змагацца за скарачэнне тэрміна нашаму сыну, – эмацыйна кажа адна з жанчын, якая прыехала з Ліды.
“Мой сын наркаман”
– Мой сын наркаман, ён асуджаны на 10 гадоў. Ён быў залежны ад наркотыкаў і стаяў на ўліку. У такім становішчы на працу не ўладкавацца. Ён вар’яцеў, бо дзверы ўсюды былі зачыненыя. У выніку трапіўся з наркотыкамі – атрымаў 10 гадоў. Такіх людзей трэба лячыць, а не саджаць на такія вялікія тэрміны. Кім ён будзе пасля турмы? – з роспачу ў голасе пытае адна з прысутных.
“Мы нясем пакаранне разам з імі”
– Мы згодныя, што нашы дзеці трапілі ў турму за наркотыкі, але галоўнае не загубіць іх, а лячыць. У супрацоўнікаў ёсць план, вось яны і прытрымліваюцца яго. Трэба пасадзіць 10 чалавек – пасадзяць.
У бацькоў таксама спыняецца жыццё, калі дзіцяці адпраўляюць за краты. Хто вернецца дадому? Спакойны чалавек у клетцы стане агрэсарам. Што 17-ці і 180-цігадоваму хлопцу рабіць у турме? Іх трэба лячыць і перавучваць.
Сын расказваў, што за месяц атрымлівае ўсяго 20 тысяч рублёў, хоць працуе практычна кожны дзень. Гэта ў яго яшчэ добрая зарплата. Некаторым прыходзіцца 3 месяцы збіраць грошы, каб купіць адну халву. Дзецям трэба даваць шанец выправіцца, каб яны выйшлі на волю і прыносілі карысць краіне, у якой жывуць.
А што мой сын? Ён толькі-толькі трапіў у турму, а на працы яму станком адрэзала некалькі пальцаў. Іх прышылі неяк, але дзіця стаў інвалідам. Кім ён будзе калі выйдзе? – гэта пытанне непакоіла практычна ўсіх, хто прамаўляў на сустрэчы.
“Мама, у турме ўсе кажуць пра наркотыкі”
– Мы адбываем тэрмін разам са сваімі дзецьмі. Трэба iм даваць шанец. Хто хоча, той выправіцца. Калі не, калі пападаецца другі раз – то хай і 20 гадоў даюць.
Не так даўно Аляксандр Лукашэнка сказаў: “Зробім ім такі рэжым, каб яны, седзячы ў гэтай калоніі, смерці прасілі”. Так адзін хлопец і павесіўся ў прыбіральні, хоць яму заставалася некалькi месяцаў на канца тэрміну. Проста ён не вытрымаў.
Майму сыну сказаў адзін афіцэр: “Калі ты не прызнаешся, я табе даю слова, што пасаджу. Слова афіцэра!” Сын прызнаўся, а той самы афіцэр на судзе сказаў, што падобных слоў ён не казаў. Што робіць дзяржава са сваімі грамадзянамі?
Кім мой сын выйдзе? Яму ўсяго толькі 17 гадоў. Я была нядаўна ў яго, так ён распавёў, што ўжо ведае як мак варыць. Распавёў, што ў турме усе кажуць пра наркотыкі і злачынствы. Атрымліваецца, сын выйдзе цяпер дасведчаным “баронам”? – кажа яшчэ адна жанчына.
“Калі нявінным даюць вялікія тэрміны, сапраўдныя наркадылеры сядзяць на волі і посцяць свае фота ў сацыяльных сетках…”
Некалькі гадзін бацькі распавядалі гісторыі сваіх дзяцей, пры гэтым часта не маглі стрымаць слёз. Абмяркоўвалі ўсе магчымыя спосабы абскардзіць рашэнне суддзі. На сустрэчы прысутнічалі праваабаронцы, якія адразу адказвалі на ўзнікаючыя пытанні і давалі каштоўныя парады.
Самыя актыўныя маці адразу на сустрэчы аб’ядналіся ў аргкамітэт па стварэнню арганізацыі, у якую ўвойдуць бацькі несправядліва, на іх думку, асуджаных маладых людзей. Галоўнае, што цяпер яны не адны, ёсць людзі, якія ведаюць пра гэту праблему і хочуць дапамагчы ім.