Забыць нельга, знайсці. Частка другая: Хто такi Канчук?
Пераклад з ідыша
З вялікай колькасці знойдзеных фотаздымкаў было толькі 5 выразна падпісаных. Калі з польскай мовай мы разабраліся і атрымалі Алтспектара з Варшавы, то з ідыш пачаліся праблемы. Адзіны, хто ў горадзе добра ведае гэтую мову, – габрэйскі равін Iцхак Кофман. Мы сустрэліся з ім у сінагозе, і ён з вялікім задавальненнем дапамог нам.
– Бывае, людзі прыносяць старыя яўрэйскія рэчы, якія знаходзяць у дамах і падвалах горада. Да нас яны ідуць з упэўненасцю, што атрымаюць з гэтага вялікія грошы. Але часта прыносяць тыя рэчы, якія не маюць каштоўнасці. Напрыклад, дзіцячая яўрэйская кніжка, якая датуецца 1930 годам. Мы гатовыя былі яе набыць, але так званыя ўладальнікі паставілі нерэальны кошт. Наогул, гарадзенцы павінны бясплатна прыносіць знойдзеныя яўрэйскія рэчы. Бо ўсе разам мы ствараем музей памяці яўрэяў Гарадзеншчыны. – распавёў Іцхак.
Пасля доўгага перакладу першага здымка мы атрымалі прозвішча і імя чалавека, якому былі адрасаваныя фатаграфіі. Iм з’яўляецца чалавек па прозвішчу Канчук, у другім выпадку Каiнчук. Адпраўніком з’яўляўся Абраам Вазвоцкi. Здымак зроблены ў 1924 годзе ў Гродне з подпісам “На памяць для сябра З. Канчука“.
Другі здымак быў падпісаны для Каiнчука Меiла Вольфа. Фатаграфія была зроблена ў 1929 годзе з подпісам: “Каiнчук Меiл Вольф, мой сябар, на вечную памяць табе… Помні аб нашым сяброўстве ў самы цяжкі час.”
Верагодна, той самы атрымальнік Вольф і памятаў аб сяброўстве. Але хутчэй за ўсё ён трапіў у гета i там бясследна знік. На трэцім здымку знаходзіцца некалькі мужчын габрэйскай будаўнічай арганізацыі. Подпіс: Ц.Папiровiч – старшыня арганізацыі, Д.Н. Каплан – фінансіст, Вазвоцкi – сакратар.
Хто ўсе гэтыя людзі?
На двух здымках мы атрымалі прозвішча Канчук (Каiнчук). У першым выпадку было адрасавана З. Канчуку. У другім выпадку Меiлу Вольфу Каiнчуку. Магчыма, гэтыя здымкі былі адрасаваныя аднаму чалавеку, але ёсць верагоднасць таго, што двум розным людзям (бацьку ці брату). У хуткім часе мы ўсё гэта праверым.
Абраам Вазвоцкi сустракаецца на двух падпісаных здымках. Мабыць, гэты малады чалавек сябар ці брат нашых Канчукоў.
Са з’яўленнем новых прозвішчаў ўжо больш шанцаў знайсці нейкую зачэпку. Нам удалося даведацца прозвішча чалавека, якому слалі фатаграфіі. Ім стаў Канчук або Каiнчук. Наступны наш крок – пошук гэтага прозвішча ў гарадзенскіх архівах і іншых крыніцах, а таксама пошук як мага больш інфармацыі пра дом, дзе жылі ўладальнікі фатаграфій. Працяг будзе зусім хутка.